Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 119 120 121 122 123 124 125 126 127 ... 260
Перейти на страницу:

Працуючы ў школе, малады Сарокін, як усе настаўнікі, называўся па імені і па бацьку — Валерыем Паўлавічам. А стаўшы загадчыкам клуба, неяк неўпрыкмет страціў бацькава імя і зрабіўся проста Валерам. Ішлі гады, расьлі дзеці, набіралася мажнасьці жонка, а загадчык клуба ўсё заставаўся Валерам. Валера і Валера — для равесьнікаў, для старэйшых і нават для маладых — нахабпаватых танцораў клубнай дыскатэкі. Зрэшты, Валера не крыўдаваў, ён ужо ведаў, што ня ў тым шчасьце. Для яго ў гэтым жыцьці шчасьцем-удачай было б ня ўліпнуць у якую гісторыю. Ды во ўліп!

Халера на яго — няўжо сапраўды яму адсюль не выкараскацца? Проста анекдот нейкі, а не здарэньне. Хаця — усё па п’янцы. А па п’янцы чаго толькі не здараецца. Валеру гэта добра знаёма…

Але знаёма на прыкладзе іншых, а як во прысьпічыла самому, дык ён аказаўся прафанам. Галоўнае — усё ня мог зразумець, у які канец выбірацца. Увесь час здавалася: то ў той, то ў іншы. Самы элементарны выбар — адзін варыянт з двух, і на той ён аказаўся няздольны. «Дык гэта ж адзін, паасобку ўзяты чалавек, а чаго ўжо чакаць ад грамадства з яго блытанай залежнасьцю прычын і наступстваў, — па-вучонаму думаў Валера. — Ды яшчэ такога бязладнага і дурнога грамадства, як наша. Мабыць, тут трэба здольнасьці генія. Але дзе яго ўзяць у грамадстве авантурыстаў? Нават Бог тут не памочнік, тут ён будзе няздатны. Відаць, такая ўжо мы самабытная нацыя. Што ні зробім, усё не ў лад. Усё па-дурному — і сабе, і іншым».

Дык што ж — зноў трэба крычаць? Таму што іншага не выпадае. Ды і замарыўся Валера ад гэтага дурнога тузаньня пад зямлёй, у цёмнай жалезнай пастцы. Упёршы падагнутыя ногі ў выгнуты бок трубы, ён пачаў крычаць штось невыразнае, самому незразумелае. Абы не маўчаць. Але так крычаць хутка яму надакучыла, захацелася хоць якога сэнсу ў гэтым выратоўчым крыку. I тады крык памалу набыў нейкія адзнакі маналогу. Маналогу крыўды ці скаргі — тое ўжо было Валеру ўсё роўна.

— Эй, там, наверсе! Мяне засыпалі! Замуравалі ў трубе. Чуеце? Я прападу тут, чуеце? Я ж чалавек, стварэньне божае. Губіце чалавека! Людзі вы ці не?

Напэўна, крычаў ён зусім разумна і пераканаўча, але адказу з паверхні, канешне, не атрымаў ніякага. I ён, сумна ўхмыльнуўшыся ў цемры, падумаў: «Марна стараешся! Так яны і кінуцца табе на дапамогу, прыгоняць бульдозеры, аўтаген, сьпецмашыны — пачнуць бурыць зробленае, раскопваць трасу. А калі ў іх няўпраўка з планам, зрываецца графік, сыплюцца штрафы-няўстойкі? Дык што ж ім — прыпыняць складана-сьвяшчэнны будаўнічы працэс? У іх — аграмаднасьць еўрапейскай задачы, магутнасьць транснацыянальнага канцэрна, які пампуе для Расеі валюту, неабходную для заняпалай эканомікі, змарнелага ВПК. Усім трэба даляры, даляры, даляры. Што ім нейкі дурны туземец, які трапіў у бяду па п’янцы — сельскі загадчык клуба Валера!»

Значыць, яму тут і гінуць?

Значыць, і гінуць, калі ён такі недалэнга, ня можа даць сабе рады сам ды па-дурному спадзяецца на іншых. Быццам не разумее, хто яны, гэтыя іншыя? Яшчэ пашанцуе, калі хутка пусьцяць свой газ, — хоць бы для пробы трубы, — і ён адразу адкіне капыты. А калі будуць марудзіць, цягнуць з выпрабаваньнямі, утрасаць цэны-тарыфы, — колькі яму тут канаць?

«Колькі наогул можа вытрымаць чалавек пад зямлёй без вады і харчу? Колькі ён можа ў космасе — тое мы ведаем, на тое вучаць і трэніруюць адмыслова выбраных герояў-касманаўтаў. А во пад зямлёй, у цеснай жалезнай трубе? I не шахнёр — загадчык калгаснага клуба, — таго, мусіць, ня ведае ніхто. Ды і на зямлі таксама ня ведаюць. Цэлыя народы стагоддзямі абыходзяцца бяз хлеба і волі і быццам пакуль ня ўмёрлі. Але дзе мяжа той іхняй жывучасьці? Няма ні ў кога адказу. Во чаму марксізм — наўрад ці навука. Кажуць, што калі б марксізм быў навукай, дык бы яго перш чым укараніць у масы, змадэлявалі б на камп’ютэрах ці праверылі б на мышах. А так адразу бяз доследу плюхнулі ў масы, ну і атрымаўся пшык», — сумна разважаў Валера.

Тое, што з гэтай ненавуковай прыдумкі добрага не атрымаецца, загадчык клуба Валера прадчуваў са студэнцкай пары. Было толькі дзіўна, што таго не разумелі іншыя — усе гэтыя высокавучоныя кандыдаты ды акадэмікі, дактары і партыйныя сакратары, якія ўсю дарогу толькі і ведалі, што разьвіваць ды абгрунтоўваць кожнае вар’яцтва, якое ішло зьверху. Зьнізу не дазвалялася нічога — усё зьверху. Але хто тыя, што былі наверсе? Хоць бы проста нармальныя людзі, а то ўсё вар’яты. Ці авантурысты. Ці шызафрэнікі або садысты. Яны і вызначалі жыцьцё народаў на адной шостай. Ды яшчэ ім мала было адной шостай — захацелася ўлезьці і на іншыя кантыненты, каб валадарыць і там. Бо што ж яны яшчэ маглі, апроч як валадарыць? А ў сябе даваладарыліся да таго, што не засталося ні хлеба, ні табакі. Адзіным сродкам асабістага фінансаваньня сталі пустыя бутэлькі. Не зьбярэш бутэлек — ня будзе за што купіць ні хлеба, ні курыва. Дзіўнавата, праўда, але бутэлькі знаходзіліся заўжды, нібы былі пасланыя Богам для паратунку. Колькі іх ні здавалі ў ларкі і крамы, заўжды зьяўляліся новыя. Быццам камяні ў полі. Як казалі старыя людзі, камяні вырасталі з зямлі; колькі іх ні зьбірай, менш на палях ня робіцца. Зямля рэгулярна нараджала новыя. Мабыць, так і бутэлькі.

1 ... 119 120 121 122 123 124 125 126 127 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)