Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 150
Перейти на страницу:

– Якая жменя заможнага й годнага народу на шляхох не пашкодзіць, – Ячман пахітаў галавою. – Але ж набрыдзі й шалбераў до. I чужынцаў у Прыгор'і нам ня трэба, дый побач з Прыгор'ем таксама. Трэба, каб нас пакінулі ў спакоі. Я не хацеў бы натоўп прышлых проста пад вокнамі, каб бадзяліся туды й сюды ды псавалі дзікую зямлю ў навакольлі.

– Вашы краі пакінуць у спакоі, Ячмане, – суцешыў Гэндальф. – Паміж Ізенам і Шэраводзьдзем на каралеўствы месца хопіць, ды на ўзьбярэжжах на поўдзень ад Бранявіну, і ўсё адно ніводнага жытла ня будзе на шмат дзён язды ад Прыгор'я. Шмат народу колісь жыло за сотню вёрстаў адсюль на Поўначы, на дальнім канцы Травашляху: на Паўночным узгор'і ці ля возера Сутонь.

– Ля Мерцьвяковых валоў? – Масьляк зірнуў зь яшчэ большым сумневам. – Кажуць, там ліха, на той зямлі, прывіды ўсялякія. Толькі рабаўнікі туды й ходзяць.

– Сьледапыты ходзяць, – сказаў Гэндафльф. – Мерцьвяковыя валы, ты кажаш. Так звалі гэтае месца цягам доўгіх гадоў, але ж сапраўдны назоў яго Форнаст Эрайн, Паўночны горад каралёў. Кароль калі-небудзь вернецца туды, і шмат шляхетнага народу езьдзіцьме побач з тваім шынком.

– Ну, тое гучыць спадзеўна, насамрэч, – пагадзіўся Масьляк. – І для справаў карысна, няйначай. Вядома, калі той кароль пакіне ў спакоі Прыгор'е.

– Пакіне, – запэўніў Гэндальф. – Бо ён ведае Прыгор'е й любіць.

– Вось як? – зьдзівіўся шынкар. – А я ж пэўны: ну адкуль яму ведаць, седзячы на стальцы ў сваім вялізным замку за сотні вёрстаў адсюль. і віно п'ючы з залатога, няйначай, куфля. Што яму "Конік" альбо куфаль піва? Ня тое каб маё піва было благое, пане Гэндальфе. Яно надзвычай добрае з таго часу, як вы ўвосень зьявіліся й яго добраславілі. Ну, ня ўсё ж бяда сярод бяды, як кажуць.

– Але! – пацьвердзіў Сэм. – А ён заўжды казаў, што пітво ў цябе файнае.

– Ён так казаў?

– Вядома ж, казаў. Бо ён жа Швэндал. Правадыр сьледапытаў. Ты яшчэ таго ня ўцяміў, га?

Нарэшце да шынкара дайшло, і ягоны шырокі твар зрабіўся ну проста ўзорам, каб вывучаць зьдзіўленьне па-прыгорску. Вочы пакруглелі, рот шырока разявіўся. Ячман вохнуў. А калі зноўку здолеў дыхнуць, выгукнуў:

– Швэндал?! Гэна ён з каронаю й залатым куфлем дый усялякім накшталт таго? Ну, і куды ж мы ляцім?

– Да лепшых часоў, для Прыгор'я ва ўсялякім выпадку, – заўважыў Г эндальф.

– Спадзяюся, так і будзе, – падсумаваў Масьляк. – Ну, прыемнейшай гаворкі ня меў за сто гадоў. Ня буду хаваць: спацьму сёньня спакойна, і на сэрцы лягчэй. Безьліч навінаў для разваг, але тое адкладу да раніцы. А зараз спаць, і вы, без сумневу, таксама радыя да ложкаў дабрацца. Гэй, Нобе! – паклікаў, падышоўшы да дзьвярэй. – Нобе, ты, непаварацень!

– Ноб! – гукнуў яшчэ раз, пляснуўшы далоньню па лобе. – А што ж гэта мне нагадвае?

– Спадзяюся, не яшчэ адзін ліст, на які вы забыліся, спадару Масьляку? – пацікавіўся Мэры.

– Не, пане Мэры, не нагадвайце мне пра тое цяпер. Усё ж такі вашаць мне думкі перабіў. Дзе ж гэта я? Ноб, стойла... га, вось яно! Калі памятаеце Біла Бур'яка й зьнікненьне конікаў, ну дык вось, поні, якога вашаць у яго набыў, тутака. Сам па сабе вярнуўся. А дзе ён бадзяўся, дык вам, напэўна, лепей за мяне ведаць. Патлаты й падраны, бы стары сабака, худы, што шкілет, аднак жывы. Ноб яго дагледзеў.

– Што? Мой Біл? – выгукнуў Сэм. – Ну, шанцунком я нарадзіўся, што ні казаў бы мой стары. Яшчэ адно маё жаданьне спраўдзілася! Дзе ж ён?

Сэм ня лёг у ложак, не наведаўшы Біла ў стойле.

Наступным днём вандроўнікі засталіся ў Прыгор'і, і спадару Масьляку не было нагоды скардзіцца на справы – той вечарынаю ва ўсялякім разе. Цікавасьць перамагла ўсе страхі, і ў "Коніку" сабраўся натоўп. Зь ветлівасьці хобіты наведалі агульную залю пад вечар дый адказалі на добры воз пытаньняў. Памяць у прыгор'цаў была ўчэпістая, і ў Фрода шмат разоў спыталі, ці напісаў ён сваю кнігу.

– Яшчэ не, – адказваў той. – Вязу нататкі дахаты, каб там іх упарадкаваць.

Паабяцаў не забыцца на дзівосныя здарэньні ў Прыгор'і, каб крыху дадаць цікавосткі ў кнігу, якая, відаць, прысьвечаная збольшага няйстотным і далёкім падзеям "на забытым Поўдні".

Тады нехта з маладых запатрабаваў песьню. Адразу павісла цішыня, і на маладзёна зірнулі строга, той і ня стаў прасіць яшчэ раз. Відавочна, анічога чароўнага ў залі зноўку прыгорцы не жадалі.

Дзень прамінуў бесклапотна, і ўночы анічога сон не турбавала. Усталі раненька, хоць дажджыла, бо Шыру хацелі сягнуць да цемры. Было ж да яго яшчэ даволі далёка. Прыгорцы ўсе высыпалі вонкі зірнуць на ад'езд – у весялейшым настроі, чымсьці год таму. А тыя, хто ня бачыў прышлых у поўным рыштунку, утаропіліся, вылупіўшы вочы: на белабародага Гэндальфа, на сьвятло, што, падавалася, выпраменьвалася ад яго, на блакітную корзну, што была нібыта хмара над сонцам, ды на чатырох хобітаў, быццам нейкіх вандроўных рыцараў з амаль забытых паданьняў. Нават тыя, хто сьмяяўся зь зьвестак пра караля, задумаліся: мо й ёсьць нейкая праўда ў дзіўных словах.

1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)