Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Тады Арагорн асьцярожна паклаў руку на парастак – і вось цуд! – зусім зьлёгку чапляўся той за зямлю й пакінуў яе, не пашкодзіўшыся, і Арагорн прынёс каліва да Цытадэлі. Там ссохлае дрэва выкарчавалі, асьцярожна й беражліва, але не спалілі, а паклалі сярод цішыні Рат Дынену. Арагорн жа пасадзіў парастак ля фантану, і дрэўца неўзабаве прынялося, і на пачатку чэрвеня ўжо абсыпалі яго белыя кветкі.
– Азнака была дадзеная мне, – вымавіў Арагорн, – і дзень мой блізкі.
I выправіў аглядальнікаў на муры.
За дзень да летняга сонцавароту прыбылі вестуны ад Аман Дыну да гораду, кажучы, што едзе сьветлы народ з Поўначы й набліжаецца ўжо да муроў Пеленару. Тады кароль сказаў:
– Нарэшце яны прыйшлі! Няхай жа ўсе ў горадзе падрыхтуюцца!
I ў самы вечар сонцавароту, калі нябёсы пафарбаваліся сапфірава-блакітным і зазіхацелі на ўсходзе белыя зоркі, а захад зазалацеў і прахалоднае паветра напоўнілася сьвежым водарам, па Паўночным шляху прыбылі вершнікі да брамы Мінас Тырыту. Першымі ехалі Эльрохір і Эладан з срэбнай харугваю, тады – Гларфіндэль, Эрэстар ды мноства эльфаў Долага Яру, а за імі – панна Галадрыель і Келебарн, гаспадары Латлорыйну на белых конях, а зь імі мноства сьветлага народу іх зямлі, у шэрых корзнах зь белымі пэрламі ў валасах. Апошнім ехаў спадар Эльранд, наймагутнейшы сярод людзей і эльфаў, несучы жазло Анумінасу, а побач на шэрай кабыліцы сядзела ягоная дачка Арвэн, Вечаровая Зорка ягонага народу.
Калі Фрода пабачыў яе, зіхоткую ў сутоньні, з зоркаю на чале й салодкім водарам вакол, то сэрца ягонае варухнулася ў вялікім зьдзіўленьні, і ён сказаў Гэндальфу:
– Вох, разумею, чаму мы чакалі! Вось яно, сапраўднае сканчэньне. Цяпер ня толькі дзень стане паўнюткі хараством, але й ночы таксама, і добраславяцца яны, і ўсе начныя страхі сыдуць прэч!
Кароль павітаў гасьцей, і яны сышлі з коней. Эльранд перадаў каралю жазло й уклаў руку сваёй дачкі ў руку Арагорна, і разам прайшлі яны да Верхняга гораду, і ўсе зоры расквітнелі ў нябёсах. У дзень сонцавароту Арагорн, кароль Элесар, пашлюбаваўся з Арвэн Ундоміель у Горадзе Каралёў, і так скончыліся доўгія выпрабаваньні й чаканьні, і прызначанае споўнілася.
6. Мноства разьвітанняў
Калі дні вясельля й баляваньня скончыліся, сябры Зьвязу сабраліся дахаты. Фрода падышоў да караля, калі той сядзеў з каралеваю Арвэн ля вадаграю й падрослага заквітнелага дрэва, а каралева сьпявала песьню Валінору. Яны павіталі Фрода ўстаўшы, і Арагорн вымавіў:
– Ведаю, што хочаш сказаць: жадаеш вярнуцца дадому. Так, найдаражэйшы мой сябра, дрэва найлепей расьце ў краі, дзе гадаваліся ягоныя продкі. Хоць цябе заўжды будуць з радасьцю вітаць у любой краіне Захаду. I хоць мала ўслаўлены твой народ у паданьнях пра подзьвігі, цяпер слава ягоная будзе большай, чым у вялікіх каралеўстваў мінулага.
– Гэта праўда, я жадаю вярнуцца ў Шыр, – згадзіўся Фрода. – Але найперш хачу наведаць Долы Яр. Бо калі й не стае мне чагось у шчасьлівыя часіны тутака, дык гэта Більба; з горыччу пабачыў я, што яго няма сярод Эльрандавага почту.
– Ці ж дзіўна гэта, Ахоўнік Пярсьцёнка? – спытала Арвэн. – Бо ты ж ведаеш моц таго, што цяпер зьнішчанае. Усё зьдзейсьненае той сілаю цяпер адыходзіць прэч. Твой жа суродзіч валодаў гэтай рэччу болей за цябе. Паводле мерак вашага народу, ён у надта старых гадах і чакае цябе, бо ня выправіцца болей ані ў якія доўгія вандроўкі, апрача адной.
– Тады прашу дазволу рушыць да яго як мага хутчэй.
– Праз сем дзён выправімся ўсе разам, – прапанаваў Арагорн. – Бо мы вандравацьмем поруч з табою далёка, да самага Рохану. Праз тры дні Эямэр вернецца сюды па Тэядэна, каб забраць яго для пахаваньня на зямлі Ўкрайны, і мы паедзем туды разам зь ім, каб ушанаваць загінулага. А зараз перад табою я пацьвярджаю словы, прамоўленыя Фарамірам: назаўжды вольны ты рушыць у каралеўстве Гондар куды заўгодна, і паплечнікі твае таксама. I калі б былі якія падарункі, адпаведныя тваім подзьвігам, я даў бы іх табе. А так: бяры з сабою, што пажадаеш, і едзь у вялікай пашане, як магутны князь.
– Я дам табе падарунак, – азвалася каралева Арвэн. – Бо я – дачка Эльранда. Я не паеду зь ім да Заваняў, бо перад мною быў выбар Люціень, і я абрала, як яна, асалоду й горыч. Але замест мяне выправісься ты, Ахоўнік Пярсьцёнка, калі надыдзе твой час і калі ты пажадаеш. Калі раны твае стануць горам і памяць ношы не палегчае, тады зможаш ты сысьці на Захад, каб там загаіць раны й стому. А цяпер насі гэта на памяць пра Эльфаў Камень і Вечаровую Зорку, з чыімі лёсамі пераплёўся твой.