Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 119 120 121 122 123 124 125 126 127 ... 229
Перейти на страницу:

Пад той час я ўжо ведаў з успамінаў Бёля і ягонай аўтабіяграфіі, што мы зь ім па розныя бакі ваявалі ў Малдавіі і пад Ясамі, падобна, удзельнічалі ў адных баях. Там я, кантужаны, вярнуўся ў свой батальён, а Бёль, сімулюючы хваробу, дамогся адпраўкі ў тыл — такая была рознасьць нашых пазыцыяў у той вайне. На перапынку я падышоў да Бёля і напомніў яму пра нашу вайсковую агульнасьць. Бёль пасьмяяўся і сказаў, што калі не цяпер, дык пасьля мы зразумеем, што абодвух нас выкарысталі ў бруднай справе забойства дзеля ўлады аднолькава злачынных сілаў. Мабыць, ён меў рацыю, хаця тады я ня мог цалкам зь ім пагадзіцца. Усё ж я ў вялікай меры заставаўся саўком, у той час як нобэлеўскі ляўрэат Бёль сягаў высока і глядзеў на сьвет Божы інакш — шырака і непадлегла.

Я заўжды зь вялікай цікавасьцю чытаў тое нешматлікае зь ягонай публіцыстыкі, што паяўлялася на расейскай мове. Што ж да ягонага ўплыву на эўрапейскую сьвядомасьць, дык ён быў доўгім і неаспрэчным. Толькі пасьля ягонай сьмерці ў 1985 годзе значэньне асобы Бёля ў Эўропе пачало цьмець. Але тады на яго месца ў Нямеччыне прыйшлі ягоныя маладзейшыя аднадумцы, такія, як, напрыклад, Гюнтар Грас, што прадоўжылі гуманізм вялікага немца.

Тая мая размова зь Бёлем мела пэўны працяг.

Праз колькі месяцаў на міжнародным пісьменьніцкім кангрэсе ў Сафіі маскоўская журналістка Жэня Кацава падвяла мяне да двух немцаў. Адзін зь якіх быў мюнхенскі рэдактар часопісу, а другі ветэран мінулай вайны, пісьменьнік Гейна Кіпхард. Былы танкіст Кіпхард, аднапалчанін Бёля, таксама ваяваў у Малдавіі, вельмі магчыма, у тых жа мясьцінах, дзе і Быкаў, і цяпер прапануе разам напісаць кнігу пра сумесныя баі, але з розных пазыцыяў. Бёль дужа падтрымлівае гэтую ідэю. Тую ж ідэю горача падтрымаў і кіраўнік балгарскіх пісьменьнікаў Л. Леўчаў, які сказаў, што гатовы стварыць нам пэўныя ўмовы — даць мейсца для працы ў адным з дамоў творчасьці СП Балгарыі. Я там пагадзіўся.

Праз колькі часу мы з Кіпхардам спаткаліся зноў, на той раз у Кёльне, абмеркавалі некаторыя дэталі сумеснай працы і разьехаліся зь цьвёрдым рашэньнем на пачатку вясны паехаць у балгарскі Бургас і засесьці за працу.

Аднак не заселі. Кіпхард раптоўна памёр. За ім памёр і наш апякун Генрых Бёль.

82. Юбілей. КДБ

Між тым надышоў час юбілею, — падкаціў неўпрыкмет. Яшчэ нядаўна быў малады, «пачынаючы», а ўжо 50, паўстагодзьдзя. Уся маладосьць ззаду. Стары…

Мабыць, так ці накшталт таго разважае шмат хто ў свае 50 год. Але мяне тады болей турбавала іншае. У СП сказалі, што «есть мнение» юбілей Быкава праводзіць на двух узроўнях — рэспубліканскім і абласным. Тое мяне зусім панішчыла, нават на адзін узровень я ня меў сілы ці адвагі, а тут два разам. Але ж — сябры! Сябры прагнулі адзначыць.

Ня надта памятаю, як тое адбывалася ў Менску. Здаецца, у невялічкай залі «Мутнага вока» сабралася паўсотня пісьменьніцкіх актывістаў, з ЦК прыйшоў сакратар Кузьмін. Пра творчасьць юбіляра зрабіў паведамленьне крытык Бугаёў. Пасьля нешта блытана (п’янавата) дзякаваў я — усім сябрам і ворагам. З нагоды юбілею хацелася быць вялікадушным. Кузьмін казаў, што вось-вось павінна прыйсьці вестка пра ўзнагароджаньне, але нешта затрымліваецца ў Маскве. Ня сталі чакаць спазьнелай узнагароды, а як скончыліся выступы, пайшлі ў рэстаран, дзе разам абмылі і гіпатэтычную ўзнагароду.

У Горадні было горш. Абласное начальства, нібы ў якасьці выбачэньня за прычыненыя Быкаву ранейшыя крыўды, прызначыла ўрачыстасьць у вялікай залі палацу тэкстыльшчыкаў. Прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, інтэлігенцыі і нешматлікія сябры юбіляра. Пярэднія лаўкі заняло партыйнае кіраўніцтва вобласьці на чале з новым першым Кляцковым. На подыюм пасярод сцэны паставілі прывезенае з тэатральнага рэквізыту старамоднае, каралеўскага кшталту крэсла з высокім падсьпіньнікам і пазалочанай аздобай. Toe было самае пакутнае, што я мусіў трываць якіх пару гадзін. Я сядзеў, бы на патэльні, ледзьве слухаючы лісьлівыя выступленьні і прывітаньні і ў думках праклінаючы сябе за тое, што дажыўся да такога сораму. Тады ўжо я пэўна ведаў, што адношуся да тых людзей, якім трываць лаянку куды лягчэй, чым пахвалу. Да пахвалы не прывык і пачуваўся жахліва. Асабліва на вачох дзясяткаў знаёмых людзей, якія Бог ведае што пра мяне тады думалі.

1 ... 119 120 121 122 123 124 125 126 127 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)