Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
I ўсё ж трэба паўзьці. Куды? Хто яго ведае, куды. Наперад. Раней казалі б — наперад да камунізму. А зараз падобна — наперад да капіталізму. Але да капіталізму ня хоча прэзідэнт. Куды брысьці нацыі, ведама толькі яму аднаму Але ён ня кажа нікому, гэта яго прэзідэнцкі сакрэт. Хутчэй за ўсё, аднак, ён таксама ня ведае, адно робіць выгляд, што яму вядома. Выгляд ён рабіць умее… Выдатны акцёр, усіх пераконвае. Нават тады, калі сам ня верыць. Ведама, што жыцьцё з той прычыны ня можа лепшаць і, здаецца, забрыло ў тупік. А во камуністы, падобна, ведаюць. Для іх наперад — значыць назад. Тут у самага разумнага галава закруціцца: куды ўсё ж рухацца? Як у яго тут, у трубе. Калі б ён ведаў, дзе зад, а дзе перад, дзе выйсьце — наперадзе ці ззаду? Ён падумаў — наперадзе. А можа быць, ззаду, і ён аддаляецца ад свайго паратунку? Во ў чым праблема.
Хоць цяпер ён поўз толькі ў адным, наўгад абраным кірунку, ніякай упэўпенасьці ў ім не было. Часам накочвала сумненьне: а можа, трэба павярнуць назад? Бо колькі ж можна паўзьці і бяз выніку?
Нечакана ён заўважыў, што траса пайшла ўніз, паўзьці па трубе стала зручней — пад невялікі плаўны ўхіл. I ён стаў прыпамінаць знаёмую мясцовасць — дзе мог быць гэткі ўхіл? Можа, каля Альхоўкі? Але там пагорак ня з гэтага боку, здаецца, з другога. Траса трубаправода туды прайсьці не магла. Ці, можа, ён ужо мінуў Альхоўку? Або не дапоўз да яе?
Пакуль ён так думаў, упарта прабіраючыся наперад па шархоткай трубе, тая неўпрыкмет пайшла ўгару. Рухацца стала горш. Усё ж гэтае сабачае перапаўзаньне было ненатуральнае для чалавека і адбірала занадта шмат сілы. Валера ўсё часьцей спыняўся, лажыўся на бок, прываліўшыся да акруглай сьцяны. Было цёпла, і ён нават спатнеў пад воглым плашчом. Сьцягнуўшы яго з плячэй, адкінуў прэч, так стала зручней. Абаранкі ён, падобна, паразгубляў з дзіравых кішэняў, засталося ўсяго два, якія ён тут жа згрыз. Тым нібыта падмацаваўся, але захацелася піць. Вады яму тут, зразумела, нідзе не здабыць, і ён не спадзяваўся напіцца. Вада магла паявіцца разам з вызваленьнем з падземнага палону. Ён зразумеў гэта і засумаваў яшчэ больш. Праклятая сітуацыя! Навошта ён выпіў тады з Рудаком? Нашто піў наогул? Лепш, калі б жыў цьвярозым, мужычком-хітраванам, хоць бы настаўнікам ці загадчыкам клуба. Напэўна б, без пары не загнуўся, пражыў бы болей. Як сельскі камуніст-праведнік Зудзіловіч, што дацягнуў да сямідзесяці сямі гадоў. Але што б гэта было за жыцьцё — во ў чым пытаньне. У такім, як ягонае жыцьцё, толькі і радасьці было — выпіць. Ды і мэта таксама. Што толькі адна мэта, гэта, бадай, кепска. Кепска, калі ў чалавека адна мэта; напэўна, у грамадства — таксама. Нават калі гэтая мэта — пабудова бяскласавага камуністычнага грамадства, усё роўна кепска. Адна мэта можа аказацца фальшывай. Або недасяжнай. I тады — крах! Як во зараз. I няма вінаватых. Бо, як кажуць, ідэя правільная, а во яе ўвасабленьне ў жыцьцё… Але што ж гэта за ідэя, калі яе нельга ўвасобіць. I яна прыгодная хіба для бібліятэчных фондаў ды абароны дысертацый. Усё ж людзі розныя. I чалавек — не тэлеграфны слуп. Чалавек болей падобны да дрэва — надта кучаравае ў думках і справах. Хаця і дрэвы бываюць розныя — розных парод, з рознымі лёсамі. Бадай, самы няўдалы лёс мае дрэва, што пры дарозе. Як старая бяроза на Курмакоўскім раздарожжы. I сукі абламаныя, і кара садраная. I розныя словы выразаны нажом на камлі. Хто ні ідзе, кожны драпае, каб пакінуць свой сьлед. Такі во лёс пры дарозе. I на парозе таксама. Як у Беларусі. Прысьпічыла ж ёй сесьці на парозе між Усходам і Захадам. Не, лепей за ўсё жыць у куце. У сваім Богам абраным куце, дзе вешаюць абразы. Дзе толькі той кут?
Угару па трубе ён ускараскаўся амаль бяз сілы, — так яму дапёк гэты сабачы шлях. Але тут стала лягчэй, труба пайшла раўней, і ён спыніўся. Здаецца, наскрозь прапацела сьвітка, пот заліваў твар. Дужа хацелася піць. I ён, можа, упершыню адчуў, што доўга так не стрывае. Так ён тут і сканае без дапамогі і надзеі. Гэта сапраўды страшна, калі зьнікае надзея. Хаця ў жыцьці ён ня надта песьціў сябе надзеяй, ды ўсё ж… Усё ж прыемна супакойвала, калі іншыя навакол спадзяваліся. То на выкананьне плана. То на лепшае фінансаваньне ў наступным квартале. На чыё выздараўленьне ці зьніжэньне цэнаў. Хаця чорта тыя калі зьніжаліся (няспынна расьлі), ды людзі спадзяваліся. Прыемная рэч — надзея. А галоўнае — нічога не каштуе, заўжды колькі хочаш і бясплатна. Толькі не лянуйся — спадзявайся. Во і даспадзяваліся. Цяпер у ім зьнікала рэшта яго слабай надзеі, і ён выразна адчуў сябе сіратой. Асуджанай сіратой надзеі.