Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Тут вандроўнікі памыліся й напіліся ўдосыць з ручаіны, што ўлівалася ў ставок. Тады прыняліся шукаць сховішча, бо Ітыльён хоць і падаваўся сьветлым і прыгожым, усё ж быў цяпер зямлёю Ворага. Прайшлі па шляху няшмат, а ўжо пабачылі й шнары былых войнаў, і новыя, зробленыя оркамі й іншымі гідкімі паслугачамі Чорнага Ўладара: незакапаныя ямы зь сьмецьцем ды смуродлівым брудам, дрэвы, паваленыя без патрэбы й пакінутыя трупехнуць, зь ліхімі рунамі ці злымі пазнакамі Вока, груба вычасанымі на кары.
Сэм пралез троху ніжэй за дальні край азярца, кранаючы незнаёмыя дрэвы й расьліны й прынюхваючыся да іх, забыўшыся пра Мордар і небясьпекі, – і адразу натыкнуўся на згадку заўжды прысутнай пагрозы. Раптоўна крочыў на выпаленую пляму вогнішча, пасярод якой грувасьцілася куча абпаленых, паламаных костак ды чарапоў. Жвавыя каліўцы церняў ды паўзучага нарыўніку ўжо прыкрылі гэтае жудаснае месца разьні й жэрства, але ж яно не было даўнім. Сэм хутка вярнуўся, але ж анічога пра знаходку не распавёў. Лепей, каб тыя косткі засталіся ў спакоі, каб Глыкс ня лапаў ды ня мацаў іх, шукаючы ежу.
– Трэ адшукаць месца, каб залегчы на дзень, – сказаў Сэм. – I не ніжэй, чым тут. Па мне, дык трэба вышэй шукаць.
Крыху вышэй ад азярца знайшлі цёмна-буры хмыз леташняй папараці. За ім караскалася на стромым схіле шчыльная купа цёмналістых лаўраў, а наверсе пагорак каранавалі старыя моцныя кедры. За папарацьцю й вырашылі адпачыць ды правесьці дзень, які ўжо абяцаў зыркасьць і цеплыню. Добры дзень, каб шпацыраваць па гаёх ды палянах Ітыльёну. Аднак хоць оркі й хаваюцца ад сонечнага сьвятла, існуе надта шмат спратаў, дзе яны могуць адлёжвацца ў засадзе. Дый акрамя оркавых стае ліхіх вачэй, бо ў Саўрона шмат паслужнікаў. У любым выпадку, Глыкс пад Жоўтай Пысай рухацца не адважваўся. Неўзабаве яна вызірне з-за змрочных храбтоў Эфэл Дуату й Глыкс самлее ды скурчыцца, захінаючыся ад сьвятла й сьпякоты.
Яшчэ калі ішлі, Сэм самым сур'ёзным чынам меркаваў пра ежу. Адчай непраходнай Чорнай Брамы прамінуў, і зараз Сэм зусім ня траціў, як ягоны гаспадар, надзеі на харчаваньне пасьля таго, як вандроўка сягне мэты. Дый ва ўсялякім выпадку яму падавалася мудрэйшым захоўваць эльфаў хлеб на горшыя часы. З таго часу, як падлічыў, што прыпасаў засталося ледзь-ледзь на тры тыдні, прайшло ўжо шэсьць дзён.
"Нам моцна пашанцуе, калі сягнем Полымя за гэткі час! – меркаваў ён. – А, магчыма ж, і назад захочам вярнуцца. Цалкам верагодна!"
Да таго ж пасьля доўгага начнога пераходу, пасьля мыцьця й піцьця ўдосыць ён пачуўся нават галаднейшым за звычайнае. Вячэру ці хоць бы падвячорак які з агменю старой кухні ў Прыторбінскай слабадзе – вось чаго ён насамрэч прагнуў. Тут да ягонай галавы прыйшла ідэя, і ён павярнуўся да Глыкса. Той якраз хацеў высьлізнуць некуды на сваіх Глыксавых справах і ўжо краўся на чацьвярэньках праз папараць.
– Гэй, Глыксе! – паклікаў Сэм. – Ты куды? Паляваць? Ну, бачыш, стары пралаза, табе нашая ежа не даспадобы, дый я не адмовіўся б ад якой зьмены. Тваё ж новае жыцьцёвае выслоўе: "Заўжды дапамагаць". Мо й дапаможаш знайсьці чаго ядомага галоднаму хобіту?
– Мажліва, таксс, – адказаў Глыкс. – Сьмеяголь заўжды дапамагае, калі папросяць. Асабліва, калі папросьсяць добрас, таксс.
– Слушна! – пацьвердзіў Сэм. – Дык я прашу. А калі тое недастаткова добра, дык і ўпрошваю, таксс.
Глыкс зьнік. Фрода, зьеўшы крыху лембасу, забраўся ў гушчар папараці й заснуў. Сэм глянуў на яго. Сьвятло раніцы яшчэ толькі падбіралася да ценяў пад дрэвамі, але ж надта ясна вырысоўваліся й спадароў твар, і рукі. Фрода ляжаў на сьпіне, паклаўшы далоні на зямлю ўздоўж цела, і Сэм нечакана ўзгадаў, што гэтаксама ляжаў Фрода ў сядзібе Эльранда, прынесены зь сьмяротнаю ранаю. Тады, пільнуючы ля ложка, Сэм прыкмеціў: нібы слабое сьвятло зьзяе знутры хобіта. Зараз жа сьвятло лілося яшчэ зырчэй і ясьней. Фродаў твар поўніўся спакоем, усялякія пазнакі страху й клопату пакінулі яго, але ж ён падаваўся старым, старым і прыгожым, быццам нясьпешны разец гадоў адкрыў мноства рысаў, схаваных да таго, хоць твар і застаўся той самы, што быў заўсёды. Сэм Гэйхад уявіў сабе гэта ня так. Ён патрос галавою, бо адчаяўся знайсьці патрэбныя словы, і прашаптаў: "Люблю я яго. Вось такі ён, і неяк яно вонкі выходзіць, гэтак во. А я ўсё адно люблю яго, з тым ці без таго".