Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 121 122 123 124 125 126 127 128 129 ... 260
Перейти на страницу:

Што ж, ён быў гатовы да ўсяго.

Нядоўга пасядзеўшы, ён пачаў драмаць і, падобна, нават заснуў, праспаўшы нейкі кавалак часу — дня ці ночы. Асабліва ўражлівых сноў не пабачыў, толькі прысьнілася штосьці з дзяцінства і — маці. Кожнага разу, калі ён бачыў яе ў сьне, трывожна прачынаўся, — маці была ягоным дакорам, яго хваравітым сумленьнем. З гэтым гаротным пачуцьцём ён жыў усе апошнія гады, выразна ўсьведамляючы свой грэх, ня ў стане яго замаліць. Хацеў і ня мог. Валера быў сынам старэнькай настаўніцы-пенсіянеркі, усё жыцьцё якой з маладых гадоў было аддадзена яму, адзінаму сыну — яе лёсу. ГІраз яго яна пакутвала і радавалася; болей, аднак, пакутвала. Радасьці ад яго было няшмат. Апошнія дзесяць гадоў яна жыла адна, у вёсцы праз дваццаць кіламетраў ад ягонага «Шляху да камунізму», часта хварэла; часам тэлефанавала яму, але хатняга тэлефона ў яго не было, а ля клубнага ў кабінеце не заўсёды быў ён. Даўно трэба было б узяць маму ў яго сям’ю, ён гэта ведаў (хаця мама ніколі не прасіла яго пра тое), мабыць, з унукамі ёй было б весялей. Але жонка, Валянціна Іванаўна… Валера за дзесяць год іхняга жыцьця так і не наважыўся загаварыць з ёй пра маці, хаця жонка, можа б, і не адмовіла сьвекрыві ў прытулку і хлебе. Ды падкоркай Валера адчуваў, што добра гэтая справа ня скончылася б, як дабром не канчалася ніводная яго новая справа ў сям’і. Надта ўжо розныя яны былі, гэтыя дзьве сельскія настаўніцы: адна — навучэнка местачковага педтэхнікума трыццатых гадоў і другая — выхаванка ня так сталічнага педінстытута, як розных парткамаў, камісіяў ды саветаў, членам якіх ёй давялося перабываць. Так сталася, што яна рана зразумела сваю галоўную ролю ня так у народнай адукацыі, як у клопатах аб выкананьні розных партыйных мерапрыемстваў, найпершымі сярод якіх былі пасяджэньні і нарады. Паўдня адрабіўшы ў школе, астатні час Валянціна Іванаўна засядала то ў калгасным партбюро, то ў якой-небудзь грамадскай камісіі; у выхадны абавязкова адпраўлялася на нараду ў райцэнтр ці на правядзеньне семінара ў адзін з сельскіх калгасаў. Некалькі разоў у год яна прымала ўдзел у сесіях абласнога савету, дэпутаткай якога была абраная. Ягоная Валянціна актыўнічала з усёй уласьцівай ёй кіпучай энергіяй і тым ганарылася. Валера ж з тае прычыны часьцяком пакутваў, перыядычна і марна абураючыся: калі галодны да позьняй ночы тырчэў у клубе; калі не знаходзіў чыстай сарочкі да чарговага канцэрта клубнай самадзейнасьці; калі ўвечары не было за што выпіць і не было ў каго пазычыць на бутэльку. Жончын жа кашалёк даўно быў не для яго. Але за гады сумеснага жыцьця ён паступова прывык да свайго незайздроснага лёсу нявольніка камуністычнай сістэмы, як моўчкі ён сябе называў.

Ягоная ж старэнькая маці, дажыўшы да пенсіі, перастала прызнаваць камуністычную ўладу наогул, якую да таго тайна і ўпарта ненавідзела за пагібель мужа ў трыццатыя, размаўляла з сялянамі па-беларуску і зрэдчас хадзіла ў каталіцкі касыдёл, бо ў акрузе не было ўніяцкага. Валянціна Іванаўна летась закінула на шафу патрэпаныя кансьпекты гутарак па навуковым атэізьме і следам за раённым кіраўніцтвам са сьвечкай у руках пайшла ў прыгожа адрамантаваную праваслаўную царкву. «Нельга адрывацца ад народа», — патлумачыла яна сваю нечаканую рэлігійнасьць. Валера на гэта толькі крыва ўсьміхнуўся і не пайшоў у царкву. Па-першае, пад той час ён стаў беспартыйным, па-другое, яму хапала і клуба з партрэтам сурова насупленага прэзідэнта, які яго абавязалі павесіць над сцэнай. Такія ж партрэты віселі ў кожпым класе іх школы, пра што паклапацілася член бюро райкама ПКБ Валянціна Іванаўна.

Калі добра падумаць ды на цьвярозую галаву дык няцяжка было зразумець, што ў безвыходнай пастцы Валера апынуўся не ўчарашняй начы ці днямі, нават не ў гады перабудовы, а куды раней. З прычыны ўласнай дурноты ён зрабіў учынак, які ў той час яму здаваўся ўдачай, а затым пакрысе стаў ціснуць на яго чыгунным цяжарам, гасячы шматлікія яго зусім чалавечыя памкненьні. Асабліва ў апошнія перабудовачныя гады, калі грамадзянскія хібы мінулага ўпершыню былі названыя ўласнымі назовамі і шмат што перастала быць грамадзянска-партыйным абавязкам, стаўшы, як яму і належала, звычайнай подласьцю. Ня ўсе, каго гэта тычыла, пранікліся раскаяньнем, але і наўрад ці хто ганарыўся сваім тайным мінулым, адчуўшы хоць бы кароткі спалох ад магчымых наступстваў. Некаторым перастала памагаць і бутэлька.

Пачаткі душэўнага дыскамфорту кожнага таіліся ў далёкім ці нядаўнім мінулым, пра якое некаторыя стараліся забыцца; і іншыя, каб і хацелі, не маглі тое зрабіць. Валера сваё ўкрыжаваньне памятаў з усімі драбніцамі, забыцца на яго яму так і не далі.

1 ... 121 122 123 124 125 126 127 128 129 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)