Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Барыс Пятровіч выказаў меркаваньне, што літаратурны Нобэль замірыць прыхільнікаў і праціўнікаў Сьвятланы Алексіевіч:
«Яны павінны прымірыцца. Сьвятлана Аляксандраўна была, ёсьць і застаецца грамадзянкай Беларусі. А беларуская літаратура заўсёды існавала ня толькі на беларускай мове, яны была на розных мовах. Так што я думаю, што гэта стане пунктам, зь якога пачнецца замірэньне».
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец пракамэнтаваў Радыё Свабода прысуджэньне Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.
Севярынец: «Мае віншаваньні Сьвятлане Алексіевіч! Тое, што яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі атрымаў Нобэлеўскую прэмію — гэта сьведчаньне таго, што беларусы — нацыя таленавітая, гэта нацыя глыбокіх геніяў. Я нагадаю, што нобэлеўскія ляўрэаты ў галіне літаратуры, зьвязаныя зь Беларусьсю або паходжаньнем зь Беларусі, — і Генрых Сянкевіч, і Чэслаў Мілаш. Ёсьць дыскусія ў беларускім грамадзтве адносна мовы — расейскай мовы, на якой піша Сьвятлана Алексіевіч, наконт яе стаўленьня да самой беларускай мовы. Але я спадзяюся, што цяпер, з гэтага нобэлеўскага п’едэстала, спадарыня Сьвятлана выкажа ўжо больш узважаную пазыцыю, і мы пачуем ад яе выступ па-беларуску, пачуем у Нобэлеўскай лекцыі, у выступах імёны і прозьвішчы беларусаў, якія пісалі па-беларуску. Таму, скажам так, ёсьць пэўныя спадзяваньні».
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Перакладчык Лявон Баршчэўскі пра тое, што Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, даведаўся ад Радыё Свабода.
Баршчэўскі: «Гэта вялікая падзея, зь якой трэба павіншаваць беларускую літаратуру. Наша літаратура заслугоўвае. Гэта першы выпадак атрыманьня прэміі на ўсёй постсавецкай прасторы. Раней толькі расейскія літаратары атрымлівалі, дый тое яшчэ да распаду Савецкага Саюзу.
Характэрна, што я чытаў расейскія сродкі масавай інфармацыі, і ніхто не называе яе «нашай пісьменьніцай». Кажуць — «беларуская пісьменьніца», а «ад нас балятуецца Яўген Еўтушэнка». Трэба павіншаваць. Увага да беларускай літаратуры павялічыцца».
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адзначыў, што Алексіевіч па-сапраўднаму займаецца літаратурай Беларусі, яна напісала цэлы шэраг твораў.
Чаргінец: «Для беларускай літаратуры гэта вельмі прыемна, што наша аўтарка атрымала прызнаньне такога высокага ўзроўню. У сувязі з тым, што прадстаўнік нашай краіны атрымаў Нобэля, беларускую літаратуру стануць больш чытаць у сьвеце, зьявіцца больш выданьняў на розных мовах — і гэта будзе станоўча ня толькі для самой Сьвятланы Алексіевіч, але і для іншых нашых аўтараў. Я жадаю, каб мільён эўра, які атрымае Сьвятлана Алексіевіч, пайшоў ёй на карысьць, буду вельмі рады павіншаваць яе ва ўрачыстай атмасфэры», — сказаў Чаргінец.
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Нобэлеўскую прэмію Сьвятланы Алексіевіч камэнтуе пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
Арлоў: «Сардэчна віншую дарагую Сьвятлану! — кажа Арлоў. — Найперш гэта прэмія за яе кнігі, якія чытаюць ва ўсім сьвеце! Але я ўспрымаю прэмію і як высокае прызнаньне нашай літаратуры, як узнагароду ўсёй незалежнай беларускай супольнасьці. Прэміяй уганараваная сёньня ўся Беларусь. Я добра адчуваю гэта цяпер, бо знаходжуся на літаратурным фэсьце ў Літве, дзе з радасьцю прымаю віншаваньне за гэты посьпех Сьвятланы — і ўсёй нашай літаратуры».
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Паэт Уладзімер Някляеў ацаніў прысуджэньне Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры як сапраўднае сьвята.
Някляеў: «Гэта сьвята для нашай літаратуры, для нашай культуры, для нашай грамадзянскай супольнасьці, для нашай краіны, для нашага народу. Ня ў кожнай зь безьлічы краін сьвету ёсьць нобэлеўскія ляўрэаты, і тым больш ляўрэаты ў галіне літаратуры. Тыя меркаваньні, якія выказваюцца ў адмоўным сэнсе — маўляў, Сьвятлана Алексіевіч не беларуская пісьменьніца — перакрываюцца афіцыйнай інфармацыяй пра прысуджэньне ёй Нобэлеўскай прэміі, дзе сказана наўпрост, што Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымаў менавіта беларускі аўтар. Таму давайце ўсе разам, як на Новы год (а гэта своеасаблівы Новы год для беларускай літаратуры) падымем келіхі з шампанскім і вып’ем за ўдачу Алексіевіч, за яе здароўе».