Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Ён хутка зірнуў у акно, кінуў вокам на гадзіннік, замкнуў двое дзвярэй і вярнуўся да нерухомага Пятра.
Пульс быў слабы, але роўны. Бледнасць умераная.
— Пан Пётр, вы мяне чуеце? — спытаўся доктар.
Вусны хлопца слаба заварушыліся.
— Вы мяне чуеце? — паўтарыў доктар.
— Так. Чую.
— Як вас завуць?
— Мяне завуць Пётр Бруніцкі, Пётр Бруніцкі.
Японец нахіліўся над усыплёным і цвёрда сказаў:
— Няпраўда. Вы памыляецеся. Пётр Бруніцкі — гэта малады чалавек, ваш сын. Пятру Бруніцкаму дваццаць гадоў, а вы яго бацька. Зараз вы гэта разумееце?
Твар Пятра скрывіўся, дыханне пачасцілася, вусны здрыгануліся.
— Адкажыце, калі ласка, — сурова загадваў голас доктара Кунокі, — як вас завуць?
Японец павольна правёў кончыкамі пальцаў над бровамі Пятра і выразна паўтарыў пытанне, але з вуснаў гіпнатызаванага сыходзілі толькі нейкія невыразныя гукі.
— Успомніце, — чаканячы словы, прагаварыў доктар, — гэта было трыццаць гадоў таму. Трыццаць! Разумееце?
— Разумею.
— Вы былі малым хлопчыкам. Вас клічуць. Хтосьці вас кліча. Чуеце?
— Чую.
— Як вас клічуць?
— Петэр! Петэр! Петэр!..
Доктар Кунокі апусціў рукі.
— Вы памыляецеся, — гнеўна запярэчыў ён. — Гэта клічуць вашага сына. Праўда?
— Праўда.
— Вы бацька Пятра, разумееце?
— Разумею.
— Як вас завуць?
— Прафесар Караль Бруніцкі, — без запінкі адказаў усыплёны.
— Што вы памятаеце са свайго дзяцінства? Не забывайце, вы дзіця. Як вас клічуць?
— Петэр!
Кунокі закусіў вусны і бездапаможна ўсміхнуўся. Яму стала зразумела, што гіпотэза прафесара памылковая, што ў падсвядомасці чалавека нельга знайсці сляды інфармацыі пра яго бацьку. Доктар зрабіў апошнюю спробу.
— Вы студэнт-медык Караль Бруніцкі. Разумееце?
— Так.
— Скажыце мне, калі ласка, што такое nervus vagus
— Я не ведаю.
Доктар паглядзеў на гадзіннік, палічыў пульс Пятра. Трэба было заканчваць.
— Заўважце, пан Пётр! І запомніце. Тое, што я вам зараз скажу, вам нельга забываць. Дык вось, калі вы былі маленькім хлопчыкам, у вас былі чорныя валасы. Чорныя валасы! Паўтарыце, калі ласка.
— У мяне былі чорныя валасы.
— Так. Чорныя валасы. А клікалі вас Караль! Клікалі вас Караль! Як вас клікалі?
— Караль, — прашаптаў Пётр.
— Гэта абавязкова трэба памятаць. Часам вас клікалі Петэр, а часам Караль! Гэта вельмі важна. Калі вас клікалі Петэр, вы былі бландзінам, а калі клікалі Караль, вы былі брунетам. Чаму так, вы не разумееце, але вы добра памятаеце, што гэта так. Я зараз хачу ведаць, што вы памятаеце. Скажыце, калі ласка!
— Я быў бландзінам, і мяне клікалі Петэр, а… таксама мяне клікалі Караль, але тады я быў брунетам.
— Ну дык добра. Гэта адзінае, што вы павінны запомніць. Акрамя таго, забудзьцеся пра тое, што вас гіпнатызавалі. Праз хвіліну я вас абуджу, і вы сядзеце ў крэсла. Вы будзеце ведаць, што ні на хвіліну з яго не ўставалі і што мы не перарывалі размову пра акультныя навукі. Разумееце?
— Разумею.
Доктар Кунокі выцер пот з ілба і некалькімі рухамі рук прывёў Пятра ў прытомнасць. Хлопец расплюшчыў вочы, няўпэўнена агледзеўся вакол, устаў і, хоць у яго дрыжалі калені і ён крыху хістаўся на нагах, ён падышоў да крэсла, на якім раней сядзеў.
У гэты час японец зноў пакруціў ключом у замку і, стаўшы перад Пятром, спытаўся:
— Дык вы кажаце, што хацелі б паспрабаваць паддацца гіпнозу?
— Так, пан доктар, я думаю, што чалавек павінен спазнаць усе адчуванні, якія яму даступныя.
— Вы бледны, — са спачуваннем заўважыў Кунокі. — Вы стаміліся?
— Здаецца, крыху. Не ведаю, чаму, мы з бацькам адносна няшмат хадзілі.
— Відаць, розніца клімату. Можа, вам паспаць?
— О, зноў, — засмяяўся Пётр.
— Таму што я павінен папрасіць у вас прабачэння і пакінуць аднаго. Мне трэба крыху папрацаваць.
— Канечне, канечне, пан доктар.
Пётр бачыў, як японец дастаў з кішэні ключы, адсунуў фіранку і адчыніў цяжкія тоўстыя дзверы.
Калі вярнуўся прафесар Бруніцкі, ён заспеў Пятра за гульнёй з катамі.
— Я не ведаў, што вы так любіце катоў, — усклікнуў ён у адказ на вітанне прафесара. — Трэнер па боксе ва Упсале, лаючыся, заўсёды пасылаў «да ста старых дзевак і іх тысячы катоў!» Адтуль у мяне перакананне, што катоў заводзяць менавіта векавухі.
— Твой трэнер у многім меў рацыю, хлопча, — адказаў прафесар, падаючы ў крэсла. — Любоў да катоў і іншых гадаванцаў у старых дам — гэта вынік нерэалізаванага мацярынскага інстынкту. Маленькія дзяўчынкі гуляюць у лялькі, потым займаюцца сяброўкамі, калі выходзяць замуж, то муж становіцца новай лялькай, потым, калі ў іх з’яўляюцца дзеці або сабачкі, каты, яны заўсёды гуляюць з імі.