Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Масьляк вярнуўся з пакуначкамі нярэзанага лісьця для кожнага на дзень альбо два.
– Паўднёвая зорка, найлепшы, які ў нас ёсьць. Аднак яму далёка да паўднёва-падзельскага, шырскага, я заўжды тое казаў, хоць у большасьці я за прыгорскае, нашае ва ўсім, вось, прашу прабачэньня.
Масьляка пасадзілі ў вялікую фатэлю каля агменю, Гэндальф сеў па другі бок, а хобіты паміж імі на нізкіх крэсьліцах, і гэтак гаманілі шмат разоў па паўгадзіны, слухаючы ўсё, што хацеў распавесьці спадар Масьляк, і распавядаючы ўсё, што той жадаў чуць. Большасьць гісторый была дзівам ды неспадзяванкаю для шынкара, ён увесьчасна выгукаў "Ці тое вы кажаце?!", яўна не даючы веры ўласным вушам.
– Анеж, не кажыце, спадару Торбінсе, ці вы пан Падстромнік? Гэнак я заблытаўся, аёй. Ну, ці ж тое вы кажаце, вашмосьць Гэндальфе? Ды я аніколечкі!.. Як жа падумаць пра гэткае ў наш час!
I сам шмат чаго распавёў. Справы пайшлі, так бы мовіць, паганенька ці ўвогуле пад адхон.
– Аніхто цяперака звонку ў Прыгор'е ня едзе, – скардзіўся шынкар. – А што тычыцца сваіх, дык яны па хатах сядзяць, дзьверы пазачыняўшы. Усё ад набрыдзі ды гультаёў, што па Травашляху пруцца апошнім годам, вы мо памятаеце, але ж пазьней болей прыцёглася. Некаторыя былі ўпрост небаракі, што ўцякалі ад бедаў, але ж большасьць – бядовы народ, злодзей да злодзея, ліхадзеі. I ліха ж здарылася ў самім Прыгор'і, сапраўднае. Ці верыце, мы папраўдзе біліся, і некаторых насьмерць пазабівалі з нашых, насьмерць, ну дзе ж гэткае сустрэнеш, ці ж дасьцё веры?
– Я дам веры, – сьцьвердзіў Гэндальф. – Колькі забілі?
– Трох і двух, – адказаў шынкар, маючы на ўвазе вялікі й малы народ. – Небаракаў Мата Верашчаку, Раўля Яблычука ды малога Тома Калючку з-за Гары. Добрыя хлопцы, і не стае іх. А Гары Казьляк, які звычайна Заходнюю браму вартаваў, ды Біл Бур'як на бок прышлых перакінуліся й зьніклі зь імі. Мяркую, яны іх і ўпусьцілі, у ноч бойкі – маю на ўвеце. Ліха пасьля таго здарылася, як мы чужынцам браму паказалі дый выперлі іх. У канцы году тое было, а бойка – на пачатку новага году, якраз пасьля моцнага сьнегападу. Цяпер жа яны бандытамі зрабіліся, па лясох хаваюцца за Прычыцамі ды ў глухмені на поўначы. Ну, нібыта ў ліхія былыя часіны, пра якія ў паданьнях гаворыцца. Зараз на шляхох небясьпечна, і народ далёка ня езьдзіць. Дый дзьверы зачыняе рана. Даводзіцца трымаць варту вакол агароджы ды болей народу ля брамы ўночы.
– Ну, нас ніхто не патурбаваў, хоць мы ехалі павольна й варты не трымалі, – паведаміў Піпін. – Думалі, усё ліха пакінулі за сьпінамі.
– На жаль, не, спадарове, насамрэч шкада, – паспачуваў Масьляк. – А тое ня дзіва, што вас не чапалі. Яны ж на ўзброеных ня кінуцца, то ж бо мечы, шаломы з тарчамі ды ўсялякае рознае. Тое прымусіць іх двойчы падумаць, без сумневу. Прызнаюся, і мяне тое крыху ахаладзіла, калі вас пабачыў.
Тут хобіты раптам уцямілі, што на іх дзівяцца ня так празь нечаканае вяртаньне, як праз зброю. Самі прызвычаіліся да ваярскай справы й да вандроўкі ў добра ўзброенай кампаніі й забыліся, што зіхоткія броні відаць з-пад плашчоў і што шаломы Гондару й Украйны ды тарчы з гербамі пададуцца надта "замежнымі" ў родных мясьцінах. Дый Гэндальф вылучаўся – на высокім шэрым кані, увесь у белым, зь вялізнаю блакітна-срэбнаю корзнаю на плячох ды з доўгім мечам Гламдрынгам на баку.
– Так, так, – Гэндальф засьмяяўся. – Калі яны напалохаліся нас пяцёх, дык мы сустракалі значна горшых ворагаў у вандроўцы. У любым выпадку яны вас уночы не патурбуюць, пакуль мы тут.
– А вы надоўга? – узрадаваўся Масьляк. – Скажу шчыра: добра, каб вы крыху затрымаліся. Бачыце, мы не прызвычаеныя да гэткіх турботаў, народ кажа: сьледапыты ўсе сышлі. Баюся, мы дагэтуль не разумелі, што яны насамрэч рабілі для нас. То ж бо штось горшае за рабаўнікоў бадзяецца навокал. Апошняй зімою ваўкі вылі паўсюль вакол агароджы. I цёмныя постаці ў лесе, вусьцішныя здані, кроў халаднее ў жылах, калі толькі падумаеш. Надта гэта ўсё трывожнае, калі вы мяне разумееце.
– Насамрэч трывожнае, – пацьвердзіў Гэндальф. – Амаль усе землі апошнім часам былі ў турботах, цяжкіх турботах. Аднак узрадуйся, Ячмане! Ты пабываў на краі вялікіх бедаў, і мне радасна чуць, што ня надта ў іх заглыбіўся. Лепшыя часы ўжо не за гарамі. Магчыма, найлепшыя з тых, што ты ўвогуле памятаеш. Бо сьледапыты вярнуліся. Мы зь імі ехалі. Кароль ізноў зацаруе над гэтымі землямі. I неўзабаве ён паклапоціцца пра тутэйшыя валоданьні. Тады Травашлях адкрыецца зноўку, каралеўскія ганцы засьпяшаюцца на Поўнач, і ліхіх пачвараў выганяць з глухменяў. Насамрэч і глухмень глухменьню доўга не застанецца, людзі зьявяцца й палі лягуць там, дзе цяпер пустэча.