Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Ён уздыхнуў.
– Не, няма аліфаўнтаў, – паўтарыў Глыкс. – Сьмеяголь ня чуў пра іх. Ён ня хоча іх бачыць. Ён ня хоча, каб яны ісснавалі. Сьмеяголь хоча выбрацца адсьсюль дый ссхавацца недзе ў бясьсьпечнейшшым мессцы. Сьмеяголь хоча, каб пан ссышоў адсьсюль. Добры пан, ці ня пойдзе ён зь Сьмеяголем?
Фрода ўзьняўся. Сярод усіх сваіх ваганьняў ён засьмяяўся, пачуўшы Сэмаў дзіцячы вершык пра аліфаўнта, і сьмех пазбавіў яго сумневу.
– Хацеў бы я, каб мы мелі тысячу аліфаўнтаў, дый наперадзе – белага, а на ім – правадыр Гэндальф, – сказаў ён. – Тады мы й і праламалі б праход у гэтую ліхую зямлю. Але ж іх у нас няма, а ёсьць толькі нашыя стомленыя ногі. Ну, Сьмеяголь, трэці шлях, магчыма, апынецца найлепшым. Я пайду з табою.
– Добры пан, мудры гасспадар, файны гасспадар! – выгукнуў Глыкс задаволена, пляскаючы па Фродавых каленях. – Добры пан! Тады адпачніце, файныя хобітссы, адпачніце ў цені камянёў, пад ссамымі камянючыкамі! Ляжыце сспакойна, пакуль не схаваецца Жоўтая Пысса. Тады пойдзьдзем хутка, хуценька. Цішшшэй і хутчэй за цені мы рушшым!
4. Пра зёлкі й паранага трусіка
Апошнія колькі гадзінаў да змроку адпачывалі, перасоўваючыся, каб заставацца па-за сонцам, пакуль нарэшце цень заходняга краю яміны ня выцягнуўся й не запоўніў прастору цемраю. Тады крыху пад'елі й выпілі па глыточку. Глыкс ня еў анічога, але ваду прыняў з радасьцю.
– Неўзабаве болей будзе, – паведаміў, аблізваючыся. – Добрая вада, з струменяў, якія бягуць да Вялікай ракі, добрая вада там, куды мы крочым. Сьмеяголь там і ежы здабудзе, магчыма. Бо ён жа надта галодненькі, таксс, глыксс!
Ён паклаў пляскатыя далоні на ўпалае бруха, і вочы ягоныя зазьзялі блядна-зялёным полымем.
Вечаровы змрок паглыбеў, калі нарэшце выправіліся, перапоўзшы заходні край яміны й растварыўшыся, нібы прывіды, сярод рытвінаў ды ўзгоркаў ля краю бальшаку. Падпоўнік (тры ночы да поўні) не падняўся над гарамі да самай поўначы, і на пачатку ночы вісела паўнюткая цемра. На вартавой вежы Мордару сьвяціўся адзіны чырвоны агеньчык, апроч таго ані знаку не было відаць або чуваць ад бяссоннай варты Маранану.
Шмат вёрстаў чырвонае вока, падавалася, сьвідравала ім сьпіны, калі яны спатыкаліся па камяністай няроўнай пустэчы. Па бальшаку крочыць не адважваліся, трымаліся леваруч ад яго, не адыходзячы далёка, калі тое атрымлівалася ў цемры. Калі ўжо наблізілася раніца й усе надта стаміліся, бо адзіны раз усяго прыпыніліся адпачыць, чырвонае вока паціху зьменшала, пакуль ня зьнікла ўвогуле за змрочным паўночным адгор'ем, бо бальшак павярнуў за яго й цяпер кіраваў на поўдзень.
Зь дзівосна адноўленай надзеяй у сэрцах зноў крыху адпачылі. Зусім нядоўга, бо хобіты не пасьпявалі за Глыксам. Паводле ягоных падлікаў, ад Маранану да перакрыжаваньня над Азгіліятам было васямнаццаць міляў, і ён спадзяваўся адолець тую адлегласьць за чатыры пераходы. Так што хобіты неўзабаве рушылі зноўку, пакуль сьвітанак не запаліўся павольна ў неабсяжнай шэрай пустэчы нябёсаў. Вандроўнікі пакінулі за сьпінамі амаль пяць міляў, і хобіты ня здолелі б зрабіць ані кроку болей, нават калі б і жадалі.
Раніца адкрыла ім зямлю значна меней апаганеную й запустэчаную. Горы яшчэ высіліся злавесна леваруч, але ж наперадзе дарога, відавочна, збочвала ад чорных караніскаў гор на захад. Ніжэй схілы хуталіся ў магутныя змрочныя дрэвы, нібы ў хмары, а вышэй, сярод нагрувашчаных камяніскаў, усё парасло кустоўем: верасам, ракітнікам, кізілам дый іншымі, якім і назваў хобіты ня ведалі. Там і тут тырчэлі купкі высачэзных соснаў. Настрой хобіцкі крыху прыўзьняўся, насуперак стоме, бо й паветра плыло сьвежае, духмянае, і мясьціны нагадвалі верхавіны Паўночнага падзелу далёка-далёка адсюль. Падавалася, добра адкласьці вусьціш, аддаліцца ад краіны жаху й крочыць па зямлі, якая нядаўна патрапіла пад вока Чорнага Ўладара й яшчэ не спустэчылася цалкам. Але пра небясьпеку не забываліся, бо Чорная Брама заставалася блізка, хоць яе й хавалі адгор'і. Вандроўнікі адшукалі сабе схованку, дзе маглі ўратавацца ад варожых позіркаў, пакуль сьветла.