Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Што ж да яго даўняга, амаль ужо забытага ім псеўданіма, дык яго ўсё ж прыпамяталі.
Увосень у школу прыехаў новы настаўнік фізікі Лукашэвіч Павел Іванавіч, адзінокі, немалады, трохі дзіўнаваты чалавек, які пасьля заняткаў самотна сядзеў у сваёй каморцы. Каморка была часткай кватэры суседкі, акушэркі Клаўдзі, з агульнай кухняй, дзе да таго часу аднаасобна гаспадарыла акушэрка. Халасьцяк Лукашэвіч за тры месяцы працы, мабьшь, ні разу ня выйшаў з-за дашчанай перагародкі на кухню, і тое, па ўсёй верагоднасьці, насьцярожыла суседку. Неяк пасьля адной нарады ў райана Валеру, які ў той час быў настаўнікам беларускай мовы, папрасілі затрымацца і зайсьці ў бібліятэку, дзе яго ўжо чакаў незнаёмы тып з квадратнай сківіцай і густымі брэжнеўскімі брывамі. Тып узростам быў куды старэйшы за Валеру, але бы з роўным жыва завёў з ім лёгкую размову пра тое, як вудзіць ляшчоў, у чым ён быў сьпец, як адразу адзначыў Валера, які таксама вудзіў усялякую рыбу. Але во, нібы між іншым, Тып пацікавіўся, ці сустракаецца Сарокін з новым настаўнікам фізікі, і прыкметна насьцярожыўся, чакаючы адказу. Валера адразу сьцяміў, дзеля чаго яго паклікалі сюды, і моўчкі вылаяўся. З тае прычыны ён мусіў адстаць ад сяброў і прапусьціць немалую п’янку ў рэстаране. Памеркаваўшы, аднак, сказаў, што з Лукашэвічам не сустракаецца, і наогул фізік ні з кім не сябруе, болей сядзіць дома. Тыпу гэтае паведамленьне Валеры ня дужа спадабалася, ён адразу прагнаў з цьвёрдага твару нсшта падобнае да ўсьмешкі і сказаў, што гэтую справу трэба паправіць, бліжэй падысьці да Лукашэвіча. Запрасіць калі ў выхадны на госьці, выпіць, пагутарыць па душах. Можна нават пакрытыкаваць улады, але ня так, каб вельмі, лепш мясцовыя, на раённым узроўні, — тое дазваляецца. Вельмі гэта не спадабалася Сарокіну-Клёнаву, і ён папружана думаў, як быць? Было пэўна, што п’янка ў рэстаране для яго ляснула, і Валера занерваваўся, тым больш, што ён зусім не хацеў рабіцца памочнікам гэтага Тыпа. Каб як-небудзь ад яго адкараскацца, Валера даволі рашуча аб’явіў, што Лукашэвіч — нармальны настаўнік, свой прадмет ведае, выкладаць умее, бо мае немалы педагагічны вопыт. Уважліва выслухаўшы Валеру, Тып зрабіў працяглую паўзу затым сказаў тонам вялізнай важнасьці: «Я не павінен вам гатага казаць, але для вас зраблю выключэньне. Справа ў тым, што ваш Лукашэвіч у час вайны супрацоўнічаў з акупантамі, і на ягоных руках — кроў савецкіх патрыётаў».
Пачуўшы гэта, Валера зьніякавеў: аказваецца вунь што! Калі Лукашэвіч — пасобнік акупантаў, дык гэта мяняе ўсю справу. У Валеры стрыечны брат загінуў ад рук акупантаў, у сорак трэцім акупанты зьнішчылі суседнюю вёску разам з яе жыхарамі, землякамі Валеры. Але тут у Валеры ўзьнікла шмат пытаньняў, і першае з іх: чаму органы так доўга не арыштоўвалі гэтага здрадніка пасьля вайны? Прыкладна так ён і папытаўся ў Тыпа. Той, аднак, не адказаў і перайшоў да канкрэтнай справы. Ён сказаў, што Сарокін усё ж павінен наладзіць з Лукашэвічам дружбу і пры выпадку завесьці размову пра Чэхаславакію, даведацца, як той адносіцца да факту ўводу войска Варшаўскага дагавору ў гэтую краіну. Што на гэты конт думае? Канкрэтнае заданьне трохі зьбянтэжыла Валеру, і ён падумаў: ці ня надта розныя гэта рэчы — нямецка-фашысцкія акупанты і ўвод нашых войскаў у Чэхаславакію? Надта тут туманная сувязь. Але каб хутчэй адкараскацца ад гэтага чалавека, ён змоўчаў, і яны разьвіталіся. Дамовіліся сустрэцца праз тыдзень.
У той дзень, вяртаючыся дадому, Валера не пераставаў думаць пра нечаканае заданьне і ў каторы раз прыходзіў да высновы, што тут нешта ня так. Зразумела, што яны капалі пад старога настаўніка зусім не за супрацоўніцтва з акупантамі, якога, можа, і не было, а найперш іх цікавіла Чэхаславакія. Міфічнае супрацоўніцтва ці не было засланкай. Валера, вядома, выканае заданьне, пагутарыць з Лукашэвічам, але наўрад ці яны атрымаюць ад яго кампрамат на настаўніка. Тым больш на тэму Чэхаславакіі. У той жнівеньскі ранак Валера сам слухаў па «Бі-бі-сі» рэпартаж пра ўвод войскаў і лаяўся, аж пакуль жонка не адабрала ў яго «сьпідолу». У Чэхаславакіі душылі свабоду — гэта ж было зразумела. Праўда, ён толькі лаяўся, але пра свае адносіны нічога нікому не сказаў. У школе пра тое таксама дружна маўчалі. Адзін толькі ветэран Зудзіловіч хадзіў па вёсцы і зласьліва даказваў, што зноў ледзь не спазьніліся, даўно трэба было зрабіць тое, а то глядзі, каб амерыканцы не адхапілі ў нас братнюю Чэхаславакію, якую ён вызваляў ад фашыстаў.