Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Зрэшты, так яно і здарылася. Яны далёка глядзелі, гэтыя раёпныя стратэгі, і не памыліліся. А разам з імі і яго Валянціна Іванаўна. Цікава, што яна думае цяпер пра яго прапажу? Звычайна ў такіх выпадках, калі ён дзе-небудзь затрымліваўся і сыны пачыналі пытацца, дзе бацька, іхняя маці з грэблівай усьмешкай адказвала: «Прыйдзе, нідзе ня дзенецца». Зайздросная вытрымка — і так ва ўсім.
«Але што ж, так і сядзець у гэтай жалезнай нары і гінуць у поўнай пакоры недарэчнаму лёсу?» — думаў Валера. Становішча яго, канешне, было зусім ахавае, хаця ў глыбіні сьвядомасьці ўсё ж таілася маленькая спадзёўка. На авось ці, можа, на цуд. Калі іншага не было, звычайна спадзяваліся на цуд, мабыць, так было заўжды. У жыцьці і ў гісторыі. Цуд, вядома, памагаў рэдка, болей падводзіў, асабліва атэістаў-бальшавікоў, якія, быццам не ведаючы таго, цяпер так дружна рушылі да хрысьціянскіх цудаў. Авось паможа! Калі памаліцца Богу, абразам, паклікаць царкоўных іерархаў на шматлюдныя прапагандовыя шоу. Авось будзе вынік. Можа, калі-нсбудзь і будзе, але пакуль што дапамогі ад іхняга стараньня было няшмат — эканоміка катастрафічна падала, фінансы ўжо разваліліся. Але камуністы маліліся! Чым далей, тым болей. Ці можа, рабілі выгляд, што вераць і моляцца, прытвараючыся ў набожнасьці. Гэтыя заўжды былі вялікія майстры наконт прытворства. Валеру ж тут прытварац-ца не было патрэбы, не было перад кім, і ён разумеў, што, калі не пастараецца сам, дык ніколі яму адсюль ня выбрацца. Значыць, трэба старацца. Мала што абдумаўшы і нават без выразнай мэты, ён падняўся і на кукішках, прыгнуўшыся, палез па трубе — няважна ў які бок, абы не сядзець на месцы.
На гэты раз ён поўз па-сабачы доўга, пакуль ушчэнт не стаміўся. I ўсё без якога-небудзь выніку. Ні стыку, ні люка, ні якога голасу знадворку — нічога нідзе. Вельмі магчыма, падумаў Валера, што яны заварылі апошні на гэтым участку стык і паехалі на новае месца. На новую базу. Але дзе яна магла быць, тая іх новая база, ён здагадацца ня мог. I трэба ж было яму ўлезьці ў гэтую пастку! Называецца, спужаўся дажджу. Ды хоць бы прамок да касьцей, ухапіў прастуду, грып ці яшчэ якую халеру, — можа б, урэшце як-небудзь выкараскаўся. А во як выкараскаешся адсюль, калі прапаў выхад? Выхад на самай справе зьнік, яго заварылі, засыпалі і зараўнялі, — во ў чым справа.
Як жа яму цяпер быць? Мабыць, ніяк. Ён ужо не жыхар на сьвеце, ён — перасяленец пад зямлю. Дарэчы, па сваёй п’янай дурноце. Аказваецца, па п’янцы магчыма і такое. Не прадбачанае нават для самага цьвярозага розуму.
Ён доўга ляжаў на дне трубы, адпачываў. Пасьля падцягнуў бліжэй сумку і даеў хлеб. Абаранкі расьпіхаў у кішэні, — каб спаражніць сумку, якая болей яму не спатрэбіцца. Вольным рукам будзе лепш. Хоць бы ведаць, колькі ён прайшоў пад зямлёй, — пры такім спосабе хады тое было няпроста. Усё ж ісьці было цяжка, няспрытна, надта сагнуўшыся, на кукішках. А можа, і ня варта было нікуды ісьці? Легчы і сканаць. Гэта было б лягчэй. Значыцца, і разумней.
Але няўжо яны там не спахопяцца, не заўважаць ягонай прапажы, ня ўзьнімуць трывогу? I не здагадаюцца, дзе ён зьнік. Хоць бы Сямён Рудак. Сямён быў апошні, хто ў мястэчку ля забягалаўкі бачыў Валеру. Яны доўга разьвітваліся — не маглі разьвітацца. Хаця Сямён што — у Сямёна ўласнага клопату поўная галава. Нядаўна адчыніў гандлёвы ларок з рознай драбязой — «сьнікерсамі», галантарэяй ды іншым, — дык абчысьцілі ноччу. Цяпер бегае, шукае зладзеяў. У міліцыі так і сказалі: шукай сам. Знойдзеш, даложыш, — прымем меры. Ня знойдзеш — аштрафуем за кепскія клопаты аб ахове. Вось такія парадкі. Магла б узьняць тарарам Валянціна, але ад яе дачакаешся! Для яе галоўнае — не ўзьнімаць паніку. Яшчэ парадуецца, што прапаў, скажа сынам: прыйдзе, нідзе ня дзенецца. Калі толькі тыя папытаюцца. А можа, і пе папытаюцца, — падрасьлі, агрубелі, ня тое што былі малыя. Цяпер цалкам пад матчынай педагагічнай апекай. I дзеці, і муж. Быў. Ды ўвесь выйшаў…