Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Бруніцкі сумна ўсміхнуўся:
— Спытайцеся лепей, куды ён сам сябе адпраўляе?.. У гандлёвы.
— Вельмі разумна, — падбадзёрваў баварац. — Што, чорт, вы бачыце дрэннага ў тым, што ў хлопца ёсць свая галава на плячах і ён ведае, чаго хоча? Мы абодва бацькі і можам так між сабой паразважаць, што, па сутнасці, прымус дзяцей выбраць тую, а не іншую прафесію — гэта нонсэнс. Гэта тое ж, што і гвалтоўна вучыць курыцу плаваць, а качку кудахтаць. Яны самі ведаюць, на што здольныя. Ці не праўда?
Паколькі Бруніцкі не адказваў, баварац паківаў галавой:
— Так, пане. Нам заўсёды здаецца, што мы нашмат разумнейшыя за моладзь. Прызнаюся, што я сам люблю гаварыць пра гэтую перавагу сталага ўзросту ўголас, нават вельмі гучна, але, паміж намі… хе… хе… трэба супакоіцца! Калі ваш сын выбраў марскую прафесію, ён ведае, для чаго?
— Дапусцім.
— А навошта вы яго вучыце ў Швецыі? У вас жа ў Польшчы ёсць марскія школы.
— Так, але сямейныя абставіны вымусілі, — неахвотна буркнуў Бруніцкі.
У гэты момант дзверы купэ рассунуліся.
— Ну, — пачуўся голас Пятра, — тата можа быць спакойны. Пагода, праўда, воблачная, але мора ледзь калышацца.
— Ты быў на палубе?
— Так. Я пазнаёміўся з вельмі мілым датчанінам. У яго ёсць маторная лодка на дызелі. Я ніколі ў жыцці не ездзіў на дызелі. Калі вы затрымаецеся ў Капенгагене даўжэй, чым на два дні, я скарыстаюся яго прапановай, і мы паедзем на востраў Анхольт. У яго там вялікае рыбацкае прадпрыемства. І ўявіце сабе, бацька, ён паўгода ўжо прымяняе электрычныя сеткі!
— Відаць, я вымушаны буду прасядзець у Капенгагене тры або чатыры дні, — адказаў Бруніцкі, — дык можаш прыняць запрашэнне.
— Выдатна, — абрадаваўся малады чалавек і стаў гаварыць па-нямецку, паўтараючы баварцу, што ён слаўна правядзе час на Анхольце.
— А Капенгаген вас не цікавіць? — спытаў сусед.
— Ах, я нядрэнна ведаю Капенгаген. Мы даволі часта рабілі экскурсіі на яхтах у гэты бок. Мяне проста вельмі цікавяць гэтыя электрычныя сеткі.
— Як гэта, электрычныя? — зацікавіўся і баварац.
— Уласна кажучы, гэта не зусім сеткі, — тлумачыў Пётр, — калі хочаце, я зараз намалюю схему такой канструкцыі.
Не чакаючы адказу, Пётр дастаў з кішэні нататнік і, сеўшы ля баварца і малюючы, стаў тлумачыць.
Прафесар Бруніцкі з-пад прыкрытых павекаў прыглядаўся да яго жывых рухаў, жаўтавата-карычневых валасоў, дужых мускулістых рук, вострых ноздраў і смелай, нібыта нецярпліва чыркнутай лініі брыва.
Ён ашаламляльна, надзвычай падобны да Друцкага. Можа, толькі рысы ў яго больш далікатныя і голас мякчэйшы, хоць і такога самага нізкага тэмбру.
Прафесар часам закрываў вочы, нібы ўслухоўваўся ў гэты голас, які дзейнічаў на яго, як атрута.
Пётр толькі ва ўсмешцы меў нешта ад маці, нешта, што так моцна прыгадвала ўсмешку панны Уршулі Лэнскай.
Яшчэ перад ад’ездам з Варшавы прафесар бачыўся з ёй у яе маленькім пакойчыку, дзе палову прасторы займала фартэпіяна, а на сценах за шклом віселі праграмкі канцэртаў… Са Стакгольма ён адаслаў ёй толькі паштоўку з некалькімі словамі. З Капенгагена ж напіша ёй даўжэйшы ліст…
— …і ўсе рыбы, якія апынуцца паміж гэтымі двума караблямі, будуць забітыя токам. Застаецца толькі сабраць іх звычайнай сеткай з паверхні. Здаецца, сёння ўжо, заўважце, ёсць спосаб вылоўліваць экзэмпляры пажаданай велічыні. Гэта залежыць ад даўжыні электрычных хваль…
— Як выйсці на палубу, Пётр? Я хацеў бы трохі прагуляцца, — перарваў прафесар.
Малады чалавек папрасіў прабачэння ў баварца і правёў бацьку ў канец вагона. Ля самых яго дзвярэй наверх вёў вузкі трап.
— Сюды, бацька, толькі будзь, калі ласка, асцярожны, бо прыступкі слізкія.
— Дзякуй табе, хлопча!
Пётр стаяў і глядзеў, як паднімаецца бацька, глядзеў з такой усмешкай, з якой нянька пільнуе малое дзіця. Ён вельмі паважаў бацьку і адчуваў да яго тое — паводле меркавання хлопца — што сын павінен адчуваць да свайго бацькі.
Ужо ў ліцэі ён ведаў, што яго бацька вучоны з сусветнай славай, што яго прозвішча вымаўляюць, каб дадаць аўтарытэту навуковым з’ездам, у якіх ён бярэ ўдзел, што і цяпер, у Капенгагене, яго чакае ўніверсітэцкі свет, таму што яго бацька павінен атрымаць якісьці знак пашаны.
Таму ў адносінах бацькі да сябе ён не бачыў нічога дзіўнага. Заняты вучобай і спортам, ён не спрабаваў нават даведацца аб прычынах, па якіх яго выслалі ў школу за мяжу. І ён зусім не лічыў гэта выгнаннем, тым больш што якраз цяпер упершыню ён сказаў бацьку, што хацеў бы пазнаёміцца з Польшчай, якую пакінуў малым дзіцем, і бацька адразу ж згадзіўся.