Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Не, трасца якая! Аніколі не падумаў бы, што гэтак яно выявіцца! – мармытаў сабе пад нос, сьпяшаючыся назад.
Раптоўна прыпыніўся, прыслухоўваючыся. Ці насамрэч пачуў сьвіст, ці падалося? Ці гэна птушка якая дзівосная? Калі гэта сьвіст, дык ня з Фродавага боку. А вось ізноў – і зь іншага месца! Сэм памчаў угару што ног.
I вынайшаў, што маленькая галіна, дагарэўшы да самага канца, запаліла папараць побач з вогнішчам, а тая, пыхнуўшы, перакінула агонь на старую траву. Сэм хуценька затаптаў рэшткі вогнішча, раскідаў вугольле й паклаў дзернавіну на ямку. Тады падпоўз да Фрода.
– Ці чулі вы сьвіст і сьвіст у адказ? – спытаў ён. – Колькі хвілінаў таму. Спадзяюся, гэна толькі птушка, але ж гучыць неадпаведна. Хутчэй, нехта прыпадабняўся да птушкі, так мяркую. Баюся, вогнішча маё задыміла, такая рэч. Калі цяпер з таго бяда выйдзе, аніколі сабе не дарую. Мо й шанцу мне ня будзе – дараваць альбо не.
– Ш-ш! – прашаптаў Фрода. – Падаецца, галасы.
Хобіты хутка сабралі заплечнікі й насунулі на сябе, гатовыя ўцякаць, ды запаўзьлі глыбей у гушчар папараці. Там замерлі, прыслухоўваючыся.
Галасы гучалі ўжо выразна. Ціхія, прыглушаныя, але не здалёку, і набліжаліся. Раптам нехта загаварыў зусім побач:
– Тут! Вось адкуль ішоў дым! Яно недзе побач. У папараці, безумоўна. Мы яго як труса ў пастку загонім. Тады й высьветлім, што за пачвара.
– Так, і што ёй вядома таксама, – дадаў другі голас.
I адразу чатыры чалавекі пайшлі праз папараць з розных бакоў. Паколькі ані ўцякаць, ані хавацца сэнсу не было, Сэм і Фрода ўскочылі, стаўшы сьпіна да сьпіны й выцягнуўшы корды.
Калі яны зьдзівіліся з таго, што пабачылі, дык паляўнічыя на іх зьдзівіліся нашмат болей. Чатыры высокія чалавекі стаялі побач. Два трымалі ў руках дзіды з шырокімі зыркімі лёзамі. Два мелі вялізныя, амаль у чалавечы рост, лукі й вялізныя ж сагайдакі, поўныя доўгіх зеленапёрых стрэлаў. Ва ўсіх на пасах віселі мечы, усе былі апранутыя ў бурае й зялёнае розных адценьняў, каб лепей прабірацца нябачнымі праз зарасьці Ітыльёну. Зялёныя пальчаткі прыкрывалі іхнія рукі, а твары хаваліся за зялёнымі каптурамі й маскамі, так што адтуль толькі бліскалі вочы, надта пранізьлівыя. Фрода адразу падумаў пра Бараміра, бо гэтыя людзі надта нагадвалі яго рысамі твараў і постацямі дый манераю гаворкі.
– Мы знайшлі ня тое, што шукалі, – вымавіў адзін. – Але што ж мы знайшлі?
– Гэта ня оркі, – другі адпусьціў цаўё меча, за якое быў схапіўся, убачыўшы бляск Джала ў Фродавай руцэ.
– Эльфы? – засумняваўся трэці.
– Не, ня эльфы, – адгукнуўся чацьверты, самы высокі, які падаваўся правадыром астатніх. – Эльфы нашымі днямі болей не зьяўляюцца ў Ітыльёне. Да таго ж эльфы надта прыгожыя з выгляду, як кажуць.
– Гэна значыць, мы ня надта прыглянуліся, я так разумею, – пакпіў Сэм. – Дзякуй вам вялікі. А калі вы ўжо скончылі нас абмяркоўваць, мо скажаце, хто вы такія й чаму не даяце двум стомленым падарожнікам адпачыць.
Высокі чалавек нядобра засьмяяўся.
– Я – Фарамір, гетман Гондару, – давёў ён. – А ў гэтай зямлі не бывае простых падарожнікаў – толькі тыя, што служаць альбо Белай вежы, альбо Цёмнай.
– Мы ані тыя, ані другія, – запярэчыў Фрода. – І мы менавіта падарожнікі, што ні казаў бы гетман Фарамір.
– Тады не марудзьце й абвесьціце нам мэты свайго падарожжа й свае імёны, – загадаў Фарамір. – Бо ў нас наперадзе праца, і зараз ня той час і ня тое месца, каб размаўляць загадкамі й марнасловіць. Хутчэй! Дзе ваш трэці?
– Трэці?
– Так, сьлізкі малюк, які шнарыў па азярцы троху ніжэй адсюль. Ня надта нам спадабаўся ягоны выгляд. Напэўна, ён зь нейкай выведніцкай пароды оркаў ці пачвара накшталт іх. Ён высьлізнуў ад нас нейкімі хітрыкамі.
– Я ня ведаю, дзе ён, – адказаў Фрода. – Ён толькі выпадковы спадарожнік нашае вандроўкі, я не адказваю за яго. Калі напаткаеце яго, зьлітуйцеся. Прывядзіце да нас альбо скажыце яму, дзе мы. Ён няшчасная бяздольная істота, але ж я клапаціўся пра яго колькі часу. Што ж тычыцца нас, мы хобіты з Шыру, які далёка на поўнач і на захад адсюль, за мноствам рэк і гор. Я – Фрода, сын Дрога, а з мною Сэмвайз, сын Хамфаста, годны хобіт, які паслугоўвае мне. Мы прайшлі доўгі шлях з Долага Яру, ці зь Імладрысу, як некаторыя называюць гэты край.
Тут Фарамір варухнуўся й відавочна насьцярожыўся.
– Сем спадарожнікаў было з намі. Аднаго мы страцілі ў Морыі, іншых пакінулі на Парт Галене над Рэрасам: двох з майго племені, а таксама гнома, эльфа й двох людзей. Людзі тыя былі Арагорн і Барамір, які казаў, што прыйшоў зь Мінас Тырыту, з гораду на поўдні.