Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
На другім канцы лініі нешта зашамацела, потым нехта кашлянуў, і тады пачуўся голас Уюнова:
– Дзень добры, цётка Алена! Што там здарылася, што за перапалах? Я не пісаў ніякіх пісем. Збіраюся маме напісаць. Перадавайце ёй прывітанне. Скажыце, што я жывы і здаровы. І ад камандзіра часці нашага вам абедзьвюм прывітанне – асабіста прасіў перадаць.
– Дзякуем. І яму перадавайце...
У душы Алёны перавярнулася на лепшае. Унутраны боль, што невыносна пёк, некуды прапаў, знік. Толькі не праходзіў халадок на патыліцы.
Пакрысе падступалася да яе радасць. Думалася толькі пра светлае і вясёлае...
Папрасіла ў Улляны сярнічкі. Тут жа, на яе вачах, спаліла чорнае пісьмо, – каб і не напамінала ні пра што. Яно доўга не загаралася – як мокрае было, і толькі недзе з пятай ці шостай запалкі нечакана ўспыхнула і выбухнула – як было абліта бензінам. І – дзіўна – ад яго не засталося ніводнай чорнай парушынкі. Толькі попельнае воблачка павісла на імгненне перад вачыма – і знікла.
«Значыць, не просты ліст быў, – заключыла жанчына, – значыць, падроблены... Але хто ж яго тады напісаў? Почырк жа Вінцукоў... Прыклала руку вядзьмярка? На адлегласці нават?... Ці можа такое быць?..»
Ой і харошую вестку прынясе Алёна ў хату Мальвіны!
«Зайду ў краму, куплю з гэтай радасці магазіннай гарэлкі, – падумала Алёна радасна, – ох і вып’ем мы з сяброўкай за сыноў, за іх’здароўе, і во, за мой дзень нараджэння, пра які я і забылася зусім!..»
Бадзёра і шчасліва ішла жанчына па роднай вёсцы.
……………………………………………………………
Дзед Нікадым памёр у той жа дзень, калі пярун забіў вядзьмярку – праз некалькі гадзін, перад заходам сонца.
Хавалі Чарадзея ўсёй вёскай.
Мальвіна ўзяла Міхаську да сябе.
А ён паўтараў і паўтараў скрушна кожны дзень:
– Я ж казаў дзеду Нікадыму, каб не гнуўся дужа пад ветрам людскіх хваробаў.. А ён не паслухаўся. Надарваўся. А так бы пражыў яшчэ гадоў з дзесяць... Затое ваш Вінцук жывы застаўся, абараніў яго дзед ад Аксанкі...
– Дзеду дзякаваць, і табе, Міхаська, што разумееш усё і ведаеш...
На вачах Міхаські слёзы. Яму шкада дзеда, шкада ўсіх, шкада, што застаўся адзін.Але ён нікому не гаварыў, што ўсе хваробы, якія прыставалі да людзей, якія не мог ужо вылечыць Чараўнік, ён узяў на сябе.
І нёс іх на сабе, як сын Божы, нёс крыж, ідучы на Галгофу...
……………………………………………………………
… Тое ўсё я пачуў ад стогадовай бабулькі Дамінюські ў вёсцы Крушнікі, што на Мазыршчыне.
Скончыўшы аповед, уздыхнула, гледзячы ў блакітнае неба, наклаўшы на сябе крыж:
– Ніколі нельга нікога ні ў чым прымушаць, скажу табе, нябожко, ісці супраць волі чалавека. Тым больш у каханні, ды прымяняць для сваёй задумы чорныя сілы... Прымус – як гадзюкі ўкус...
Санаторый «Алеся», Янова,
21 лістапада - 7 снежня 1999 года
Муха
Муха звычайная, безвалоска звычайная –
насякомае сямейства безвалосак
атрада двухкрылых. Пашырана ў Еўропе.
Вочы фасетачныя, вялікія.