Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Як не было? — зьдзівіўся карэспандэнт і пагартаў блакноцік. — Во: у раёне ў сакавіку сорак трэцяга года дзейнічала дзьве брыгады і трынаццаць баявых групаў.
— Дык гэта ўжо ў сорак трэцім. Тады ўжо ім лацьвей было паяўляцца. Тут такое дзела… Ну, нашыя некаторыя і асобенна акружэнцы сабраліся на зіму і сядзелі, як мышы, па хатах. Некаторыя прыжаніліся, за гаспадарку ўзяліся. Ды яшчэ як узяліся — немцы ж калгасы распусьцілі, зямлю назад аддалі, трэба было пахаць-сеяць, дзяцей карміць. I знаеш, кармілі ня тое што раней у калгасе: і немцам здавалі, план жа ранейшы быў, і парцізан забясьпечвалі, але і сабе хапала. Тады хлеба наеліся — што значыць: аднаасобна. Вайна там недзе пад Масквой грыміць, а тут ціха. Дык гэтыя дурні-немцы аддаюць загад, каб усе акружэнцы, ну і там чужыя — усе прыбылі на рэгістрацыю. За невыкананьне — расстрэл. Ну хто, скажы, пойдзе на тую рэгістрацыю, з якой, можа, у лагер загрыміш? Пабеглі ў лес і пачалі ствараць парцізанку.
Усе гэтыя расповеды цікавыя, думаў карэспандэнт, але абсалютна непрахадныя, што толку было іх запісваць. I каб скіраваць Яўгена ў патрэбнае рэчышча, ён зважліва папытаўся:
— Але ж вы пайшлі добраахвотна?
— Я — дабравольна, — з прыхаваным гонарам адказаў Яўген і ўсьміхнуўся. — Дабравольна, але абязацельна. Як на заём! А як жа. Хоць і малады быў, сямнаццаць гадоў меў, але мусіў. Бо Ягор куды пойдзе — счытай, сьляпы. А да яго вясной з лесу — ідзі ды ідзі, немцы усё роўна стрэльнуць, бо скампраметаваны. Ці нават зьвязаны з немцамі, — што таксама расстрэл, толькі з другога боку. Ужо ад сваіх.
— А ён што — сапраўды быў зьвязаны?
— Гэ! Так лічылася. Усе мы былі зьвязаныя, бо пад немцамі жылі, не пад саветамі ж. Саветы ж нас кінулі, куды нам было падацца? Дык гэта камендант, доктар, як яго… Зноў забыўся…
— Ну, Мільх, малочнік, — падказаў карэспандэнт.
— Ага, малочнік, тоўсты такі, усё па мястэчку хадзіў з ад’ютантам — высокім, бы жардзіна, у акулярах і з рудой аўчаркай на повадзе. Баяліся яго, ага. Праўда, тады яшчэ нікога не застрэліў, толькі яўрэяў некуды вывезьлі. Куды? Тады ж ніхто ня ведаў, казалі, у гета, у горад. Пабралі з сабой цёплыя апраткі, грошы, прадукты, думалі: значыць, недзе жывуць. Пасьля аказалася — пастралялі.
— А вы можаце сказаць, дзе пастралялі?
— А хто ж іх ведае. Можа, у раёне, можа, у Менску. Ці па часьцях. Каб следу не засталося. Але гэта пасьля ўжо, як сьнег лёг. А сьпярша ціха было. Дык гэтая Марыля пасьля адной пачосткі ад брата пабегла ў мястэчка і — да каменданта: дай рады, пан немец, муж з парцізанамі зьвязаўся, у лес да іх бегае. Во дурная баба! Трэба ж было так на мужыка плявузгаць. Дай яшчэ сігарэціну, калі ёсьць, — зьвярнуўся ён да карэспандэнта.
— Ёсьць, калі ласка, — пасьпешліва працягнуў той пачак «Мальбара», з якога Яўген каравымі пальцамі вылузнуў адну, заклаў за вуха.
— Я дык больш «Прыму» абажаю. А гэтыя «мальбары»… у тэлевізары глядзеў неяк, пачалося здорава — коні, дзецюкі такія зубатыя, ну, думаю, пра бандытаў будзе, цікава. Аж толькі рэклама…
— Табе лепш махру курыць, — азваўся з акна Сяргей. Там ён застаўся адзін, Сьветка з жаніхом ужо зьніклі. За вуглом прарыпела драбіна на паддашша, і ў хаце зрабілася ціха.
— А што — махра неблагое курыва. У вайну яшчэ як курылі. Нават немцы ўпадабалі. Лепей за гэтыя «мальбары».
— Дык Марыля паскардзілася каменданту, — нецярпліва напомніў карэспандэнт, з прыкрасьцю адчуваючы, як марудна рухаецца яго інтэрв’ю.
— Паскардзілася, ага. Думала са злосьці, што ўдавой будзе. Некаторыя ж жанкі толькі і мараць, каб удавой стаць. Сьпярша замуж выйсьці, пасьля пенсіі дачакацца, а затым удавой стаць. Так і Марыля.
— А што камендант?
— А камендант гэны, доктар… Ага, Мільх кажа: яволь. I падае каманду ад’ютанту, той — іншым. I во ўжо падкатвае брычка і конных некалькі і — у дзярэўню. I да Ягора. Той якраз бульбу на гародзе выбіраў, дык яго, не памыўшы рукі, — ком! А затым да старасты нашага — быў такі гаваркі актывісьцік у калгасе, дык яго старастам паставілі, каб народ да канторы сабраў. Ну чалавек дваццаць сабралася, і я там быў. Чую, мужыкі кажуць, што Ягора будуць вешаць за сувязь з парцізанамі. Якімі парцізанамі — ніхто ня ведае. Але прывялі Ягора, і Марыля тут, гэтая аж цьвіце — яе перамога. Можа, трохі і баялася, але не відно. Прыцягнулі з канторы лаву, на лаву ўзьлез камендант. Народ стаіць кучкай, чакае. I во камендант пачаў гаварыць, а перакладчык, нядаўні наш вучань, праўда, трохі старэйшы за мяне, Юрка Паўшонак перакладае. I што ж атрымліваецца? Атрымліваецца, што Марыля зрабіла наўмысны паклёп на мужа з намерам увесьці ў зман нямецкія ўлады, бо парцізан у раёне няма, не было і ніколі ня будзе. А таму за паклёп ёй належыць трыццаць Розгаў, якія сй даць тут жа.