Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 124 125 126 127 128 129 130 131 132 ... 174
Перейти на страницу:

Глыксава галава вытыркнулася з папараці, але ж прага дапамагчы зусім не сьвяцілася на твары.

– Зьбяры-тка колькі лаўровых лістоў, крыху чабору, шалвею, пакуль вада не закіпела, – папрасіў Сэм.

– Не! – адрэзаў Глыкс. – Сьмеяголь незадаволены. Сьмеяголю не даспадобы смуродныя лісты. Ён ня есьсьць зёлак ці караньчукоў, не, кашштоўнасьсьць, толькі калі памірае з голаду ці калі надта ххворы, няшшчассны Сьсьмеяголь!

– Сьмеяголь патрапіць у кіпень, сапраўдны злы кіпень, калі ня зробіць, што просяць, – гыркнуў Сэм. – Сэм ягоную галаву ў кіпень засуне, таксс, кашштоўнасьсьць! А яшчэ я прымусіў бы яго пашукаць морквы й рэпы, і бульбачак таксама, калі б для іх быў адпаведны час. Закладаюся: тут досыць усялякага дабра расьце дзічком. А я што заўгодна аддаў бы за паўтузіна бульбачак.

– Сьмеяголь ня пойдзьдзьдзе, не, о, кашштоўнасьсьць, ня ў гэты раззз! – прашыпеў Глыкс. – Ён запалохханы, ён надта стаміўсьсься, а хобітсс нядобры, зусьсім нядобры. Сьсьмеяголь ня будзе шшукаць караньчукі, і цыбульбу, і сморкву, і бульбуччо. Шшто такое бульбуччо, га, кашштоўнасьць, шшто такое?

– Бульба, вось што такое, – патлумачыў Сэм. – Дзеду майму найвялікшая асалода, і надта добрая запраўка пустому страўніку. Але ж цяпер ты іх ня знойдзеш, так што й не шукай. Лепей будзь добранькім Сьмеяголем ды прынясі мне зёлак, і я нашмат лепей пра цябе падумаю. I болей за тое: калі прынясеш сьвежых лісточкаў і ўвогуле будзеш добра сябе паводзіць, дык я табе як-небудзь згатую бульбачкі. Насамрэч, смажаная рыба з бульбаю ад С. Гэйхада. Нябось не ўтрымаесься тады.

– Не, несс, утрымаемсься мы, таксс. Псссаваць рыбу, абпальваць рыбу, не-ссс! Дай мне рыбу зараззз, забірай сссваё бульбуччо!

– Вох, ты безнадзейны, – уздыхнуў Сэм. – Ідзі лепей пасьпі.

Урэшце ён сам адшукаў жаданае, хоць і не адыходзіў далёка, каб не выпускаць з вачэй соннага Фрода. Знайшоўшы, колькі часу сядзеў і разважаў ды даглядаў вогнішча, пакуль вада не закіпела. Дзень сьвятлеў і паветра сагрэлася, з травы й лістоў зьнікла раса. Неўзабаве парэзанае на кавалачкі трусінае мяса парылася ў каструльках побач з пучкамі зёлак. У чаканьні Сэм ледзь не заснуў. Бо варыў трусяціну амаль гадзіну, торкаючы яе раз-пораз відэльцам і каштуючы ўзвар.

Як палічыў страву гатовай, зьняў каструлі з полымя й падпоўз да Фрода. Калі стаў над Фрода, той напалову расплюшчыў вочы й прачнуўся, вынырнуў з сну – добрай, няўспомнай мары пра спакой.

– Вітаю, Сэме, – усьміхнуўся ён. – Табе не адпачываецца? Нешта ня так? Колькі часу зараз?

– Пару гадзінаў пасьля сьвітанку, – адказаў Сэм, – і недзе палова на дзявятую паводле шырскага гадзіньніка, так мяркую. Усё ў парадку. Але ж які такі парадак: ані юшкі нармалёвай, ані цыбулі, ані бульбінкі. Я вам крыху мясца згатаваў, пане Фрода, і супу да таго ж. Добра падсілкуе, насамрэч. Вы ўпрост з свайго куфля сёрбайце ці з каструлі, калі пастыне трошку. Бо я ж місаў ня ўзяў, і прыладаў аніякіх болей няма, так.

– Табе трэ было адпачыць, – пазяхнуў Фрода й пацягнуўся. – I вогнішча раскладваць у гэтых мясьцінах надта небясьпечна. Але ж я галодны. Хм, а што гэта я чую адсюль? Што гэта ты зварыў?

– Падарунак ад Сьмеяголя – парачка маладзенькіх трусікаў. Хоць, мяркую, Глыкс шкадуе, што аддаў іх мне. Да іх, на жаль, зусім анічога – хіба што зёлак крыху.

Сэм і ягоны спадар паселі сярод папараці й засёрбалі проста з каструляў, адною лыжкаю й адным відэльцам на двох. Дазволілі сабе яшчэ і па палове лембасу. Сьняданак падаўся сапраўднай бяседаю.

– Гэй, Глыксе! – паклікаў Сэм ціхенька й прысьвіснуў. – Давай сюды! Ёсьць час зьмяніць густы. Калі хочаш пакаштаваць паранага трусіка, дык у нас яшчэ засталося!

Адказу не было.

– Ну, напэўна, палез харчавацца па-свойму. Тады дакончым, што засталося, – вырашыў Сэм.

– А пасьля табе трэба паспаць, – дадаў Фрода.

– Вы толькі не зваліцеся, пакуль я носам дзёўбаю, пане Фрода. Нешта няма ў мяне пэўнасьці аніякай у Глыксе. Сьмердзяку ў ім – я маю на ўвазе благую частку ў гэнай пачвары – усё яшчэ досыць, і робіцца ўсё болей. Мяркую, аднак, мяне ён першым паспрабуе засіліць. Цяпер у вочы ня хоча зірнуць і ўвогуле зусім ён не задаволены Сэмам, вох, мая каштоўнасьсьць, зусім не задаволены.

Даелі, і Сэм выправіўся да струменю, каб вымыць посуд. Калі вымыў, то выпрастаўся, зірнуў назад, на схіл, і пабачыў: сонца паднялося з смугі, ці якогась туману, ці змрочнага ценю, што заўжды вісеў на ўсходзе, і працяла залатымі промнямі зарасьці, асьвятліўшы паляну й дрэвы вакол яе. А тады прыкмеціў танюткую вітуніцу блакітна-шэрага дыму, надта заўважную ў сонечным сьвятле, якая падымалася ад схілу дакладна над зарасьцямі папараці. З жахам Сэм зразумеў, што гэта дым ад ягонага маленькага вогнішча, якое не прыгасіў.

1 ... 124 125 126 127 128 129 130 131 132 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)