Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Зараз застаўся адзіны, якім магчыма карыстацца, – зазначыў Арагорн. – Бо ты не пажадаеш убачыць тое, што паказвае камень Мінас Тырыту. А палантыр Ортанку застанецца ў караля, каб бачыць, што адбываецца ў каралеўстве й што робяць падначаленыя. I не забывайся, Перыгрын Хват, хто ты – рыцар Гондару. I я не вызваляю цябе ад тваёй службы. Цяпер адпускаю, але магу заклікаць назад. Памятайце, дарагія сябры, што маё каралеўства таксама й на Поўначы, і я неўзабаве прыйду й туды.
Арагорн разьвітаўся з Келебарнам і Галадрыельлю, і панна сказала яму:
– Эльфаў смарагд, скрозь цемру сягнуў ты сваёй надзеі, і маеш зараз усё, чаго жадаў. Выкарыстай жа плённа свае дні!
I Келебарн дадаў:
– Бывай, сваяк мой! Няхай лёс твой будзе адрозным ад майго й каштоўнасьць твая застанецца з табою да скону тваіх дзён!
З тым ад'ехалі прэч. Была гадзіна заходу сонца, і калі праз пэўны час сябры азірнуліся, пабачылі: Кароль Захаду сядзіць на кані, ягоныя рыцары вакол яго, нізкае сонца асьвяціла іх, збруі зазіхцелі золатам, а белая Арагорнава корзна сталася вогненнай. Арагорн падняў над галавою зялёны камень, і той зялёным полымем бліснуў зь ягонай рукі.
Неўзабаве картэж зьменшаў. Спусьціліся па Ізене, збочылі на захад, праехаўшы праз Браму да запустэчаных земляў, а тады павярнулі на поўнач, перасекшы мяжу Дунлянду. Тутэйшыя жыхары ўцякалі й хаваліся, бо баяліся эльфаў, надта ж мала іх завітвала ў гэты край. Вандроўнікі не зьвярталі ўвагі, бо ехалі вялікай суполкаю й былі добра забясьпечаныя ўсім неабходным. Рушылі як хацелі, не сьпяшаючыся, намёты ставілі дзе падабалася.
На шосты дзень ад разьвітаньня з каралём праехалі празь лес, што чапляўся за пагоркі падэшваў Туманных гор, якія цяпер цягнуліся праваруч. Калі на сутоньні зноў выехалі на адкрытую роўнядзь, дагналі старога: ён ішоў абапіраючыся на кульбу, апрануты быў у брудна-белыя лахманы, а ля ног ягоных кешкаўся другі жабрак, згорблены й плаксівы.
– Ну, Сарумане, куды кіруесься? – спытаў Гэндальф.
– А табе што? – гыркнуў той. – Ці ты мо загадаеш мне, куды йсьці, мала маёй паразы?
– Ты ведаш адказ, – вымавіў Гэндальф. – Не і не. У любым выпадку час маёй працы падышоў да канца. Кароль прыняў яе цяжар на сябе. Калі б ты пачакаў у Ортанку, пабачыў бы яго, і ён надарыў бы цябе сваёй міласэрнасьцю й мудрасьцю.
– Тым больш нагодаў сысьці раней, бо мне ані таго, ані другога ад яго ня трэба. Насамрэч, калі хочаш пачуць адказ на сваё першае пытаньне, дык вось ён: я іду прэч зь ягонага каралеўства.
– Тады ты зноў абраў ня той шлях, – заўважыў Гэндальф, – і я ня бачу надзеі ў такой вандроўцы. Ці прымеш ты нашу дапамогу? Бо мы яе табе прапануем.
– Мне? Не, калі ласка, ня трэба пасьміхацца, пазіраючы на мяне! Мне больш даспадобы вашая суворасьць. Што ж тычыцца вунь той панны, я ёй не давяраю. Яна заўжды ненавідзела мяне й пляткарыла табе на карысьць. Не сумняюся: яна прывяла цябе сюды дзеля вашага задавальненьня, каб вы пакпілі з майго жабрацтва. Калі б толькі даведаўся раней пра вас, пайшоў бы іншым шляхам, каб пазбавіць вас гэткай асалоды.
– Сарумане, – уздыхнула Галадрыель, – у нас іншыя клопаты й мэты, якія нам падаюцца значна больш істотнымі, чым кепікі зь цябе. Кажы лепей: удача зноў напаткала цябе, бо цяпер маеш апошні шанец.
– Калі насамрэч апошні, тады я задаволены, не давядзецца турбавацца, зноў адмаўляючыся. Мае надзеі парушаныя, аскубкаў тваіх мне ня трэба – калі яны ў цябе яшчэ засталіся, – на момант ягоныя вочы ўспыхнулі полымем. – Ідзіце! Не дарма я столькі вывучаў пярсьцёнкі! Вы самі сябе асудзілі й ведаеце гэта. Мне будзе спакайней у маіх вандроўках, бо ведаю: разбураючы мой дом, вы бурылі й свой. "Дзе ж той карабель, што мяне панясе да Неўміручай зямлі?" – пакпіў Саруман. – Сівы будзе той карабель, паўнюткі прывідаў.
Саруман зарагатаў, але хрыпла й агідна.
– Ну, устань, ёлупень! – гыркнуў на жабрака, што сядзеў на зямлі, дый тыцнуў яго кіем. – Паварочвайся! Калі гэткія шляхцюкі пруцца нашым шляхам, дык нам трэба збочваць. Уставай! А тое ані дробкі на вячэру не атрымаеш!
Жабрак павярнуўся й пакульгаў прэч зь енкам:
– Бедны стары Грыма! Бедны Грыма! Заўжды б'юць, заўжды клянуць! Як я яго ненавіджу! Калі б я здолеў пакінуць яго!
– Дык пакінь! – прапанаваў Гэндальф.
Але Грыма толькі кінуў хуткі пераляканы позірк бляклых вачэй на Гэндальфа дый паклыпаў хуценька ўвасьлед за Саруманам. Калі пара недарэкаў, мінуючы картэж, праходзіла ля хобітаў, Саруман спыніўся, пазіраючы на іх. Яны ж глянулі на яго з спачуваньнем.
– Дык вы таксама тут, каб пакпіць зь мяне, мае недаросьлікі? – спытаў Саруман. – Вам і клопату няма, чаго не стае жабраку? Бо ў вас жа ўсё ёсьцека: ежа й файная вопратка ды найлепшыя зёлкі для вашых люлек. Ну, дык я ведаю, ведаю, адкуль яны! Панюшкі не дасьце жабраку, га?