Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— А што ж, — пагаджаецца Яўген. — Была і на вайне любоў. Толькі не такая, як зараз.
— А якая ж?
I Сяргей у акне, і карэспандэнт прыціхаюць, чакаючы, што Яўген нарэшце пачне расказваць. Але Яўген хвіліну маўчыць, а пасьля абвяшчае:
— А й то ня вам слухаць.
— Чаму ж ня нам? Вунь хай Сьветка паслухае, ёй будзе цікава. I карэспандэнт надрукуе.
— Не надрукуе, — ціха пярэчыць Яўген.
Карэспандэнт не пагаджаецца:
— Не, чаму ж? Калі матэрыял цікавы…
— Мацер’ял… У нас раней пра крамніну казалі: мацер’ял, — зазначае Яўген. — Ці мацерыя. Праз гэтую мацерыю ў брата жыцьцё наперакасяк пайшло.
— Праз мацерыю? — дзівіцца Сяргей, але не зразумець, ці на самой справе, ці хлопец блазнуе.
— Ну. Тады ж ня тое, што зараз — пайшоў, купіў. Трэба было на пай, па тры метры ў гаду. Ды ў чарзе пастаяць. А ў вайну дык і таго ня стала. Во братава Марыля і ўзьелася на мужыка, бо не хапіла мацер’ялу. Вядома ж, на каго жонка можа ўзьесьціся, калі якія непаладкі. Ці няхваткі. Зьвяглівая была баба. А брат Ягор увогуле быў чалавек цярплівы, але пакуль ня вып’е. А як вып’е, можа даць добрага дыхту. Во раз і даў ёй дыхту.
У акне паявіліся аж тры галавы разам — побач з Сяргеем кучаравая галава жаніха Вакулёнка, які ўвогуле жыў у горадзе, але часьцяком наязджаў да бацькі-пчаляра па грошы. I між імі выбеленыя патлахі нявесты — Сьветкі.
— Дык калі тое было? — сьмяшліва пытаўся Сяргей. — Яшчэ да Акцябра?
— Да якога табе Акцябра? У сорак першым, як немцы прыйшлі. Восеньшо. Пра партызанаў яшчэ ні слуху, ні духу не было. Немцы на Маскву пёрлі, а да нас у мястэчка прыехаў камендант, усё доктарам звалі. Пастой, як жа яго фамілія — забыўся. Памяць стала дурная, і не прыпомніш. Адно дык дужа помніцца, а другое — хоць забі. Учора некуды малаток паклаў, сёньня шукаў, шукаў… Пайшоў, у суседа пазычыў.
— Мусіць, таму, дзед, што ўчора добра паддаў? — зьедліва ручыць з акна, і Яўген незадаволена моршчыцца.
— А я яе ніколі дужа і не падабаў. Ну, так калі… А цяпер дык і саўсём… Гары яна гарам. Хіба ўжо якая нагода…
— Нагода, а як жа, — кажа Сяргей. — Унучку сватаем.
— Каторы ўжо раз сватаеце? — з дакорам зазначае Яўген.
— А нам што — абы жаніхі былі.
— Жаніхі… Абы выпіць вам…
Яўген, відаць па ўсім, яўна незадаволены такім паваротам у размове, — усё ж хацеў бы болей павагі да сваёй сустрэчы з карэспандэнтам, а гэтыя гагатуны ўсё зводзяць да жарцікаў. Карэспандэнт, малады хлопец з капешкай белых валасоў, якія неслухмяна рассыпаюцца на галаве, турботна перабірае на калене свой пакамечаны блакноцік. Ён хоча запісваць, ды запісваць, падобна, няма чаго.
— Гэта ж яны ўжо чацьвёрты раз, — кіўнуўшы на акно, паведамляе яму Яўген. — Сватаюць! Вып’юць, закусяць, перасьпяць на паддашшы. А праз месяц зноў у сваты.
— А мы, каб ужо моцна было. Каб не заржавела, — шчэрыць белыя зубы Сяргей. Ягоны сябра Вакулёнак насьцярожваецца.
— Сьветка, чуеш? Цябе дзед крытыкуе.
Сьветка ганарліва закідвае галаву, матлянуўшы скудлычанымі патламі, і вымаўляе працяжна:
— Ну і што? Падумаеш…
Відаць, яна таксама паддала ўжо сёньня і цяпер курыць цыгарэту за цыгарэтай. Здаецца, да сёньняшняга сватаньня адносіцца надта спакойна, калі не абыякава — ёй тое не ўпершыню. Сьветка ўжо выходзіла замуж аж тройчы, двойчы разводзілася, дзяцей ня мела. Апошні яе муж — прапаршчык — недзе прапаў у Прыднястроўі, куды яго нейкая халера загнала, і Сьветка яго не чакае — выходзіць замуж.
— Во, чуў? — зьвяртаецца Яўген да карэспандэнта. — Гэта ж такая парода — Гулькевічаў. Аняго ж! I яе бабка Марыля гэткая ж была. А то і горшая. I замужам, і як адна засталася. Як брат пагіб.
— Пагіб? — устрывожана пытаецца карэспандэнт.
— Пад Варшавай. Зямляк расказаў — на міну наступіў. А ён і мог наступіць, бачыў кепска. Можа, каб акуляры… Хто іх яму дасьць? А я во цяпер без акуляраў ні газеціны не прачытаю, ні сярнічак не знайду. Зрок зусім кепскі стаў.
Карэспандэнт, перагарнуўшы свой блакноцік, напомніў:
— Дык тады, у гады вайны, вы былі ў партызанах…
— Быў, быў, за брата Ягора пайшоў. Ну таго, што пагіб. Ён жа што мог у парцізанах — хіба хамуты пачыняць. А я ўсё ж, хоць малады, ды граматны быў, восем класаў скончыў. На значок «Варашылаўскі стралок» нормы здаў. Ну і пайшоў.
— За брата?
— Ну.
Карэспандэнт ня мог чагось сьцяміць, і тады з акна падказалі:
— Гэта як немцы яго адлупілі. За жонку.
— Немцы?
— Немцы, ага, — паволі выдыхнуў дымам Яўген. — Ну я ж кажу, гэта яго Марыля такая вужака была, узьелася з-за нейкай лахманіны, што ня даў грошай, не было ў яго грошай. Брат доўга зважаў тое, маўчаў, а пасьля ну й даў дыхту. Відаць, добрага дыхту. Упярод, да вайны, дык тая пасьля ў прочкі бегала, як маці была жывая. А тут матка памерла, куды пабяжыш? Дык яна, дурніла, — у мястэчка да гэнага каменданта. Пастой, як жа яго фамілія? — напружыў аслабелую памяць Яўген і, раптам, успомніўшы, узрадваўся: — А, Мільх, во як! Доктар Мільх. Прыехаў гэты доктар у мястэчка на пачатку восені ў сорак першым, з ім дванаццаць немцаў, пасьля паліцаяў прыбавілася. Клопату вялікага ў іх не было, у раёне ціха, фронт улетку прайшоў, парцізаны яшчэ не паявіліся. Гэта ўжо пасьля, перазімаваўшы, парцізан набегла ў лясах. Знаеш, скажу табе, каб гэтыя немцы былі разумнейшыя, дык, можа б, і парцізанкі ў нас не было.