Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Назаўтра Пётр у кампаніі бацькі пабываў у горадзе, наведаў Лазенкі, касцёлы, музеі, Замак.
Якраз калі яны выходзілі з Замка, побач з аўтамабілем ён убачыў жанчыну, якая нібыта іх чакала. Нос яе быў чырвоны, з-пад старога саламянага капелюша, ссунутага набакір, вылазілі пасмы брудна-сівых валасоў. Увесь яе выгляд сведчыў пра ўбоства, занядбанне і алкагалізм.
Калі яна ўбачыла прафесара, яе вусны расплыліся ў здзеклівай усмешцы і, лёгка хістаючыся, яна зрабіла да яго некалькі крокаў.
— Сядай у машыну, — загадаў Бруніцкі Пятру, а сам падышоў да бабы і грозна спытаўся:
— Чаго Буфалова мяне пільнуе? Колькі разоў я гаварыў…
— Ціха, доктарчык, ціха, — скрыпучым голасам перарвала жанчына. — Чаго ўжо злавацца. Паладзім.
— Буфалова зноў п’яная!
— Ад клопатаў, бацюхна. Няма ніякіх заробкаў. Доктарчык пра мяне забыўся…
— Я ўжо вам казаў, — насцярожана агледзеўся вакол Бруніцкі, — што мне больш нічога не трэба.
Жанчына смела выцягнула руку ў дзіравай пальчатцы і схапіла яго за локаць:
— Але мне трэба. Мне патрэбныя грошы.
— Больш не дам.
— А я вам гавару, дасце, — захіхікала яна, — я, праўда, не ведаю, як вас завуць і дзе вы жывяце, але нумарок машыны памятаю. Вось як! Нумарок 82 822. Харошы нумарок, я назаўсёды яго запомніла. А ўжо там па нумарку адшукаць няцяжка…
— Гэта шантаж! — цыкнуў Бруніцкі. — Вы разумееце, што за гэта турма?
— Турма вялікая, і вам у ёй хопіць месца, — буркнула жанчына.
Прафесар закусіў вусны:
— Колькі вы хочаце?
— Дык і пяцьсот злотых не пашкодзіць. Гэта я так сабе сказала. Не пашкодзіць.
Калі прафесар палез у партфель, яна дадала:
— Пяцьсот не пашкодзіць, а семсот дапаможа. Вы багаты. Вам па кішэні.
Бруніцкі хутка выняў банкноты, скруціў іх і падаў ёй:
— Вось. І забудзьцеся пра мяне нарэшце, Буфалова.
— Доктарчык, — расчулілася яна, — няхай вам Бог аддзячыць за добрае сэрца. Я б не рабіла гэтага, калі б не бяда. Але што сёння акушэрка можа зарабіць? Найвышэйшая служка дасць сто злотых за аборт, а з некаторых і гэтага не выцягнуць…
— Ну, няма часу, — ссунуў бровы Бруніцкі і хацеў адысці, але жанчына зноў прытрымала яго за рукаў:
— Доктарчык, вам сапраўды ўжо гэтыя дзяўчыны непатрэбныя? У мяне зараз ёсць якраз што трэба. На другім месяцы. І прыгожая. Краўчыха.
Жанчына настойліва глядзела яму ў вочы.
— Я казаў, што не. Калі ў Буфаловай будзе якая-небудзь інтэлігентная дзяўчына, то так, кіньце, як звычайна, запіску. Але паўтараю, павінна быць інтэлігентная і вельмі маладая.
— Дзе ж я такую вазьму, — заламала яна рукі, — раней такія трапляліся, а цяпер дактары ўвесь хлеб у акушэрак забралі. Але калі што, я паведамлю. Як звычайна, кур’ерам?
— Так.
Прафесар захінуў паліто і, не азіраючыся, сеў у машыну.
— Нейкая агідная баба, — заўважыў Пётр.
— Паехалі, — кінуў прафесар шафёру.
— Загадаеце ў клініку?
— Так. А паніча адвезці дадому. Я сёння паабедаю на месцы, бо ў мяне тэрміновая нарада, — патлумачыў прафесар сыну.
Пётр сядзеў у зале з доктарам Кунокі. Размова зайшла на акультныя тэмы. Спірытызм, медыумізм, гіпнатызм. Пётр, які вельмі мала ведаў пра гэта, слухаў з цікавасцю і выпытваў доктара пра дэталі.
У пэўны момант японец спытаўся:
— А вас ніколі не гіпнатызавалі?
— Не, ніколі.
— Ведаеце, гэта вельмі забаўнае адчуванне, — засмяяўся Кунокі, — зрэшты, я не ўпэўнены, ці вы ўвогуле паддаяцеся гіпнозу.
— Я сам бы хацеў ведаць.
— А вы не баіцеся?
— Што вы! Больш за тое, я лічу, што ў жыцці ўсё варта паспрабаваць. А вы, доктар, умееце гэта рабіць?
— У мяне ў гэтым ёсць сякая-такая практыка, — засмяяўся японец, — калі хочаце, правернем гэты жарцік.
— З вялікім задавальненнем.
— Ну тады, ляжце, калі ласка, на сафу.
Яны абодва смяяліся, і Пётр расцягнуўся на тахце:
— Я гатовы, але мне нешта не хочацца верыць, што ў вас атрымаецца.
— І я сумняюся, але паспрабуем. Увага! Я пачынаю.
Доктар Кунокі нахіліўся над Пятром, кончыкамі пальцаў дзвюх рук ён скруціў дзве пятлі над скронямі, склаў далоні над пераноссем і развёў іх па гарызанталі, падняў над галавой.
Расхістаныя хвалістымі рухамі пальцы, здавалася, зараз нешта згорнуць з твару ляжачага, рукі спіральнымі рухамі прасунуліся над ключыцай, хуткім рухам скрыжаваліся над ямкай і раптам узляцелі ўверх. Усе канечнасці Пятра здрыгануліся напружанымі мышцамі і абмяклі, дыханне запаволілася: сонечнае спляценне расслабілася.
Яшчэ два праходы ўздоўж цела, і японец выпрастаўся.