Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Тое, напэўна, Мінас Ітыль, як яго пабудаваў Ісільдар, сын Элендыля, – заўважыў Фрода. – Гэта Ісільдар адсек палец Ворага.
– Таксс. Ён мае толькі чатыры на Чорнай Руцэ, але ж яму доссыць, – здрыгануўся Глыкс. – І ён ненавідзеў горад Ісільдара.
– Ён усё ненавідзіць, – вымавіў Фрода. – Але ж што нам вежа Месяца?
– Таксс, пане, воссь шшто было й шшто ёсьць цяперака: высокая вежа, белыя дамы, мур, але цяпер ня добрыя, не прыгожанькія. Ён доўга ўжжо валодае ёю, доўга. Мессца вусьсьцішшы там цяпер. Вандроўнікі палохаюцца, пабачыўшшы вежу, паўзуць прэч, прэч ад яе ценю. Але пану давядзецца ісьсьцьці тым шшляхам. Бо там горы ніжэйшшыя й сстары бальшак падымаецца ў іх, падымаецца, пакуль не сьсягне змрочнага перавалу, і тады коціцца долу, долу, зноў – да Гаргарату, – Глыксаў голас ператварыўся ў шэпт, і ён змоўк, уздрыгнуўшы.
– Але якая нам з таго карысьць? – спытаў Сэм. – Напэўна ж Вораг ведае ўсё пра ўласныя горы, і той шлях ахоўваецца ня горш за гэты? Вежа ж тая не пустая, так?
– О не, не пусстая! – прашаптаў Глыкс. – Падаецца, шшто пустая, а насамрэч не, не! Жудасныя, ссстрашшныя пачвары жывуць там. Оркі, заўжды оркі, але й горшыя, нашмат горшыя іссстоты жывуць там. Шлях ідзе пад сьценамі, праходзіць побач з брамаю. Анічога ня можа рушыць па шляху непрыкметна для тых пачвараў. Заўважаць, бо яны – Маўклівыя Назіральнікі.
– Дык ты нам раіш, – абурыўся Сэм, – прашпацыраваць даўжэзныя дарогі на поўдзень, каб апынуцца ў гэткай самай трасцы, калі ня горшай, – і гэта пры ўмове, што мы яшчэ дабярэмся датуль.
– Не, ня таксс, – прашыпеў Глыкс. – Хобітсы мусьсяць пабачыць, зразумець. Ён не чакае нападу адтуль. Ягонае Вока шшнырыць паўсюль, але ж па некаторых мессцахх болей. Ён ня можа згледзець адначассова ўсьсё, пакуль ня можа. Бачце, ён ужо захапіў усю краіну на захад ад гор Ценю да ракі, а цяпер ужо трымае й масты. Ён мяркуе, што анішто не праб'ецца да вежы Месяца бязь бітвы на мастах і бяз мноства чоўнаў, якія схаваць цяжка й пра якія ён даведаецца.
– Падаецца, ты шмат ведаеш пра тое, што ён мяркуе й робіць, – заўважыў Сэм. – Ці ты зь ім размаўляў апошнім часам? Ці з оркамі шлындаўся?
– Нядобры хобіт, някемлівы, – Глыкс кінуў на Сэма раззлаваны позірк дый павярнуўся да Фрода. – Сьмеяголь размаўляў з оркамі, вядома ж, таксс, да таго, як напаткаў пана, і яшшчэ з мносствам, бо вандраваў далёка й доўга. Тое, шшто ён зараз кажа, шшмат хто казаў. Цяпер на Поўначы вялікая небясьсьпека яму й нам. Ён аднойчы выйдзе з Чорнай Брамы, неўзабаве ўжо. Толькі туды можа падысьсьці вялікае войска. Але ж там, на захадзе, ён не баіцца анічога, і там – Маўклівыя Назіральнікі.
– Ну дык і што? – не здаваўся Сэм. – I мы вось так упрост падыдзем, пагрукаем у брамы й спытаем, ці не памыліліся мы зь сьцежкаю ў Мордар? Ці яны занадта маўклівыя, каб адказаць? Бязглузьдзіца. З такім посьпехам паспрабуем тут, і ногі зьбіваць не спатрэбіцца.
– Не жартуй таксссс, – прашыпеў Глыкс. – Ня сьсьмешшна, Не, зусім ня сьсьмешшна. Бязглузьдзіца ўвогуле совацца ў Мордар. Але калі гасспадар кажа: "я мушшу ісьці" ці "я пайду", тады яму варта абраць які шшляхх. Але ж ён ня мусьсіць ісьсьці ў той жудасны горад, не! Вось дзе Сьмеяголь дапаможа, добры Сьмеяголь, хоць аніххто ня кажа яму навошшта. Сьмеяголь зноў дапаможа. Ён вынайшшаў. Ён ведае.
– Што ты знайшоў? – спытаў Фрода.
Глыкс апусьціўся на кукішкі, і голас ягоны зноў ператварыўся ў шэпт.
– Маленечкую сьсьцежку высока ў горы, а там лесьвіцу, вузкую лесьсьвіцу, таксс, надта вузкую, надта доўгую. Шмат ссссходаў. А тады – тунэль, змрочны тунэль, нарэсьсьце вузкая цясьніна – і сьцежка высока над галоўным перавалам. Тым шшляхам Сьмеяголь уцёк зь цемры. Але тое было шшмат, шшмат гадоў таму. Сьсьцежка магла зьнікнуць, але, можа, і не, мо й не.
– Мне гэнае зусім не даспадобы, – гнуў сваё Сэм. – Неяк ужо занадта лёгка атрымліваецца. Калі сьцежка й ёсьць, дык яе, вядома, таксама ахоўваюць. Ці яе не ахоўваюць, Глыкс?
Сказаўшы, заўважыў – ці падалося, што заўважыў, – узбліск зялёнага полымя ў Глыксавых вачох. Той прамармытаў нешта, але ж не адказаў.
– Ці ахоўваецца перавал? – спытаў Фрода строга. – Ці насамрэч ты ўцёк зь цемры, Сьмеяголь? Ці не дазволілі табе сысьці, даўшы загад? Так палічыў Арагорн, які ўпаляваў цябе на Мерцьвяковых багнах колькі гадоў таму.