Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
У скверы я адшукаў лаўку і бавіў на ёй час – праседжваў на ёй гадзіны. Грошы мае заканчваліся, ад гасцініцы прыйшлося адмовіцца, заставалася толькі на некалькі абедаў у таннай сталоўцы.
Калі да мяне падсеў незнаёмец, я і не заўважыў – драмаў, апусціўшы галаву на грудзі. Адчуў толькі яго прысутнасць. І пасля гэтага не паварочваў да яго галавы – мяне не цікавіла, хто сеў побач…
– Саямам мяне маці назвала, – загаварыў першым сусед па лаўцы, не гледзячы на мяне, а некуды ўдалеч, у бясконцы акіян. – А цябе Антон сан, ці не так?
Я нічога не адказаў, але павярнуўся на яго голас. Адразу вызначыў, што ён быў родам з краіны Узыходзячага Сонца. Але ўжо здзіўлена глядзеў на яго, не могучы зразумець, што ён хоча ад мяне. Было жаданне, каб ён як мага хутчэй адчапіўся ад мяне, пакінуў аднаго…
– Плаваць хоцацца, а цябе не бяруць на борт, ці не так, Антон сан?
– Так. Адкуль ведаеш?
Саяма загадкава ўсміхнуўся.
– Прыходзь заўтра на гэтае месца. У такі ж час. Заўтра зоркі павернуцца па іншаму. Таму ўсё будзе добра.
Так я яму і паверыў. Не на дурня напаў. Вучоны ўжо. Колькі разоў абдурвалі людзі, прыкідваючыся дабрадзеямі, абяцалі залатыя горы, а калі я даваў грошы ў рукі, іх і след прападаў…
Я прыйшоў на ранейшае месца. Але не з-за таго, што мне прызначыў час Саяма, проста я ўжо амаль месяц прыходжу да лаўкі, сядаю і чакаю, калі мяне паклічуць начальнікі – ім добра відаць з акна, што я штодзённа стаю на варце…
Ён, той, што набіваўся ў мае знаёмыя, ужо сядзеў на лаўцы, як чакаў мяне. У мяне было такое ўражанне, што ён і не знікаў нікуды, знаходзіўся тут увесь час…
Мы павіталіся, і першым маім пытаннем было:
– Адкуль ты ведаш маё імя?
– То ёсць вялікі-вялікі сакрэт. Бо я ёсць вялікі-вялікі чараўнік. Я магу сказаць, як завуць тваіх бацькоў, брата, каханую жанчыну…
– Скажы, – захацелася праверыць яго.
– Маці – Ганна, бацька Мікола, брат – Міколка, а сэрца твайго суцяшэння – Яніна…
Мне прыйшлося толькі падзівіцца:
– Усё так, Саяма сан. Сапраўды – ты чараўнік.
Ён павёў мяне на прычал. Той чалавек, які адмаўляў мне і не глядзеў мне ў вочы, радасна заўсміхаўся, нахіліўся ў нізкім паклоне, запрасіў нават сесці.
Гаварыў Саяма. Тлумачыў. Начальнік – у фуражцы з бліскучай чэшкай – ківаў згодна галавой. Потым падаў нам дзве блакітныя паперчыны з круглай пячаткай унізе.
– Кантракт на паўгода. Аплата нармальная. Мы будзем з табою разам плаваць. Ты не супраць, Антон сан?
Я абрадаваўся, што буду не адзін, а са сваім новым спадарожнікам-прыхільнікам, які можа калі-небудзь стане маім сябрам.
Нам нават выдалі аванс. І сказалі, што мы павінны прыбыць на сейнер праз чатыры дні.
Саяма па маіх вачах бачыў: я – шчаслівы, але не імкнуўся, каб аддзячыць яму. Я адчуваў тую неабходнасць, нават нешта і падказвала тое зрабіць, але чамусьці не хацеў…
3.
Каманда на сейнеры падабралася ніштаватая. Розныя людзі, розныя абліччы. Па камандзе можна было вызначыць, колькі нацый існуе на свеце. Ад кожнай краіны, мусіць, было па адной душы. Можа я адзін і быў са сваёй Ліцвініі – адзін аднаго мы не ведалі…
Капітан – вёрткі і строгі чалавек, з завязанымі на патыліцы валасамі, – пры першым зборы абвясціў, што любіць і патрабуе поўнага падпарадкавання яго волі, не любіць і не церпіць непаслухмянства, і за тое можа быць самае строгае пакаранне.
– Усё будзе харасё! – шапнуў на вуха Саяма. – А капітан чалавек хоць і строгі, але ж справядлівы.
Я пагадзіўся.І тыдзень, і два, і тры мы былі ў адкрытым акіяне. І месяц, і два, і тры мы амаль круглыя суткі ганяліся за касякамі рэдкай рыбы, якую потым капітан прадасць па вельмі высокай цане.
Капітан звязваўся тады па радыётэлефоне з берагам, і да нас падплывала вялізная субмарына, на якую мы перагружалі злоўленую рыбу. Кожнаму з нас рэгулярна выдаваліся чэкі на атрыманне на беразе ў банку заробленую валюту. Лічба расла і расла. Мне не верылася ў тое.
На “Чорнай пантэры” не было ні жанчын, ні спіртнога.
Здараліся сваркі, але да бойкі не даходзіла…
Аднаму бамбізе Саяма ў нечым не саступіў, і той замахнуўся, трымаючы гантэлю ў руцэ. Здавалася, Саяма нічога не рабіў, каб адвесці
бяду, нават не сагнуўся, не адышоў хаця б на крок, – але зласлівец раптоўна закрычаў, вырачыўшы вочы – і рука стала безжыццёвай і бязвольнай, выпусціла гантэлю – і яна бразнулася яму на нагу… Ён яшчэ мацней закрычаў ад невыноснага болю.Мусіць жа, затаіў бамбіза на японца зло.