Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Верагодна, ты маеш рацыю, – згадзіўся Гэндальф. – Але гэтая зьмяя мае шчэ адзіны клык, мяркую. Атрута ў ягоным голасе захавалася, і, лічу, ён пераканаў цябе, нават цябе, Дрэвабарод, знайшоў слабое месца ў тваім сэрцы. Ну, ён сышоў, і анічога болей тут ня скажаш. А вежу Ортанку варта вярнуць каралю, якому яна й належыць. Хоць мо яна яму не патрэбная.
– Тое пабачым пазьней, – сказаў Арагорн. – Але ж я даю энтам усю гэтую даліну, каб яны рабілі зь ёй, што пажадаюць, з адзінай умоваю: каб вартавалі Ортанк і каб ніхто ня мог увайсьці туды без майго дазволу.
– Вежа зачыненая, – патлумачыў Дрэвабарод. – Я прымусіў Сарумана замкнуць яе й аддаць мне ключы. Яны ў Хуткасьценя.
Хуткасьцень пакланіўся (быццам дрэва нахілілася пад ветрам) дый працягнуў Арагорну два вялікія чорныя ключы, вычварныя, злучаныя сталёвым кольцам. Кароль прамовіў:
– Вось я зноў кажу вам: дзякуй. I разьвітваюся. Няхай разрастуцца вашы лясы ў супакоі. Калі гэтая даліна запоўніцца, ёсьць прыдатнае месца на захад ад гор, дзе вы жылі калісьці.
Твар Дрэвабарода спахмурнеў:
– Лясы могуць вырасьці й памножыцца, але ня энты. Бо ж энцянятаў няма.
– І ўсё-ткі, магчыма, цяпер у вашых пошуках болей надзеі, – заўважыў Арагорн. – Бо адкрыліся землі на ўсходзе, што раней доўгі час былі закрытыя.
Але Дрэвабарод пахітаў галавою й вымавіў:
– Надта далёка. I людзей зашмат у нашыя дні. Але ж я забываюся на ветлівасьць! Ці не застаняцеся тут, не адпачняце крышачку? Мо хто з вас захоча праехаць праз Фангарн, каб скараціць шлях дахаты?
Ён зірнуў на Келебарна з Галадрыельлю.
Але ўсе, апрача Ляголаса, паведамілі, што мусяць зараз разьвітацца й выправіцца хто на поўдзень, хто на захад.
– Ну, Гімлі, рушма! – абвесьціў Ляголас. – Цяпер з Фангарнавага дазволу я наведаю найглыбейшыя мясьціны Энтавага лесу й угледжу дрэвы, якіх ня ўбачыць анідзе болей у Міжзем'і. А ты выправісься з мною паводле твайго слова, і гэткім чынам разам скіруймася ў вандроўку да нашых земляў у Ліхалесьсі й далей.
Гімлі, пагадзіўся, хоць і безь вялікай радасьці.
– Вось і сканчэньне Зьвязу Пярсьцёнка, – вымавіў Арагорн. – Спадзяюся, што неўзабаве вы вернецеся да маёй зямлі з дапамогаю, якую абяцалі.
– Мы прыйдзем, калі нашы гаспадары дазволяць, – пацьвердзіў Гімлі. – Ну, бывайце, мае хобіты! Вы бясьпечна сегняце сваіх хатаў, і я буду спаць спакойна, не турбуючыся за вас. Мо зьлістуемся, калі надарыцца магчымасьць, а некаторыя з нас, мяркую, і спаткаюцца, але, баюся, усім разам нам аніколі болей не сустрэцца.
Тады Дрэвабарод разьвітаўся з кожным па чарзе й тры разы павольна ды з глыбокай павагаю пакланіўся Келебарну й Галадрыелі.
– Доўгія, доўгія гады мінулі з часу, калі сустракаліся мы ля караніскаў ды вецьця. А ванімар, ванімальён настар'і! Сумна, што стрэліся мы так блізка да самага канца. Бо сусьвет зьмяняецца: я смакую тое ў водах, адчуваю ў зямлі, удыхаю з паветрам. Мяркую, нам больш не спаткацца.
– Ня ведаю, Найстарэйшы, – уздыхнуў Келебарн.
А Галадрыель дадала:
– У Міжзем'і нам больш не спаткацца, хіба ў тую часіну, калі землі, што зараз пад хвалямі мора, падымуцца зноў. Тады пад вербалозам Тасарынану, мажліва, і сустрэнемся мы ўвесну. Бывай!
Апошнімі разьвіталіся з старым энтам Мэры й Піпін, і ён павесялеў, пазіраючы на іх.
– Гэй, веселуны мае, – спытаўу іх, – ці ня вып'еце шчэ глыток з мною да ад'езду?
– Вядома ж! – усклікнулі абодва, і ён адвёў іх пад цень аднаго з дрэваў, дзе стаяў вялізны каменны гарлач.
Дрэвабарод напоўніў тры куфлі, і сябры выпілі, а тады пабачылі, як дзіўна паглядае энт на хобітаў па-над ускрайкам свайго куфля.
– Асьцярожней, асьцярожней! – папярэдзіў Дрэвабарод. – Вы ўжо добра вырасьлі зь мінулай нашай стрэчы.
Яны зарагаталі й асушылі куфлі нагбом.
– Файна, да сустрэчы! – сказаў энт. – I не забудзьцеся: калі пачуеце якія весткі пра энтавак у вашых землях, дашліце мне навіны.
Махнуў вялізманымі рукамі ўсім дый пайшоў прэч, пад дрэвы.
Цяпер ужо вандроўнікі ехалі хутчэй. Сягнулі Брамы Рохану, і Арагорн разьвітаўся зь імі на тым самым месцы, дзе Піпін зазірнуў у палантыр Ортанку. Хобіты затужылі, бо Арагорн правёў іх праз мноства небясьпек і ніколі ня схібіў.
– Вось бы нам камень, каб бачыць у ім усіх сяброў! – уздыхнуў Піпін. – I каб перамаўляцца зь імі здалёк.