Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 118 119 120 121 122 123 124 125 126 ... 229
Перейти на страницу:

Але я ў чымсь памыляўся, усё ж Шапіцька, і адмовіўшыся, штосьці рабіла. I раптам яшчэ ці не праз паўгода тэлеграма: «Фільм запускаем, ствараем групу. Музыку піша Альфрэд Шнітке». Штось закруцілася ў жаданым кірунку…

Але я слаба верыў у пэўнасьць гэтага нашага самага няпэўнага з мастацтваў, чакаў адбою. Адбою не было. Зрэдчас атрымліваў паведамленьні: здымаюць за Масквой, у старым расейскім гарадку. Iншай натуры не знайшлі. На захад ад Масквы ці ў Беларусі ўся старажытнасьць запаскуджаная сіласнымі вежамі ды сілікатнымі каробкамі. Здымалі цяжка, у цэнтральнай Расеі быў люты мароз, хтось з трупы прастудзіўся і памёр. На дзьве галоўныя ролі Ларыса запрасіла маладых, малавядомых акцёраў Барыса Плотнікава і Віктара Гасьцюхіна. (Апошні затым зрабіў пэўную кар’еру ў Беларусі, падтрымаў рэжым Лукашэнкі і быў ім аблагоджаны. А тады ён сапраўды няблага выканаў ролю Рыбака, мабыць, выявілася роднасьць натуры.)

Як фільм быў скончаны, пачаліся звычайныя для савецкага кінематографу клопаты зь яго здачай. Пільныя наглядчыкі з розных органаў згледзелі ў ім празьмернасьць хрысьціянска-рэлігійных матываў. Таму ў пэўнай меры садзейнічала музыка А.Шнітке, якога ўлады не прызнавалі. Вядома, гэта была выдатная музыка, але ж крытэрыі яе разуменьня тады былі асаблівыя. Тое, што праз 20 год зрабілася несумненнай вартасьцю, тады ўспрымалася хібам. Ларыса казала, што па праўдзе імкнулася да ўзвышанай рэлігійнасьці і нават мела намер назваць фільм «Узьнясеньне». У якасьці кампрамісу назвала «Узыходжаньне» — блізкім па сэнсе. Але ўсё ж ня тое.

Празь некалькі гадоў на Бэрлінскім кінафэстывалі фільму «Узыходжаньне» быў прысуджаны галоўны прыз — Залаты мядзьведзь. А яшчэ праз кароткі час выдатны расійскі рэжысэр Ларыса Шапіцька загінула ў аўтамабільнай катастрофе. Здымала тады фільм па аповесьці Валяньціна Распуціна «Разьвітаньне з Мацёрай», стомленая раніцай вярталася ў Маскву, кіроўца заснуў за рулём, машына сутыкнулася з сустрэчнай, і ўсе загінулі. Застаўся ўдаўцом выдатны кінарэжысэр Элем Клімаў, які пасьля зьняў праўдзівы фільм «Iдзі і глядзі» — пра беларускіх партызанаў паводле сцэнару Алеся Адамовіча.

«Узыходжаньне» — найлепшая за ўвесь дзясятак экранізацыяў маіх аповесьцяў.

Напачатку перабудовы пісьменьнікі сталі часьцей выяжджаць за мяжу — на розныя кангрэсы, канфэрэнцыі, сустрэчы, вядома ж, па запрашэньні таго боку і за ягоны кошт. Уласнага кошту звычайна мелі 30 % сутачных, што складала такую драбязу, зь якой было сорамна зайсьці дзе ў кавярню. Неяк у Нямеччыну паехала вялікая пісьменьніцкая група, сярод якой быў і Адамовіч, што мяне дужа ўсьцешыла. Пасьля доўгага карантыну ў Менску Саша пачуваўся вельмі спрыяльна за мяжой сярод маскоўскіх сяброў, заўжды быў у цэнтры ўвагі, распавядаў, дыскутаваў, жартаваў. На акадэміях ахвотна браў слова і гаварыў дужа разумна, хаця не заўжды так, як таго чакалі. Здаецца ў Кілі, выступаючы перад маладзёвай аўдыторыяй, на пытаньне, ці праўда, што ў Маскве моладзь не злоўжывае наркотыкамі, а болей чытае кніжкі, сказаў, што праблема палягае ў тым, ш т о чытае. Часам лепш не чытаць, а гуляць, скажам, у даміно, бо кніжкі ў нас пераважна створаныя мэтадам сацрэалізму, паводле замовы партыі. А на пытаньне адной фэміністкі сказаў, што ён ня можа падтрымаць ейны рух. Маўляў, учора яму распавялі, як маладая феміністка, калі ёй уступілі праход у дзьвярох, павярнулася і ляснула па шчацэ таго, хто гэта зрабіў. Бо яна за раўнапраўе, а тая ўступка — ёсьць прыніжэньне жанчыны і жаночае годнасьці. У залі ўсчаўся гвалт, фэміністкі паўскоквалі зь месцаў, кінуліся да сцэны, і мы з Адамовічам змушаны былі ратавацца праз чорны ход. Яны гналіся за намі па начной вуліцы аж да гатэлю, апынуўшыся ў якім я сказаў сябру, што болей зь ім не пайду на гэтыя шоў, бо не хачу над сабой заўчаснага лінчу.

Улетку восемдзесят трэцяга году давялося паехаць у Кёльн на пісьменьніцкі кангрэс. Дэлегацыя з Масквы была невялікая, пад старшынствам Сяргея Міхалкова: Еўтушэнка, Распуцін, Межэлайціс, я ды яшчэ нехта. Цудоўны надрэйнскі горад, які, як і шмат іншых заходненямецкіх гарадоў, за пасьляваенны час падняўся з попелу ваеннага разбурэньня, вабіў прыгажосьцю, уладкаванасьцю і, вядома ж, славутым Кёльнскім саборам, блізь якога ў гатэлі мы і жылі. Кангрэс праводзіўся ў залі гарадзкой бібліятэкі. Выступы былі даволі гарачыя — у сьвеце яшчэ не прастыла людзкое абурэньне з нагоды задушэньня «Пражскай вясны». Савецкія пісьменьнікі слаба апраўдваліся, звыкла спасылаючыся на «падкопы англа-амэрыканскага імперыялізму». Але самае яркае выступленьне належала Генрыху Бёлю, слухаць якога на плошчу перад бібліятэкай сабраўся вялізны натоўп гараджанаў. Гэты выдатны нямецкі пісьменьнік, змагар з фашызмам і бальшавіцкім таталітарызмам, праціўнік ракетна-ядзернага шаленства, скончыў сваю прамову цытатай з Шэкспіра: «Чума — на оба ваших дома», і слухачы ў залі і на плошчы наладзілі яму авацыю.

1 ... 118 119 120 121 122 123 124 125 126 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)