Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 122 123 124 125 126 127 128 129 130 ... 260
Перейти на страницу:

У час разьмеркаваньня на працу пасьля сканчэньня педінстытута сакратарка дэкана паклікала яго ў кабінет — зазірнуць на хвілінку. Справа адбывалася ўвечары; адстаўшы ад сяброў, ён затрымаўся ў вучэбным корпусе па нейкай патрэбе і трохі зьдзівіўся выпадковай сустрэчы ў пустым калідоры: дэкан, думалася, ужо даўно павінен быць дома. Трохі заінтрыгаваны зайшоў у прыёмную, адтуль у кабінет, дзе за прыбраным ад папяровых завалаў сталом сядзеў зусім не дэкан, а незнаёмы малады чалавек з высокімі залысінамі ў бялявых, акуратна зачасаных валасах. Са зьзяючым, быццам ад гэтае сустрэчы, тварам, ён паціснуў Валераву руку, запрасіў сесьці. Тут жа пацікавіўся, як Валера Сарокін здаў дзяржэкзамены, якія ў яго далейшыя планы? Ці задаволены ён сваім разьмеркаваньнем? Валеру разьмеркавалі ў нейкі мядзьведжы куток на Палесьсі, задаволенасьці з тае прычыны ў маладога выпускніка было няшмат, што, мабыць, і адбілася на яго насьцярожаным твары. Незнаёмы, здаецца, усё зразумеў адразу, сардэчна яму паспачуваў і абяцаў памагчы. Як можна было памагчы, калі сьпісы былі падпісаны і зацьверджаны, а можа, і разасланы ў вобласьці, Валера не разумеў; незнаёмага ж гэтыя абставіны ані не бянтэжылі. Той толькі крышку ўсьміхнуўся і сказаў, што, калі трэба, усё можна ўладзіць. «Дзяржаўная камісія, канешне, — улада, але ёсьць улада і вышэй. Думаю, вы разумееце, пра якую я кажу ўладу?» — «Разумею», — выціснуў з сябе Валера, пакуль, аднак, мала што разумеючы. «Але і ад вас патрабуецца дапамога. Ня вельмі вялікая, але важная для органаў. Як вы — згодны?» — уставіўся чалавек у трохі зьніякавелага Валеру. Здаецца, толькі тады Валера пачаў штось разумець.

У выпадковых гутарках з рознымі людзьмі яму ўжо даводзілася што-нішто чуць пра работу гэтых таямнічых органаў, як імі часам называўся вядомы ўсім КДБ. Што-нішто пра тое ён чытаў у газетах. Але галоўнае — ён памятаў некаторыя скупыя аповеды маці пра бацьку — як яго ўзялі невядома за што і ён прапаў, ня даўшы ніводнага знаку пра сябе. Нейкі час Валера нават перажываў з гэтай нагоды, баяўся, як бы бацькаў лёс не адгукнуўся і на лёсе сына, але, відаць, перажываў дарма. Яго прынялі ў камсамол, ён лёгка паступіў у інстытут, ніхто яму ніколі не напомніў пра яго рэпрэсаванага бацьку. Ды ў інстытуце мала хто ведаў пра тое. За чатыры гады вучобы Валера прывык сябе адчуваць нароўні з усімі, з органамі ні разу ня меў справы і ўвогуле думаў, што іхняя праца яго ня тычыцца. Усе ягоныя сябры ў групе і на курсе былі добрыя хлопцы, спрэс працоўнага паходжаньня; ніхто не займаўся ні сьпекуляцыяй, ні фарцоўкай, у нізкапаклонстве перад гнілым Захадам таксама нікога немагчыма было западозрыць. Хаця, як цяпер аказалася, ад яго і не патрабавалася каго-небудзь падазраваць або за кімсьці сачыць. Проста належала даць фармальную згоду па супрацоўніцтва з органамі, падпісаць адпаведнае абавязацельства і выбраць псеўданім. Які хочаш, на свой густ — хоць «Талстой», хоць «Пушкін».

Нядоўга падумаўшы, Валера падпісаў паперку і, зірнуўшы ў акно на разлапістае гольле клёна, нерашуча прапанаваў: «Клёнаў». — «Ну і добра, хай будзе Клёнаў. Так і запішам, — пагадзіўся чалавек. — Цяпер вы ў нашым актыве. Калі што — мы з вамі зьвяжамся». — «А як жа з разьмеркаваньнем?» — хацеў запытаць Валера, бо хутка трэба было зьбірацца на новае месца працы. Ехаць да ягонага месца ў далёкі невядомы Петрыкаўскі раён Валеру ня надта хацелася, калі папраўдзе — зусім не хацелася, і ён не адзін дзень перажываў праз тое. Але ягоны шэф адразу змоўк, нібыта забыўся, з чаго пачынаў размову, і Валера не наважыўся ў яго запытацца. Падумаў, можа, і сапраўды яго яшчэ паклічуць і ўсё перайначаць як трэба.

Аднак пе паклікалі і не перайначылі. Маладжавага чалавека з залысінамі ён ніколі болей ня бачыў, у прызначаны тэрмін мусіў паехаць у школьную сямігодку пад лесам на краі балота, дзе і працаваў чатыры гады, пакуль не ажаніўся з разьведзенай, старэйшай за яго настаўніцай Валянцінай Іванаўнай. За пяць гадоў, што прайшлі пасьля памятнай размовы, у яго не было ніводнага кантакту з кім-небудзь ад тых органаў, падобна, ніякай цікавасьці да яго ў іх не ўзьнікала. Ад іншых, болей вопытных людзей ён ведаў, што гэтыя органы — не ЗАГС, разводу нікому не даюць і вярбуюць людзей назаўсёды. Таму паперкі з ягоным подпісам і псеўданімам «Клёнаў» будуць дзесьці ляжаць з грыфам «Зусім сакрэтна» і «Хаваць вечна», аж покуль іх не пагрызуць мышы. Ці не паб’е моль. Усьведамленьне свайго дачыненьня да справы, якая мае такую дзяржаўную важнасьць, часам зімовай сьцюжай абдавала Валеру і ў хвіліны спрыяльныя, і асабліва ў хвіліны трудныя. Вядома, гэтае ўсьведамленьне не аднойчы ўтрымлівала яго ад шмат якіх легкадумных па маладосьці ўчынкаў, але было і так, што скоўвала волю, калі яе трэба было праявіць для ўчынкаў людскіх і добрых. Часам ён хацеў і мог, але не рашаўся. Хіба калі вып’е, расслабіцца, адкрые душу ў сяброўскай размове з сабутэльнікамі, і то ўсё ламаючы галаву: хто перад ім — сябра ці стукач, таксама які-небудзь Клёнаў, Бярэзін ці, можа, Дубаў. Пад той час ён ужо ведаў сілу гэтых людзей і заўжды меў іх на ўвазе. Калі ягонага сябра заатэхніка Кірыліна за нешта няўцямнае зьнялі з працы, ён адразу адчуў, чыя гэта справа, і не заступіўся, не спрабаваў памагчы апраўдацца, хаця да таго амаль кожны выхадны яны разам вудзілі рыбу і нямала выпілі гарэлкі. Мабыць, Ватера павінен быў нешта зрабіць для яго, але не зрабіў, бо сам спалохаўся: ці мала што ягоны гаваркі сябра мог сказаць каму за бутэлькай. Яму, напрыклад, ён нагаварыў столькі, што гадоў на пятнаццаць хапіла б абодвум.

1 ... 122 123 124 125 126 127 128 129 130 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)