Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
«Адпачывай, загойвай-залізвай раны, пабудзь яшчэ на судовым працэсе... са сваім дружбачком... Можа гэта я і паслала табе яго на дапамогу, паслала за тую адну, падораную (я ж амаль не прымушала, не загадвала, а толькі прасіла) сустрэчу на сене – якая хоць і нічога не дала, але ў мяне было прадчуванне блізкасці будучай жанчыны... То быў мой апошні капрыз, але тое было да майго новага нараджэння. Усё. Масты, так бы мовіць, спалены дашчэнту. І касцёр нават згас. І ні жарынкі няма ў ім, нават і попелу...»
Аксана рагатала, смяялася з самой сябе, з той, ранейшай, дакарала, што позна ўзялася за розум. Яна хадзіла побач з Вінцуком, чула і бачыла, чым ён займаецца і пра што думае, што жадае. Яе не жадаў, не ўспамінаў...
Хадзіла, але нічым не напамінала яму аб сваёй нябачнай прысутнасці...
18.
І быў суд...
Быў наладжаны паказальны судовы працэс.
І прыехалі на яго Мальвіна Ўюнова, Алена Барыліна і Людміла Хвойная. Прыехалі і іншыя маці сваіх сыноў – «салагаў» і «дзядоў».
«Дзядоў» абвінавачвалі ў «нанясенні цялесных пашкоджанняў, звязаных з пагрозай для жыцця пацярпелых...» Прысутнічалі і камандзіры часцей – каб самі ведалі і пераканаліся, што робяць «дзяды» у іх адсутнасць.
Маці схапіліся за галовы, пачуўшы, у чым абвінавачваюць іх сыночкаў. Паверыць не маглі ў тое. Гвалтавалі хлопцаў? Ды быць такога не магло... Дома ж яны не былі такімі, былі рахманыя, спакойныя і спакойныя. То ж такімі во яны сталі тут, у арміі. Такімі менавіта іх і зрабіла армія...
Людка так і не дабілася ніводнага слова ад сына, калі праведвала яго ў шпіталі. Вячаслаў глядзеў на яе няўцямным позіркам, не разумеючы, што хоча ад яго невядомая жанчына. Ніхто не ведаў, ці пазнае калі-небудзь ён сваю маці...
Віктара Барыліна напачатку хацелі засудзіць на ўсю катушку, але абаронца і адвакат змаглі пераканаць суд, што ў дзеяннях салдата было жаданне не толькі абараніць свайго сябра і аднавяскоўца, але і адпомсціць дзядам за здзекі над сабой, хаця ён і не пайшоў на крайнія меры – у такім стане, стане ўзрушанасці і празе помсты, мог прарвацца да пірамідаў з аўтаматамі... Тады б трагедыі не мінуць...
Далі ўмоўны тэрмін, а па сканчэнні зняць з яго поўнасцю пакаранне.
Астатнім дзядам свяціў доўгі тэрмін зняволення.
Вадзілі іх да «варанка» ў наручніках...
Галасілі мацяркі, бачачы, як вядуць іх сынкоў, умольвалі запознена суддзяў не судзіць іх так строга і жорстка. Бацькі ж хмурыліся, стараліся не глядзець на людзей, самі да канца яшчэ не маглі паверыць у тое, што адбывалася, і што іх сыны здольны на такое...
– Адпускаю вас на суткі, – сказаў камандзір часці, – можаце ў горад ехаць, можаце ў лес схадзіць, пабыць разам з сынамі, а то і ў нас можаце пераначаваць – ёсць спецыяльны пакойчык...
– Пагаварыць бы... – нясмела прамовіла Мальвіна.
– Вось заўтра, як прыдзеце, і пагаворым, – згадзіўся ён, і скураныя рамянюкі на ім рыпнулі, як маснічыны падлогі, – а потым і на вакзал вас адвязем... Так што ні пра што не думайце, усё мінулася...
– Дзякуй вам...
Дзень быў сонечны, цёплы – другое бабіна лета.
І таму выбралі лес. А Віцька добра ведаў мясціны і павёў кампанію да возера, дзе ляснік абходу зрабіў прыгожую альтанку – у ёй яны і пасядзяць, пагавораць, парадуюцца сустрэчы...
Вінцук трымаў маці пад руку, маўчаў. Яна ж ледзьве стрымлівала слёзы – і ад радасці сустрэчы з сынам, і ад успамінаў пра тое, што пачула на судовым працэсе.
– Сын... – спрабавала нешта сказаць Мальвіна, усхліпнула.
– Не трэба, мама, – перабіў яе Вінцук, – не будзем ні пра што гаварыць – мы жывыя і здаровыя, і дзякуй Богу...
– І то праўда, Мальвінка, – падтрымала хлопца Алена, – не трэба, сёння радавацца трэба, што бачым сваіх дзяцей... Вунь дзень які, а мы сядзем ды на радасцях з табою віна вып’ем – за здароўе нашых сыноў. Ну, весялей, Мальвіна, не наводзь нуду...
Жанчына ўсміхнулася, згодна паківала галавой.
19.
– Як жа такое магло адбыцца, Сымон Міхайлавіч? – папыталася Мальвіна, уздыхнуўшы, у яе голасе боль і пакуты, недаўменне і роспач.
Яна сядзела побач з Алёнай, без сыноў, у кабінеце камандзіра часці.
Камандзір маўчаў, не ведаючы, як апраўдвацца перад жанчынамі.
– Мы ж вам сваіх сыночкаў далі нябітых і не злых, мы і зусім бы вам іх не далі, дык жа законы нейкія дурныя існуюць – нарадзі, выгадуй, пакладзі на дзяцей усё жыццё, а яны тут для вас не людзі, а...
– Абаронцы Айчыны.