Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 260
Перейти на страницу:

— Эй, людзі! — раптам, сам ня ведаючы чаму, закрычаў Валера. — Людзі-і-і! Тут чалавек! Ці вам напляваць? Пашкадуйце чалавека! Ці вы ўсіх — у трубу і за долары? Я не хачу ў трубу! Я хачу жыць!

Ну, навошта ён робіць гэта, крычыць пад зямлёй, калі яго ніхто ня чуе? Напэўна ніхто не пачуе, а крычаць усё роўна хочацца. Бо — надта доўга маўчаў. Баяўся! Усяго баяўся! Нават самога сябе. Цяпер яму ўжо не страшна. Цяпер ён вызваліўся ад усяго. I ад страху таксама.

— Эй, вы — КДБ! Што маўчыцё? Ці Клёнаў вам непатрэбны? Спалохаліся, што ўсё раскрые? I раскрые ўсіх да д’ябла. Усю вашу сістэму! Толькі б мне выбрацца адсюль… — пракрычаў ён і раптам падумаў: «Ну і ляпнуў, цяпер ходу назад ня будзе. Нават калі і выберашся. Але чорт з ім! Усё роўна прападаць…»

Ад перанапругі Валера закашляўся, доўга адкашліваўся. Ён разумеў, што ягоны роспачны крык наўрад ці наблізіць яго паратунак, але ўласная адвага надавала рашучасьці. Пракрычаў, і стала лягчэй. Як на сходзе. Але ў тую пару што б ён мог сказаць на сходзе? Лепш было памаўчаць. А калі стала можна сказаць, не было каму слухаць. Бо кожны мог сказаць тое ж. Начальства аглухла і зьнямела. Праўда, засталіся ветэраны, тьгя, што на заслужаным адпачынку. Але гэтыя не спрачаліся — гэтыя болей пісалі. У КДБ і прэзідэнту аб здрадзе справе рабочага класа. Аб адыходзе ад генеральнай лініі. Або аб недахопе прывілеяў, якіх яны пільнаваліся яшчэ як! I заўжды ўзьнімалі трывогу, калі заўважалі, што нехта скрыўляе лінію прэзідэнта, на якога яны маліліся. У цэрквах і ўвечары каля тэлевізараў, дзе заўжды выступаў іх кумір. Зрэшты, ля тэлевізараў маліліся больш, бо тэлевізарамі былі забясьпечаны, а цэркваў не хапала. Разбураныя імі ў маладыя гады цэрквы ня ўсе былі адбудаваныя. Ваяўнічыя бязбожнікі пад старасьць ператварыліся ў ваяўнічых вернікаў і лаялі тых, хто не хадзіў у царкву. Або ходзіць ня ў тую царкву — каталіцкую, напрыклад.

— Гэй вы, старыя абармоты! Хопіць хапаць за ногі маладых! Дайце ім жыць! Сацыялізм ваш здох, хіба ня бачыце! Ад яго на сьвеце смурод. Хутчэй закопвайце! А то будзе чума!

Во, выказаўся! А што далей? Чакаеш апладысьментаў, дурань! Дойдзе да Зудзіловіча, ён на цябе напіша! Атрад АМАПа выцягне цябе з трубы, тады запяеш па нотах!

«А няхай выцягвае, — раптам падумаў Валера. — На волі горай ня будзе. Ня выцягне — таксама няблага, буду недасяжны. Незалежны. У трубе ўсё ж свабода. Во дажыў — два варыянты і кожны лепшы адзін за другі. Во — свабода!»

— Свабода! — закрычаў ён. — Сарокін свабодны! А Клёнаў?.. А і Клёнаў — таксама.

Гэта вырвалася ў яго спантанна, ён ня меў іншых пераканаўчых аргументаў, бо наўрад ці сапраўды адчуў сябе свабодным. Але калі чалавек ня можа на справе, тады выйсьцем для яго робіцца слова. Мабыць, слова — апошні аргумент свабоды.

«Дайце чалавеку слова!» — хацеў закрычаць Валера, але падумаў, што тое будзе занадта банальным. Вось каб толькі папіць…

— Падлы вы і злачынцы! I вертыкалынчыкі! I сексоты. I ты, Валька — сука. I твой муж — таксама. Пастой, хто гэта? Знаёмае імя… Усё роўна падлюга.

Падобна было, што ён пачаў вар’яцець! Ці, можа, тое яму здавалася. Усё навакол плыло і круцілася, быццам ён выпіў паўлітра. Але яму было добра ў трубе — спакойна і незалежна. I зьявілася думка, нікуды адсюль больш не ісьці. Ня лезьці, не караскацца. Не чапляцца за жыцьцё. Што яму там, у жыцьці? Згрызоты і няволя. Тут жа — спакой і свабода. Тут ён сам за сябе і ніхто — супраць яго. Можа сьмела аблаяць кожнага. Або маўчаць. Плюнуць на клубны рамонт, на зьвягу жонкі. Нават ня будзе патрэбы шукаць бутэлькі па клубных закавулках. Мабыць, там ужо ўсе падабралі пасьля дыскатэкі. Упершыню ў жыцьці Валера Сарокін набыў голас і з ім стаў адважным.

Кепска было толькі тое, што за ўсё належала плаціць уласным жыцьцём, якое ў яго адно. А за адно, мабыць, шмат ня купіш. Нават за адно вартае жыцьцё, а не такое нехлямяжае, якім было жыцьцё ў Валеры.

Ён і на самай справе болей нікуды не палез, застаўся ляжаць у трубе, пакуль яго не адолеў сон. Ці, можа, прастрацыя. У стомленай сьвядомасьці яго ўсё настойлівей пачыналі гаспадарыць дзіўныя, пачварныя вобразы-здані — сабачая галава на вялікім блюдзе, у якім жонка звычайна рабіла вінегрэт для сям’і. Пасьля зьявілася нейкая рыба ў кузаве самазвала — дробная, жывая рыбка, за якой ладавалася мітусьлівая жаночая чарга. Валера быццам нідзе там не прысутпічаў, але ўсё бачыў, нібы назіраючы збоку. Ці зьверху. Пасьля яшчэ нешта, што не запомнілася — блытанае, дзівоснае, — як на карцінах сучасных мастакоў-сюррэалістаў. Усяго шмат, усё блытанае, і нічога не зразумець. Можа, Валера і спаў, але ён не адчуваў таго. Выразна было толькі тое, што ён пакуль жыў; замаруджанае жыцьцё ў ім працягвалася, хоць і ў дзіўным, заблытаным стане.

1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)