Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Даў бы, каб было, – адказаў Фрода.
– Я аддам, што засталося. Зараз, пачакай крыху, – сказаў Мэры ды, сышоўшы з поні, зашнарыў у торбе пры сядле.
Неўзабаве знайшоў і працягнуў Саруману скураную кеску.
– Бяры, калі ласка, бо мы знайшлі гэта на руінах Ізенградку, – патлумачыў Мэры.
– Маё, маё, так, і шмат сплочана за тое, – выгукнуў Саруман, учапіўшыся ў кеску. – Але ж гэта толькі для віду, бо ўпэўнены: вы нахапалі значна болей! Ну, усё ж жабрак мусіць быць удзячным, калі злодзей вяртае хоць каліўца былой маёмасьці. Вам усё прыдасца, калі вернецеся дахаты й вам меней спадабаецца ў Паўднёвым падзеле, чым чакаеце! Хай жа доўга не хапацьме ў вашай краіне люлькавых зёлак!
– Вось табе й дзякуй! – толькі й вымавіў Мэры. – А ну-тка вярні кеску, яна мая й правандравала з мною шмат. Загарні зёлку ва ўласныя анучы.
– Злодзею – злодзеева! – гыркнуў Саруман, павярнуўшыся да Мэры сьпінаю, пнуў нагой Зьмеяротага, і ўдвох яны рушылі да лесу.
– Ну, як вам тое падабаецца? – зьдзівіўся Піпін. – А як наконт падпільнаваць нас, схапіць, параніць ды валачы рукамі оркаў праз увесь Рохан?
– Ага! – вымавіў Сэм раздумліва. – Ён сказаў: сплочана. Якім жа чынам, цікава мне? I нешта не падабаюцца мне ягоныя словы пра Паўднёвы падзел. Час нам вяртацца дахаты.
– Упэўнены, што так, – пагадзіўся Фрода. – Але ж мы не патрапім хутчэй дадому, калі хочам пабачыць Більба. Што ні здарылася б, я перш за ўсё – у Долы Яр.
– Так, мяркую, табе й лепей зрабіць, – згадзіўся Гэндальф. – Але ж як шкада Сарумана! Баюся, анічога болей зь яго не атрымаецца. Згніў суздрам. Усё адно ня ўпэўнены, што Дрэвабарод зрабіў слушна. Мяркую, Саруман яшчэ здатны на якое дробнае паскудзтва.
Наступным днём рушылі па паўночным Дунляндзе, дзе цяпер ніхто ня жыў, хоць краіна была зялёная й прывабная. Верасень наведаў яе, прыбраны залатымі днямі й срэбнымі начамі, сябры ехалі павольна, атрымліваючы асалоду, так сягнулі ракі Лебядзіцы й старога броду на ўсход ад вадаспадаў, якімі рака раптоўна абрыналася ў панізоўі. Далёка на захад цягнуліся багны й разьлівы з россыпам выспачак, між якіх рака вілася да Шэраводзьдзя. Безьліч лебедзяў гнездавала ў гэтых чаротавых краёх.
Дабраліся да Эрэгіёну, і нарэшце на зыркім сьвітанку, прабліснулым над сьветлымі туманамі, вандроўнікі зь лягеру, разьбітым на нізкім пагорку, зірнулі на ўсход і ўбачылі, як сонца кранае тры горныя пікі, якія мкнуць высока ў нябёсы, працінаючы аблокі: Карадрас, Келебдыл і Фануйдхал. Картэж наблізіўся да брамы Морыі.
Там падарожнікі затрымаліся на сем дзён, бо надышоў час яшчэ аднаго разьвітаньня, такога нежаданага. Келебарн з Галадрыельлю й іхні народ неўзабаве мусілі збочыць на ўсход і, пераваліўшы праз Браму Барвянага Рогу ды спусьціўшыся па Дымрыльскай Лесьвіцы, сягнуць Срабрынкі й уласнай краіны. Так далёка на захад праехалі яны, бо мелі шмат пра што пагаманіць з Эльрандам і Гэндальфам, таму й затрымаліся дзеля гаворкі й успамінаў. Часта, калі хобітаў агортваў моцны сон, эльфы й чараўнік сядзелі разам пад зорамі, згадваючы мінулыя эпохі, свае радасьці й дзеі ў гэтым сусьвеце ці раячыся пра дні, якім наканавана было надысьці. Калі б які чужынца прайшоў міма, няшмат ён заўважыў ці пачуў бы, толькі падалося б яму: бачыць нерухомыя шэрыя постаці, каменныя выявы, чыесьці згадкі пра забытае ў бязьлюднай цяпер зямлі. Бо яны зусім не варушыліся, і гаворка іхняя вялася ня вуснамі, а з розуму ў розум, і толькі ў вачох іхніх адбівалася тое, пра што яны абменьваліся думкамі.
Але ж урэшце ўсё было прамоўленае, і яны разьвіталіся да часу, калі надыдзе дзень сыходзіць усім Тром Пярсьцёнкам. Хутка сярод ценяў і шэрых камянёў зьніклі постаці лорыйнскага народу, прэч памкнулі яны, да гор, а тыя, што кіраваліся ў Долы Яр, засталіся сядзець на пагорку, назіраючы, пакуль туман, расступіўшыся на імгненьне, не паказаў у далечы тых, з кім разьвіталіся, і ўсё зьнікла зноў. Фрода ведаў, што Галадрыель высока ўзьняла руку зь пярсьцёнкам на знак разьвітаньня.
А Сэм, адвярнуўшыся, уздыхнуў: "Хацеў бы я вярнуцца да Лорыйну!"
I вось праз пэўны час, увечары, едучы высокім узгор'ем, пабачылі раптам – як тое заўжды нечаканым падавалася вандроўнікам – амаль пад нагамі глыбокую даліну Долага Яру, а далёка ўнізе – зыркія ліхтары Эльрандавай сядзібы. Тады спусьціліся, перайшлі мост і сягнулі дзьвярэй, і ўвесь дом напоўніўся сьвятлом ды песьнямі радасьці ад Эльрандавага вяртаньня.