Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Сьмеяголь, – вымавіў ён, – я даверуся табе яшчэ раз. Падаецца, я павінен так рабіць, і мой лёс – атрымліваць дапамогу ад цябе, ад каго я меней за ўсё чакаў дапамогі. А твой лёс – дапамагаць мне, таму, каго ты столькі часу перасьледаваў зь ліхою мэтай. Дагэтуль ты спраўдзіў мой давер, трымаючы абяцаньне, і таму варты падзякі. Ты сапраўды спраўдзіў давер, – дадаў, скасіўшыся на Сэма, – бо двойчы мы былі ў тваёй уладзе й ты не пашкодзіў нам. I не спрабаваў адабраць у мяне тое, чаго калісьці шукаў. Магчыма, трэці раз ты выявіш сябе яшчэ лепшым чынам! Аднак я папярэджваю цябе, Сьмеяголь, – ты ў небясьпецы!
– Такс, таксс, гаспадар! – згадзіўся Сьмеяголь. – У жахлівай небясьпецы! Нават і костачкі Сьмеяголевы дрыжаць, калі ён згадвае гэткія жудасьці, але ён не бяжыць, ён мусіць дапамагаць добраму пану.
– Я меў на ўвазе ня тую небясьпеку, якая пагражае ўсім нам аднолькава, – вымавіў Фрода. – Я меў на ўвазе небясьпеку табе адному. Ты пакляўся на тым, што называеш каштоўнасьцю. Не забывайся! Яна прымусіць цябе стрымаць абяцаньне, але ж будзе шукаць, каб сказіць сэнс словаў і зьнішчыць цябе праз тое. Гэты сэнс ужо пакрывіўся ў тваім розуме. Хвіліну таму ты з дурасьці сам адкрыўся мне. Ты сказаў: "Вярніце яе Сьмеяголю". Не кажы так зноў! Не дазваляй гэтай думцы завалодаць табою! Ты аніколі не атрымаеш яе. Але ж прага атрымаць здрадзіць табе й загубіць цябе. Ты аніколі не атрымаеш яе. Калі ў мяне ня будзе іншага выйсьця, я насуну каштоўнасьць, а яна цалкам увязьніла цябе безьліч гадоў таму. I калі я, маючы яе на руцэ, загадаю табе, ты выканаеш загад, нават калі я скажу, каб ты скочыў з скалы ці кінуўся ў полымя. А загад мой будзе менавіта такі. Так што сьцеражыся, Сьмеяголь!
Сэм паглядаў на гаспадара з ухвалай, але ж і зь зьдзіўленьнем, бо чуў такія ноткі ў голасе, бачыў такі выраз на твары, якіх не заўважаў аніколі раней. Заўсёды лічыў, што добры спадар Фрода мяккаваты характарам і праз тую дабрыню нават відавочнага ня бачыць. Зь іншага боку, цьвёрда трымаўся меркаваньня, што пан ягоны – наймудрэйшая асоба ў сьвеце (хіба за выключэньнем старога Більба й Гэндальфа), і не зьвяртаў увагі, што адно супярэчыць другому. Глыкс, які ведаў Фрода нашмат меней, напэўна, таксама зрабіў такую памылку, зблытаўшы дабрыню зь някемлівасьцю. Так ці інакш, Фродава прамова агаломшыла й жахнула яго. Ён дрыжэў, прыціснуўшыся пузам да зямлі, дый енчыў толькі:
– Добры пан, добры пан.
Фрода цярпліва счакаў троху, а тады вымавіў ня так сувора:
– Ну, Глыкс, ці Сьмеяголь, або як ты сябе хочаш зваць, распавядзі мне пра іншы шлях і пакажы мне, калі здолееш, якая надзея ў ім, пераканай мяне, што варта адмовіцца ад відавочнага шляху. Хутчэй, бо я сьпяшаюся.
Але ж Глыкса цалкам узрушыла й зьбіла з панталыку Фродава пагроза. Аніякага яснага расповеду нельга было выцягнуць зь яго, бо ён толькі мармытаў ды енчыў і ўвесь час кідаўся на зямлю й маліў абодвух хобітаў зьлітавацца зь "няшчаснага маленькага Сьмеяголя". Аднак зь цягам часу крыху паспакайнеў, і Фрода высьветліў, кропля за кропляй, што, калі рушыш па бальшаку ўздоўж узножжаў Эфэл Дуату, сягнеш кольца змрочных дрэваў. А там направа вядзе шлях да Азгіліяту й мосту праз Андуйн, проста ж шлях цягнецца на поўдзень.
– Ідзе, ідзе, ідзе... – казаў Глыкс. – Мы аніколі той дарогай не хадзілі, але ж кажуць, што доўжыцца яна сотні міляў, пакуль не сягае Вялікай вады, якая заўжды неспакойная. Там мноства рыбы й вялізныя птушкі ядуць рыбу, цудоўныя птушкі, але мы аніколі туды не хадзілі, шкада, не было ў насс мажлівасьсьці! А далей, кажуць, яшчэ болей земляў, але Жоўтая Пыса там надта гарачая, і аблокаў амаль няма, і людзі там лютыя ды цемнатварыя. Мы не жадаем бачыць тую зямлю!
– Не, – пацьвердзіў Фрода. – Але ж не адхіляйся ад свайго шляху. Што наконт трэцяга бальшаку?
– Такс, таксс, ёсьсьць трэці гасьсьцінец. Налева ён ідзе. I адразу ўздымаецца, віецца й вядзе да высокіх ценяў. А калі заварочвае за скалу, тады й бачышш, раптам бачышш над сабою й ххочацца ссхавацца!
– Бачыш? Што бачыш?
– Сстарую, надта сстарую крэпасьсьць, надта вусьцішшную цяпер. Калі я быў малы, зусьсім малы, мы чулі звычайна расповеды з поўдня, даўно, даўно. Таксс, мы звыкліся слухаць мносства старых гісторый, седзячы на беразе Вялікай ракі, пад вербамі, калі рака была маладзейшшая такссама, глыксс, глыксс!
Глыкс заплакаў ды замармытаў. Хобіты цярпліва чакалі.
– Рассповеды з поўдня, – нарэшце працягнуў Глыкс, – пра высокіх людзей з бліскучымі вачыма, пра іхнія дамы, нібы каменныя горы, пра срэбную карону іхніх каралёў і Белае Дрэва. Цудоўныя рассповеды. Будавалі яны высачэразныя вежы, і адна зь іх была срэбна-белая, і быў у ёй камень, што месяц, а вакол – вялізманыя белыя муры. Таксс, мносства паданьняў пра вежу Месяца.