Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Мэры стаяў ля ўзножжа зялёнага кургану й плакаў, а калі песьня скончылася, выгукнуў:
– Кароль Тэядэн, кароль Тэядэн! Бацькам стаў ты мне, хоць і на кароткі час! Бывай!
Калі скончылася пахаваньне й сьцішылася жаночае галашэньне, а Тэядэн нарэшце спачыў у сваім скляпеньні, тады сабраўся народ у вялізнай Залатой залі на баляваньне, каб адагнаць тугу. Бо Тэядэн пражыў поўныя гады й памёр у гонары ня меншым, чым ягоныя найвялікшыя продкі. А калі надышоў час паводле роханскага звычаю выпіць за памяць каралёў, наперад выйшла Эявін, панна Рохану, залатая як сонца й белая як сьнег, і паднесла паўнюткі куфаль Эямэру.
Тады паўсталі мэнэстрэль і майстра веды дый назвалі імёны каралёў Украйны паводле іхняй чаргі: Эёрл Малады, і Брэга, будаўнік залі, і Альдар, брат Бальдара Нешчасьлівага, і Фрэя, і Фрэявінэ, і Гольдвінэ, і Дэяр, і Грам, і Хельм, хто ператрываў у Хельмавым Яры нашэсьце ворагаў на Ўкрайну. Тое былі дзевяць курганоў з заходняга боку, бо тады перарвалася чарга ад бацькі да сына, і пачаліся курганы на ўсходнім баку: Фрэялаф, сын Хельмавай сястры, і Леяфа, і Вальда, і Фолька, і Фольквінэ, і Фэнгел, і Тэнгел, і Тэядэн апошні. Калі найменавалі Тэядэна, Эямэр асушыў келіх, і панна папрасіла прыслужнікаў напоўніць куфлі, і ўсе ў залі паўсталі й выпілі за новага караля, гукаючы:
– Хай жыве Эямэр, кароль Украйны!
Нарэшце, калі баляваньне падышло да сканчэньня, Эямэр падняўся й абвесьціў:
– Цяпер – пахавальнае баляваньне караля Тэядэна, але я распавяду вам вестку радасьці, і кароль Тэядэн не пакрыўдзіцца з таго, бо заўжды бацькам быў ён для Эявін, маёй сястры. Пачуйце ж, усе мае госьці, цудоўны народ мноства краінаў і земляў, шляхетнейшага аніколі не зьбіралася раней у гэтай залі! Фарамір, намесьнік Гондару, князь Ітыльёну, просіць Эявін, панну Рохану, стаць ягонай жонкаю, і яна згодная на тое. Таму перад усімі вамі абвяшчаюцца іхнія заручыны!
Тады паўсталі Фарамір з Эявін, рука ў руцэ, і ўсе выпілі за іх дый парадаваліся.
– Так, – сьцьвердзіў Эямэр, – сяброўства Ўкрайны й Гондару злучанае новым зьвязам, і з таго яшчэ болей радасна мне.
– Шчодры ж ты, кароль Эямэр, аддаеш Гондару найсьвятлейшы скарб свайго каралеўства! – вымавіў Арагорн.
А Эявін зірнула ў вочы Арагорну й папрасіла:
– Пажадай жа мне радасьці, гаспадару мой і ацаляльніку!
I ён адказаў:
– Я зычыў табе радасьці зь першага ж імгненьня, калі ўбачыў цябе. I сэрца маё ацаляецца, пабачыўшы тваю радасьць.
Калі скончылася баляваньне, тыя, каму належала выпраўляцца, Арагорн з рыцарамі, эльфы Лорыйну й Долага Яру, папрасілі дазволу ў караля Эямэра й падрыхтаваліся ў дарогу, але Фарамір зь Імрахілем засталіся ў Эдорасе. Арвэн Вечаровая Зорка засталася таксама й разьвіталася з сваімі братамі. Аніхто ня бачыў яе апошняй сустрэчы з бацькам, Эльрандам, бо яны падняліся ў горы й там доўга размаўлялі. Горкае разьвітаньне, якому доўжыцца да скону сьвету.
Перад тым як госьці рушылі ў вандроўку, да Мэры прыйшлі Эямэр з Эявін, кажучы:
– Бывай жа, Мэрыядок з Шыру, чарнік Украйны! Удачы табе на шляху, і хутчэй вяртайся да нашай радасьці!
– Каралі даўніны падаравалі б табе столькі, што ты ня здолеў бы зьнесьці, за подзьвігі на полі Мундбургу, – вымавіў Эямэр, – але ж анічога не пажадаў ты, кажучы, што досыць табе дадзенай колісь зброі. З тым даводзіцца, на жаль, пагадзіцца, бо я ня маю падарунку, вартага тваёй адвагі, але сястра мая просіць цябе прыняць малую рэч на памяць пра Дэрнхельма і рогі Ўкрайны, што загулі на зыркім сьвітанку.
Тады Эявін дала Мэры старажытны рог на зялёнай перавязі, малы, але ж вельмі файна выраблены з чыстага срэбра. З вычаканенымі вершнікамі, што адзіным шэрагам, віючыся вакол рога, гарцавалі ад наверша да раструба, з рунамі вялікай моцы.
– Тое – старажытная каштоўнасьць нашага роду, – патлумачыла Эявін. – Зрабілі яго гномы, і быў ён у скарбніцы цмока Скаты. З Поўначы прынёс яго Эёрл Малады. Той, хто задзьме ў гэты рог у гадзіну патрэбы, застрашыць ворагаў і ўзбадзёрыць сэрцы сяброў, і, пачуўшы, яны пасьпяшаюць на дапамогу.
Мэры прыняў рог, бо немагчыма было адмовіцца, і пацалаваў Эявін руку. А кароль і ягоная сястра абняліся зь ім і разьвіталіся.
Цяпер усе госьці падрыхтаваліся да ад'езду. Выпілі апошнюю, разьвітальную, страмянную чару дый разьвіталіся ў вялікай узаемнай пашане й моцным сяброўстве. Сягнуўшы Хельмавага Яру, адпачывалі два дні. Там Ляголас выканаў абяцаньне й наведаў з Гімлі Зіхоткія пячоры, а калі яны вярнуліся, эльф быў маўклівы й казаў толькі, што адзіны Гімлі здольны абраць словы, каб распавесьці пра іх.