Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Гэта ххлусьсьня! – прашыпеў Глыкс, і ліхое полымя ўспыхнула ў ягоных вачох пры гуках Арагорнавага імя. – Ён ссххлусьсіў пра мяне, ссхлусьсіў! Я ўцёк, ссам па ссабе. Ссссапраўды, мне казалі шшукаць кашштоўнасьсьць, і я шшукаў, вядома ж, шшукаў! Але ж не для Чорнага, не. Кашштоўнасьсьць была нашшая, была мая, восьсь. Я ўцёк, уцёк!
Фрода адчуваў дзівосную ўпэўненасьць у тым, што тут Глыкс і насамрэч недалёка ад праўды ці ад таго, што лічыў праўдай. Што неяк адшукаў шлях з Мордару й паверыў, што гэта ён сам, сваім спрытам выбраўся. Перш за ўсё хобіт заўважыў, што Глыкс казаў "я" ў тых рэдкіх абставінах, калі апошнія рэшткі старадаўняй шчырасьці й праўдзівасьці ўсплывалі ў ягонай натуры. Але ж нават калі даверыцца знакам Глыксавай шчырасьці, ня трэба забывацца на ліхую мудрасьць Ворага. "Уцёкі" маглі дазволіць ці нават асобна сплянаваць у Цёмнай вежы й добра пра іх ведаць. У любым выпадку, Глыкс, відавочна, шмат чаго не дагаворваў.
– Я зноўку спытаю цябе, – паўтарыў Фрода, – ці ахоўваецца той шлях?
Але ж імя Арагорна раззлавала Глыкса. Выглядаў ён як хлус, якога ў рэдкі момант шчырасьці западозрылі ў мане. Ён не адказаў.
– Ці ахоўваецца ён? – перапытаў Фрода.
– Таксс, таксс, мажліва! У тую краіну няма бясьсьпечных сьсьцежак! – прабурчэў Глыкс пакрыўджана. – Няма такіхх шшляхоў! Але ж пан няхай спрабуе яго ці йдзе даххаты! Няма іншшых шшляххоў!
Болей анічога хобіты ад Глыкса не дамагліся. Назоў таго шляху й перавалу ён ня ведаў ці не захацеў распавядаць.
А клікалі тую мясьціну Кірыт Унгал – імя з вусьцішных чутак. Можа, Арагорн згадаў бы яго дый патлумачыў ягоны сэнс, Гэндальф папярэдзіў бы хобітаў. Але ж Арагорн быў далёка, а Гэндальф стаяў пасярод руінаў Ізенградку й перамаўляў з Саруманам, затрыманы ягонай здрадай. Але ж нават калі ён абвяшчаў прысуд Саруману й палантыр з грукатам уразаўся ў прыступкі Ортанку, чараўнік не пераставаў думаць пра Фрода й Сэмвайза, розум ягоны праз доўгія мілі шукаў іх у надзеі й спачуваньні.
Можа, Фрода адчуваў тое, сам таго не ўсьведамляючы, як на Аман Эн, хоць і лічыў Гэндальфа загінулым, назаўсёды зьніклым у цені Морыі, далёка адсюль. Фрода доўга маўкліва сядзеў на зямлі, нахіліўшы галаву, намагаючыся ўзгадаць усё тое, што Гэндальф калісьці распавядаў яму. Але ж парады для свайго выбару не знайшоў. Надта рана страцілі яны Гэндальфава ачольства й раду, калі зямля Ценю была яшчэ так далёка. Як уступіць у яе, Гэндальф так і не сказаў. Мо й сам ня ведаў. Ён аднойчы пракраўся ў цьвярдыню ворага на поўначы, у Дул Гулдур. Але ж у Мордары, ля Вогненнай гары й Барад-дуру, пасьля таго, як Чорны Уладар узьняўся ў моцы зноў, – ці пабываў ён там? Напэўна, не. А цяпер маленькаму паўросьліку з Шыру, простаму хобіту зь ціхай вёскі трэ было знайсьці шлях туды, куды не маглі ці не адважваліся рушыць нават найвялікшыя й наймагутнейшыя. Ліхі выпаў яму кон. Але ж ён сам пагадзіўся ўзгрувасьціць яго на сябе ва ўласным пакоі леташняю вясною, цяпер такой далёкай, як частка гісторыі пра юнацтва сусьвету, пра пракаветную мінуўшчыну, калі яшчэ квітнелі Залатое й Срэбнае Дрэвы. Ліхі выбар ляжаў перад ім. I што абраць? А калі ўсе шляхі вядуць да вусьцішы й пагібелі, які сэнс выбіраць?
Дзень цягнуўся павольна. Глыбокая цішыня вісела над невялічкай лагчавінай, дзе вандроўнікі хаваліся так блізка ад межаў краіны жаху. Цішыня гэтая нават адчувалася, нібыта тоўстая завеса, што адгарадзіла іх ад сусьвету. Над імі разьвінуўся купал бляклых нябёсаў, заплямлены палосамі дыму, ён падаваўся надта далёкім, недасяжным, быццам бачаны з дна глыбокага калодзежу, запоўненага цяжкім пагрозьлівым паветрам.
Нават арол, праляцеўшы пад сонцам, не заўважыў бы тут хобітаў, нерухомых, маўклівых, зьнясіленых цяжарам лёсу, укрытых тонкімі шэрымі плашчамі. Мо ўгледзеўся б на момант у Глыкса – маленечкую постаць на зямлі. І палічыў бы яго, верагодна, станчэлым трупікам чалавечага дзіцяці, памерлага з голаду, у лахманах, якія яшчэ чапляліся за цела, з доўгімі рукамі й нагамі, зьбялелымі, што косткі, і амаль гэткай таўшчыні – ані лапіку мяса.
Фрода сядзеў, пахіліўшы галаву на калені, а Сэм адкінуўся на сьпіну, заклаўшы рукі за галаву, і тарашчыўся з-пад каптура ў пустыя нябёсы. Ужо даўно пустыя. А тады раптам Сэм прыкмеціў нешта цёмнае, падобнае да птушкі, што ўплыло ў поле ягонага зроку, сьлізнула прэч, зьнікла, а тады ўплыло ізноў – відавочна, лётаючы коламі. Праплылі яшчэ два, і чацьвёртае за імі. На погляд яны падаваліся малюсенечкімі, але ж Сэм аднекуль ведаў, што насамрэч яны вялізарныя, зь неабсяжным размахам крылаў, і лунаюць на вялікай вышыні. Тады прыкрыў вочы й нахіліўся наперад, скурчыўшыся. Яго агарнуў той самы папераджальны жах, які находзіў у прысутнасьці Чорных Вершнікаў, бездапаможная вусьціш, што прыляцела разам зь лямантам па ветры й ценем пад месяцам, хоць зараз ня ціснула гэтак, ня нудзіла. Пагроза была далей, але ж заставалася пагрозаю. Фрода таксама адчуў яе. Яна парушыла яго задумлівасьць. Ён варухнуўся й уздрыгнуў, аднак угару ня глянуў. А Глыкс скурчыўся й сьціснуўся, бы павук, загнаны ў кут. Крылатыя цені павярнулі й хутка пачалі спускацца, вяртаючыся ў Мордар.