Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Помніўся яе голас, вочы, усмешка, сакаўныя вусны, да якіх ён першы раз і дакрануўся на праводзінах у вёсцы. Ён праводзіў яе дадому. Прастаялі з гадзіну пад ліпай. Тады ж і асмеліўся – прытуліў яе да сябе, абхапіў няўмела за шыю і першы раз пацалаваў. Потым і яшчэ – ужо смялей, адчуўшы, што і яна жадала таго ж... Гулка білася сэрца, у твар ударыла гарачыня. Вусны здаліся салодкімі і былі жаданымі. Упершыню адчуў такое.
На развітанне шапнула яму:
– Не забывай мяне, Вінцук!..
І шмат чаго азначалі тыя словы. У лісце яна не пісала іх, але ён добра памятаў пачутае...
Поўня непрыкметна ператвараецца ў твар Кацярыны, і яна па-змоўніцку яму падміргвае, як здзекваецца з яго нясмеласці і маўклівасці, – і Вінцук у адказ міргае ёй, падыгрываючы, радуючыся, што бачыць яе... Хочацца сказаць ёй патаемныя, сагрэтыя сэрцам, словы, але ніяк не можа іх успомніць, таму моршчыць лоб, сіліцца вярнуць іх у памяці... Па-дурному ўсміхаецца, адчуваючы, як да яго сэрца падступае замілаванасць і пяшчота да дзяўчыны...
А тут у ім нейкая перамена – ён як быццам страціў сувязь з наваколлем, і ўжо не чуе хлопцаў, з якімі знаходзіцца ў каравульным памяшканні; яны ў нейкім малочным мроіве, у тумане, іх галасы аддаляюцца ўсё больш і больш, робяцца глухімі, ватнымі...
Поўня то змяншаецца, то павялічваецца ў памерах, – і ён ужо бачыць не Кацярыну, а Аксану – прыгожую, з мяккім голасам; на ёй тая ж, блакітная сукенка, у якой была ў той вечар, як запрасіла на пахкае сена, пяшчотна папыталася:
«Як табе служыцца, Уюн?..»
«Ды нічога, цяпер ужо нічога... Чорныя дні мінулі, цяпер стала жыць весялей і радасней...»
«Ну то і добра... Я радая за цябе... Не бойся мяне, я больш прыставаць да цябе не буду. Толькі давай напаследак, на развітанне, пагуляем з табой у адну школьную гульню. Гэта апошняя-апошняя да цябе просьба. Больш ніколі ты мяне не ўбачыш, не пачуеш. Памятаеш нашую настаўніцу Вікторыю Кірыкаўну? Як яна замест урока праводзіла ўрок-дыктоўку? Дыктавала тэкст і потым выводзіла сапраўдную адзнаку за пісьменнасць, памятаеш?..»
«Памятаю...»
«Вось і ўяві, што я буду за настаўніцу. І буду дыктаваць табе тэкст... Самы лёгкі – ліст роднай матулі. Мы ёй напішам пяшчотнае і прыгожае пісямцо, добра? Я яго і аднясу потым ёй, аддам.... Але ты напісаць павінен без аніводнай памылкі...»
«Добра... Дыктуй...»
Аксана нейкі момант маўчала, як усё роўна абдумвала словы, жартоўна дадала:
«Дамовіліся – без памылак. Бо я строгая настаўніца... Тады слухай тэкст. Пачынаем з абзаца –
Дарагая матуля!
Піша табе Вінцук, твой любімы сынок.
Мама, мне тут добра – служба праходзіць спакойна і цікава. Але маё сэрца з сённяшняга дня будзе належаць Уладару цемры. Таму калі ты атрымаеш мой ліст, то я ўжо буду сярод Сымона і бацькі. Перадам абвязкова ад цябе прывітанне... Яны мяне ўжо клічуць да сябе, і ніхто не прымушаў мяне ісці да іх, я сам, па добрай волі і па сваім жаданні...»
«Напісаў, Уюн?»
«Напісаў... «па сваім жаданні...»
«Малайчына, правільна. Дыктую далей, пакуль пішаш без памылак, гэта вельмі добра...»
Хлопцы не звярталі на яго ўвагі. Усе пісалі, калі былі вольныя пасля дзвюх гадзін стаяння на варце, ахоўваючы ваенны аб—ект. Пісалі каханым, матулям, сябрам... Яны і не чулі патаемнага голасу Аксаны, якая дыктавала страшны тэкст. Кожнае слова таго тэксту магло забіць таго, каму яны прызначаліся...
«Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і слова было Богам...»
Праз нейкі час ён склаў у чацвёра аркушык паперы, засунуў у канверт з надпісаным адрасам, заклеіў і кінуў да стосіка астатніх, што сябры паспелі напісаць...
На душы стала лёгка-лёгка, як звалілася з плеч вялікая гара.Заваліўся, усміхаючыся, на нары. І снілася яму матуля. Усміхалася, чытаючы яго ліст, і на яе твары гулялі блікі ад промняў сонца, якія адбіваліся ад вады – сядзела каля возера? І Сымон глядзіць у ліст, нешта тлумачыць, і бацька потым чытае, увесь час пяцярнёй закідвае назад валасы... І радасна было ад таго, што ўся сям’я ў зборы, і на матуліным твары і на сэрцы няма болей ніякага смутку і болю...