Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Сьвятлану Алексіевіч з прысуджэньнем Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
Пра гэта паведаміла прэзыдэнцкая прэс-служба.
«Ваша творчасьць не пакінула абыякавымі ня толькі беларусаў, але і чытачоў у многіх краінах сьвету. Шчыра рады за Ваш посьпех. Вельмі спадзяюся, што Ваша ўзнагарода паслужыць нашай дзяржаве і беларускаму народу», гаворыцца ў віншаваньні. Лукашэнка таксама пажадаў Сьвятлане Алексіевіч здароўя, шчасьця і новых творчых дасягненьняў на карысьць роднай Беларусі.
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Нобэлеўскую прэмію Сьвятланы Алексіевіч камэнтуе літаратар і культуроляг Юлія Чарняўская.
«Для Беларусі гэтая прэмія значыць, што нас будуць ведаць. Будуць ведаць, што ёсьць такая краіна — Беларусь. Пачуюць нашы галасы, пачуюць тыя галасы, што ў Сьвятланы ў кнігах: галасы чарнобыльцаў, галасы падлеткаў вайны, жанчын вайны...
Хіба апошняя яе кніга была сабраная ня толькі з галасоў беларусаў, усе яе іншыя кнігі — гэта толькі нашы галасы: і мой, і ваш, і вашых блізкіх.
Тое, што піша Алексіевіч, гэта жанр літаратурнай oral history. Менавіта літаратурнай, гэта дакумэнтальная літаратура высокага кшталту. У сьвеце цяпер у авангардзе ідзе дакумэнтальны тэатар, дакумэнтальная фатаграфія, дакумэнтальная літаратура. Уся Эўропа цяпер піша пра маленькага чалавека, прагне жывых галасоў эпохі. У нас на постсавецкай прасторы ўжо даўно ніхто не асэнсоўвае вайну, а ўся Эўропа піша пра чалавека на вайне ці ў нейкім катаклізьме, такія творы досыць папулярныя.
У гэтай літаратуры ёсьць свая касмагонія. Алексіевіч піша кнігі пра вялікі пералом з чалавекам, як чалавек гэта перажывае, цісьне зь сябе раба. Пісьменьнік можа напісаць і пра аднаго чалавека, і гэта будзе космас, цікавы ўсім.
Я друкавала на Свабодзе артыкул пра тое, што Сьвятлана — менавіта беларускі аўтар.
Я так лічу і буду лічыць далей. І для краіны свой «Нобэль» — вялікі-вялікі бонус. Гэта перамога Беларусі — калі гэтага нехта не разумее цяпер, зразумеюць потым, убачаць. Гэта інтэлектуальны брэнд краіны. Да нас прачнецца цікавасьць, ад нас будуць чакаць большага і большага, нас будуць перакладаць. Допінг свайго кшталту. Я, напрыклад, буду вельмі чакаць, калі перакладуць Бабкова ці Бахарэвіча. Ці Чарухіна, які піша на расейскай, але без сумневаў беларускі аўтар».
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Нобэлеўскую прэмію Сьвятланы Алексіевіч камэнтуе паэт, прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч.
«Калі б спадарыня Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію некалькі гадоў таму, я б зьдзівіўся. Але чаканьне, напружаньне ад букмэйкерскіх прагнозаў, чаканьняў радасных, трывожных, гістэрычных прывучыла да Нобэля Алексіевіч як да непазьбежнага.
І гэта здарылася непазьбежна. Калі сур’ёзна, гэта даўно заслужаная Алексіевіч рэч.
На яе апошнія гады сыпаўся град эўрапейскіх узнагарод. Яна самая вядомая ў літаратуры грамадзянка Беларусі, як бы некаторыя яе зласьліўцы ні камэнтавалі праблему яе расейскамоўнасьці-беларускамоўнасьці.
Яна піша тое, што ў нармальнай, сьпелай эўрапейскай літаратуры займае яе палову — non-fiction. Гэта займае палову швэдзкай, польскай, ангельскай, францускай літаратуры. І гэта выглядала б глыбока недаразьвітым у Беларусі, каб не Алексіевіч, якая амаль самотна запаўняе гэты прагал. Гэта самая папулярная літаратура ў сьвеце, як бы ні наракалі паэты.
Гэта літаратура-дакумэнт, штосьці на мяжы між пісьменьніцтвам і журналістыкай. Алексіевіч гэта падхапіла, у нас былі майстры non-fiction і раней, але яна разьвівае гэта. Яе кнігі аказаліся канвэртабэльнымі ў сэнсе перакладаў на іншыя мовы, даходжаньня да чытачоў.
Я як грамадзянін Беларусі гэтаму цешуся, як чытач гэтаму цешуся, як знаёмы Сьвятланы гэтаму цешуся. І заклікаю беларусаў гэтаму цешыцца — ды яны і без таго цешацца, калі паглядзець сацыяльныя сеткі. Агульнае адчуваньне радасьці. Нарэшце ў нас спыніцца хваравіты комплекс непаўнавартасьці, што калі ж, калі ж нашаму дадуць Нобэля — гэта было на мяжы непрыстойнасьці апошнія гады. Гэта знак нейкага сталеньня самой культуры: праехалі, перахварэлі на дзіцячую хваробу чаканьня Нобэля. Шмат беларусаў жывуць зь нейкім комплексам непаўнавартасьці: усё цікавае можа адбывацца ў Нью-Ёрку, у Парыжы, у Маскве, калі ў каго Масква ў галаве... але не ў Беларусі! Мне здаецца, што Нобэль Алексіевіч шмат каго можа пераканаць, вярнуць беларусам крышачку самапавагі.