Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Праз нейкі час яго катурхнулі за плячо – пабудзілі. І ён прачнуўся бадзёры, з добрым настроем, быццам праспаў усю ноч, а не дзве гадзіны...
Сержант Грынькоў пастроіў трох салдат – і ўсе разам пайшлі ў цемру, каб змяніць тых, што адстаялі свой час.
– Стой, хто ідзе? - пачулася з цемры.
– Разводзячы са зменай!
Гэтак жа падышлі да другога, да трэцяга паста.
Вінцук застаўся адзін на адзін з ноччу і зоркамі, што густа высеяліся і выясніліся ў небе. Сам не ведаў, ад чаго ў яго быў узнёслы настрой, чаму так радасна і цёпла стала на сэрцы...
Падумаў пра тое, што трэба было б напісаць ліст маці – ужо колькі тыдняў прайшло, як апошняе адправіў... Крыўдзіцца будзе і перажываць, падумае, што зноў нешта здарылася...Ён любіў назіраць за зоркамі. Гледзячы на іх, добра марылася.Верылася тады, што ўсе жаданні ператворацца ў яву, што на абранай ім дарозе не будзе калдобінаў і глыбокіх ямаў...
Аднекуль наплылі хмары, абклалі ўсё неба, і знік Валацужны шлях праз усё неба... Затрашчала над галавой маланка, абрынуўся на зямлю халодны і калючы дождж. Неба раздзялілася – з аднаго боку было цёмна і даждліва, а з другога, ад захаду, яно было чыстым і светлым, нават з зоркамі... Вінцук падзівіўся: «Як быццам змагаюцца дзве сілы – цемры і святла, зла і дабрыні...»
– Вінцук, ты чуеш мяне? – голас з цемры – ці то Кацярыны, ці то Аксаны –мілагучны, добразычлівы.
– Чую, – не здзівіўся вартавы, хаця ведаў, што яму не дазволена размаўляць, перад ім ужо была не ноч, а быў дзень, і на яго глядзелі вочы ці то Аксаны, ці Кацярыны, ды не, то ж вочы матулі... – То ты, мама?
– Пазнаў, – абрадавалася маці. – То пайшлі, сынок, прагуляемся з табою – камандзір дазволіў нам прагуляцца, я і дранікаў табе нарыхтавала з дамашняй каўбасой... пайшлі...
У руках маці кошык з прысмакамі – пачуў пахі і пракаўтнуў сліну.
– Я ж не магу, мама, пакінуць пост, – запярэчыў слаба, робячы ўсё ж крок да яе. – Вось змянюся, тады і прыходзь да мяне...
– Нікуды твой пост не падзенецца, – супакойвала Мальвіна, – ды мы доўга і не будзем – пасядзім на грудочку, ты пад’ясі – і назад вернемся. Там і Віцька чакае цябе... А то даўно мы з табой не бачыліся... Пайшлі, сынок...
Яна вяла яго за сабой, пратоптваючы дарогу, махала рукой – прыспешвала яго хаду. А ногі былі як ватныя, як хто навешаў на іх важкіх камянёў, – і ён з цяжкасцю перастаўляў іх, як марудзіў нечага, супраціўляўся.
– Не адставай, сынок, у нас мала часу... ідзі хутчэй за мной...
Як да дзеда Нікадыма акурат ідуць, гэтак жа падахвочвае яго да хады.
Ужо і дарога не дарога, а нейкая лесвіца, якая вяла некуды вышэй і вышэй – да аблокаў, а маці ўсё махае і махае рукой, просіць паспяшацца... Зноў жыхаюць маланкі, лье праліўны дождж... Але – во дзіва! – ні ён, ні матуля, што была без плашча ці якой накідкі, – ані кроплі на іх, сухія, як і не пад дажджом крочылі наперад...
– Ідзі, сынок, паспяшай... Хутка вернешся... Вунь Віцька нам рукой махае...
Ён не заўважае, што яны ідуць па сцяне недабудаванага высотнага – у дзевяць паверхаў – дома, на апошнім паверсе знаходзіліся...
Ужо і да вугла заставалася крокаў з дзесяць, не больш...
Калі ж зноў жыханула маланка і асвяціла наваколле і іх, то Вінцук угледзеў, што то і не маці зусім перад ім, а вядзьмярка Журавель, і праз тоўшчу адлегласці і часу да яго даляцеў слабы старэчы голас: «... калі што адчуеш, то чытай «Ойча наш»...
– Ойча наш, існы ў нябёсах... Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыдзе Валадарства Тваё, няхай будзе воля Твая на зямлі, як і на небе...
Ён прашаптаў толькі некалькі слоў, як адразу перакрывіўся твар у Аксаны. А побач з ёю вырасла постаць Нікадыма – ён узняў над сабою рукі, гледзячы ў неба, крыкнуў з апошніх ужо сілаў:
– Абарані, Божа!..
Розум і асэнсаванне рэчаіснасці пачыналі яснець, як быццам нараджалася раніца, як быццам ён пачаў абуджацца ад сну...
Зноў крыкнуў дзед, але ўжо зусім аслабелым голасам:
– Жыві, хлопча! Бог пачуў тваю малітву!
Аксана тут жа, на вачах, ператварылася ў нейкую чорную птушку – ці не ў крумкача, але памерам з бусла; паспрабавала ўзляцець, мусіць, уцячы, ды не здолела – з дзікім жудасным крыкам шусьнула ўніз і наткнулася на вострыя пікі арматуры...