Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Дзень прамінуў неспакойна. Ляжалі ў густых зарасьцях верасу й адлічвалі нясьпешныя гадзіны, падчас якіх амаль нічога не мянялася. Бо знаходзіліся яшчэ пад ценем Эфэл Дуату, дый сонца засмужылася. Фрода час ад часу правальваўся ў сон, глыбокі й спакойны, ці давяраючы Глыксу, ці надта стаміўшыся, каб клапаціцца, Сэм жа заснуць не наважваўся, хіба драмаў троху насьцярожана, нават калі Глыкс відочна спаў бяз задніх ног, сапучы й уздрыгваючы ад нечага ў сваіх таемных марах. Мабыць, болей за падазронасьць Сэма пазбаўляў сну голад. Хобіт затужыў па добрай хатняй ежы, па нечым "гарачанькім з гаршэчку".
Як толькі навакольле ператварылася ў бясформавую шэрасьць у прыцемках блізкай ночы, рушылі зноў. Глыкс дазволіў крыху прайсьці па шляху. Хоць небясьпека там была большая, але ж тэпалі хутчэй. Напружвалі слых, намагаючыся пачуць пошчак капытоў альбо ног наперадзе ці ззаду. Аднак ноч мінула, і не пачулі ані вершніка, ані пешага.
Бальшак зрабілі шмат гадоў таму. Недзе вёрстаў трыццаць ад Маранану адрамантавалі, але ж далей час і зарасьці адольвалі дарогу. Майстэрства людзей мінуўшчыны яшчэ пазнавалася, бо ішоў гасьцінец надзіва проста й роўна, там і тут праразаў схілы пагоркаў ці вёў над ручаінамі па шырокім аркавым мосьце, надзвычай дужа змураваным. Усё ж паступова зьніклі ўсе сьляды працы былых каменячосаў. Толькі раз-пораз высоўваліся з кустоў аскепкі калёнаў ці стары брук прарастаў паміж травой і мохам. Дрэвы й папараць зь верасам цясьнілі дарогу й нават выбіраліся на ейную паверхню, навісалі над ёй. А бальшак сышоў у вазковую сьцягу паміж глухімі вёскамі. Але ж ня віўся й не пятляў – вёў па-ранейшаму проста й найхутчэйшым чынам.
Так крочылі ў паўночнае памежжа зямлі, якую людзі калісьці назвалі Ітыльён, – прыгожую краіну сьветлых лясоў і жвавых бурлівых струменяў на горных схілах. Ноч папрыгажэла пад зорамі й прамяністым падпоўнікам, і хобітам падалося: паветра зрабілася духмянейшым. З фырканьня й мармытаньня Глыкса адзначылі, што той таксама заўважыў водар, хоць і ня надта яму ўзрадаваўся. Зь першым сьвятлом спыніліся ля месца, дзе шлях ішоў праз доўгі схіл, глыбока ўразаючыся ў яго. Пасярэдзіне, там, дзе дарога перасякала камяністы грэбень адгор'я, праходзіў вузкі калідор з стромымі сьценамі.
Вандроўнікі ўскараскаліся на заходнюю сьцяну калідору й зірнулі навокал. Раніца распалілася ў нябёсах і паказала, што горы значна аддаліліся: адыходзяць павольнаю дугою на ўсход і амаль губляюцца ў далечыні. А на захад цягнуцца, павольна зьніжаючыся, доўгія схілы й растачаюцца недзе ў зыбкай смузе панізьзяў. Паўсюль навокал купкаваліся ляскі іглістых дрэваў: елак, хвояў, кедраў, кіпарысаў дый іншых, невядомых у Шыры, а паміж ляскамі ляжалі шырокія паляны. Паўсюль буйна расьло безьліч зёлак з салодкім водарам ды кустоў. Доўгая вандроўка ад Долага Яру прывяла хобітаў далёка на поўдзень ад роднай зямлі, але ж толькі зараз, у мясьцінах, закрытых ад подыхаў халадоў, адчулі яны сапраўдныя перамены. Тут панавала вясна. Каліўцы праціналі імхі й лішайнікі, галіны лістоўніцаў апраналіся ў зяленіва, зіхацелі маленькія красачкі сярод травы, сьпявалі птушкі. Ітыльён, забраны, недагледжаны сад Гондару, яшчэ захаваў былую міласьць і жывое буйнае хараство.
На поўдні й на захадзе Ітыльён падыходзіў да цёплай даліны ніжняга Андуйну, з усходу яго загароджваў Эфэл Дуат, не азмрачаючы, аднак, сваім ценем. З поўначы краіну засланяў Эмін Мюйл. Ітыльён адкрываўся на поўдзень для цёплага ветру й вільготнага подыху далёкага мора. Мноства магутных дрэваў расло ў Ітыльёне. Пасаджаныя ў далёкай мінуўшчыне, цяпер яны старэлі сярод бязладнага гушчару буйных сваіх нашчадкаў; непраходна й шчыльна разрасьліся тамарыск і духмяная тарпантына, алівы й лаўры. Ялавец, і мірт, і чабор гуртаваліся кустамі ці гнуткімі пругкімі сьцяблінамі ахутвалі камяні, хаваючы іх нібы пад дываном. Шалвеі мноства відаў квітнелі блакітнымі, чырвонымі ці зырка-зялёнымі краскамі, там і тут сьвежа зелянелі маяран, пятрушка й мноства іншых зёлак, ані выглядам, ані пахам не падобныя ні да чаго вядомага садаводу Сэму. Гроты й скалы ўжо аздобіліся парасткамі ядранцу ды кісьліцы. Сярод зарасьцяў ляшчыны прачнуліся ветранкі й курасьлепкі, нарцызы й мноства лілеяў ківалі паўраскрытымі бутонамі ў траве, зялёнай ды высокай сярод азёрцаў, дзе імклівыя ручаіны прыпыняліся, разьліваючыся ў прахалодных каменных келіхах па дарозе да Андуйну.
Вандроўнікі павярнуліся сьпінамі да гасьцінцу й крочылі ўніз. Прабіраліся сярод кустоў ды траваў, тонучы ў салодкіх пахах. Глыкс кашляў і перхаў нібы рыгаючы, а хобіты глыбока ўдыхалі. Сэм засьмяяўся нечакана – не ад якога жарту, а папросту ад радасьці жыцьця. Пайшлі ўздоўж струменю, які хутка бег уніз і неўзабаве прывёў іх да маленькага чыстага азярца ў неглыбокай лагчавіне. Ляжала азярцо ў зруйнаваным старажытным каменным вадатоку, ягоны вычасаны край амаль цалкам схавалі імхі ды калючы шыпшыньнік. Тут шэрагамі стаялі зграбныя касачы, лісты лотаці гайдаліся на цёмных, дробных аксамітавых хвальках. Было азярцо глыбокае й сьвежае, вада выцякала зь яго, перавальваючы праз каменны край на заходнім баку.