Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Глыкс вярнуўся ціхенька й вызірнуў з-за Сэмавага пляча. Убачыўшы Фрода, заплюшчыў вочы й бязгучна папоўз прэч. Праз момант Сэм падышоў да Глыкса. Той штосьці жаваў і нешта мармытаў пад нос. Побач на зямлі ляжалі два маленькія трусікі, на якіх Глыкс ужо кідаў прагныя позіркі.
– Сьмеяголь заўжды дапамагае, – пахваліўся Глыкс. – Прынёсс трусьсікаў, ффайныхх трусьсікаў. Але гасспадар сьсьпіць. Мо й Ссэм засьсьне? Ня ххоча трусьсікаў зараз? Сьсьмеяголь сстараецца дапамагаць, але ж ён ня можа злавіць еміну за ххвілінусс.
Сэм, аднак, быў зусім ня супраць трусікаў зараз жа й так і абвесьціў. Асабліва ён быў ня супраць добра згатаванага трусіка. Усе хобіты здольныя гатаваць. Гэтаму майстэрству яны навучаюцца яшчэ да абэцэды (да якой шмат хто й не даходзіць), а Сэм быў добрым кухарам нават на хобіцкі разьлік і, калі толькі надараўся шанец, добра гатаваў і падчас вандроўкі. З гэткай надзеяй ён нёс колькі кухарскіх прыладаў у хатулі: скрыначку з крэсівам, дзьве неглыбокія каструлькі, адну ў другой, а ў меншай – драўляную лыжку, кароткі двузубы відэлец ды колькі пожагаў, а на дне заплечніка ў пляскатай драўлянай скрынцы хаваўся найвялікшы (і такі паменшалы) скарб – соль. Але ж патрабаваўся агонь і яшчэ сёе-тое. Сэм паразважаў крыху, вымаючы нож, чысьцячы й вострачы аб камень, дый прыняўся скубці трусікаў. Не, соннага Фрода ён самотным не пакіне ані на хвіліну.
– Гэй, Глыксе, – вымавіў ён. – У мяне шчэ ёсьць для цябе праца. Схадзі напоўні гэтыя рондалі вадою й прынясі сюды.
– Сьсьмеяголь прынясьсе ваду, таксс, – адгукнуўся той. – А навошшта хобіттсу ўсься тая вада? Ён напіўсься, ён памыўсься!
– Ну, не твая справа. Калі не здагадаўся, дык неўзабаве дазнаесься. I чым хутчэй прынясеш ваду, тым хутчэй дазнаесься. I каструлі мае не пашкодзь, а то я цябе ў фарш пакрышу.
Калі Глыкс сышоў, Сэм зірнуў на Фрода яшчэ раз. Той па-ранейшаму спакойна спаў але зараз Сэма ўразіла больш за ўсё схуднеласьць твару й рук.
– Нейкі ён занадта тонкі й гонкі, – прамармытаў Сэм. – Няправільна для хобіта. Калі згатую зайкоў, дык і пабуджу яго.
Сэм сабраў кучу найсушэйшай папараці, папоўзаў па схіле, адшукаў сукоў ды ламачча. Упалая галіна кедру дала яму вялікі прыпас паліва. Тады выразаў дзярніну ля ўзножжа схілу, проста за зарасьцямі папараці, зрабіў неглыбокую яміну й склаў туды дровы. Спрытна ўправіўся з крэсівам і неўзабаве разьдзьмуў невялікі агеньчык, які амаль не дыміў, але струменіў духмяны водар. Сэм якраз схіліўся над вогнішчам, прыкрываючы яго й падкладваючы таўсьцейшыя паленцы, калі вярнуўся Глыкс, асьцярожна несучы каструлі й буркочучы пад нос.
Паставіў каструлі долу й раптам заўважыў, што робіць Сэм. Узьвіснуў шыпліва і, падалося, адначасова напалохаўся й раззлаваўся.
– Вохх! Шшш – не! – выгукнуў ён. – Не! Дурны хобітс, дурны, дурны, таксс! Яны мусьсяць не рабіць такога, таксс!
– Чаго такога? – зьдзівіўся Сэм.
– Рабіць гідкія чырвоныя языкісс, – вышыпеў Глыкс. – Полымясс, полымясс! Небясьсьсьпечна, таксс! Яно абпальвае, яно забівае! Яно ворагаў прывядзе, таксс, прывядзе!
– Не, думаю, не прывядзе, – адказаў Сэм. – I ня бачу, чаму яно мусіць прывесьці. Хіба ты што мокрае сунеш туды й наробіш дыму. Але ж калі прывядзе – што рабіць? Рызыкну, анічога болей не застаецца. Бо трэба ж зайкоў прапарыць.
– Прапарыць трусікаў? – заенчыў Глыкс у адчаі. – Сапсаваць цудоўнае мясца, якое няшчасны, галодны Глыкс здабыў, захаваў для цябе? Навошта? Навошта, дурны хобітс? Яны маладзенькія, яны мякенькія, файненькія. Ешш іхх, ешш!
Ён працягнуў руку да найбліжэйшага трусіка, ужо абскубанага й пакладзенага побач з вогнішчам.
– Ну, ну, – засьцярог Сэм. – Кожны па-свойму есьць. Наш хлеб табе ў глотку ня лезе, а ў маю сыры заяц не папрэцца. Калі ўжо мне трусоў аддаў, бач ты, дык я маю права й гатаваць іх, калі схачу. А я хачу. I ня трэба гэтак зерыцца на мяне. Ідзі дый злаві яшчэ што й жары як сам умееш – дзе-нідзе падалей ад маіх вачэй. Тады й полымя ня ўбачыш, і я цябе ня ўбачу, і абодва будзем шчасьлівейшыя. Я ўжо прыгледжу, каб вогнішча не дыміла, калі тое цябе супакоіць.
Глыкс адсунуўся, буркочучы, дый адпоўз у папараць. А Сэм заняўся каструлямі. Сказаў сабе: "Што хобіту патрэбна для трусікаў, дык гэта якіх зёлак ды каранёў, а асабліва бульбачкі – ужо ня кажучы пра хлеб. Зёлак, падаецца, маглі б і знайсьці тут".
– Глыксе! – пагукаў ён напаўголасу. – Трэці раз за ўсё сплочвае, як гаворыцца. Мне трэба якіх зёлак.