Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Калі яны выязджалі з лесу, сонца ўжо зайшло і стала халадней.
— Табе не холадна, малышка?
— Крышачку.
— Тады падсунься да мяне.
Юлька з гатоўнасцю скарысталася гэтай парадай. І паколькі Друцкі, як заўсёды, вёў машыну адной рукой, Юлька ўхапіла другую.
Калі б не гучнае вуркатанне матора, ён бы напэўна чуў ціхія, пяшчотныя словы, якімі дзяўчына абсыпала яго далонь, прытуляючы яе да вуснаў і грудзей. Калі яны ўязджалі ў пасёлак Хель, трэба было ўжо ўключыць фары.
Раздзел 19
Стакгольмскі экспрэс прыбыў на белую станцыю ў Мальмё з дзесяці-хвілінным спазненнем. Таму мытнікі спешна прагледзелі пашпарты і багаж пасажыраў, а ўжо праз пяць хвілін цягнік павольненька апусціўся ў чорнае нутро парома «Аксэль», які кожны дзень падарожнічаў паміж Швецыяй і сталіцай Даніі. Паром за адзін раз паглынуў дрыжачыя вагоны і замацоўваў іх у сваім чэраве скрыпучымі жалезнымі абцугамі. У адсеках загарэліся электрычныя лямпы.
Прафесар Караль Бруніцкі адклаў кнігу, акуляры і працёр стомленыя вочы. У гэты момант ён заўважыў, што Пятра няма і што ён застаўся адзін з сівым баварцам, які таксама падчас змены асвятлення адклаў свае нататкі і закруціў ручку.
— Мора здалёк выглядае даволі спакойным, — прамовіў баварац, хаваючы ручку ў кішэнь.
— Я быў бы рады, калі б яно засталося такім да канца, — адказаў Бруніцкі, — мой арганізм не выносіць гайданкі.
— Я таксама мучаюся ад марской хваробы, — адказаў баварац, — але мая справа вымушае часта падарожнічаць. Не заўсёды ўдаецца скараціць дарогу да такога маленькага адрэзка, як з Мальмё да Капенгагена. У жніўні я ездзіў у Нью-Ёрк і думаў, што гэта праклятая хвароба проста выверне з мяне ўсе вантробы. У мяне два сыны. Адзін з іх урач у Мюнхене, а другі інжынер у Гамбургу. Урач і інжынер! Заўважце! Я заявіў ім абодвум, што пазбаўлю іх спадчыны, калі яны не знойдуць управу на марскую хваробу.
— Не ведаю, як будзе з інжынерам, — усміхнуўся Бруніцкі, — здаецца, ужо ёсць нейкія вынаходкі, якія памяншаюць гайданне караблёў. Але што да вашага другога сына, баюся, вы будзеце вымушаныя выканаць сваю пагрозу.
— І чаго ж, тысяча чарцей, вартая ўся медыцына! — абурыўся баварац. — Не здолець справіцца з такой дробяззю, як марская хвароба!.. Дык вось вам, пачынаецца задавальненне!
Сапраўды, паром, відаць, прычаліў, таму што пачаў лёгка гайдацца. Глухое вуркатанне вінта прымусіла вокны вагона крыху дрыжаць.
— Я сам урач, — паківаў галавой Бруніцкі, — і павінен вам прызнацца, што сённяшняя медыцына ўсё яшчэ ў пялюшках. Думаю, што астраномы больш ведаюць пра сузор’і, якія знаходзяцца ад нас за мільёны светлавых гадоў, чым мы пра свой арганізм, да якога можам дакрануцца рукой.
— Чорт, і калі будуць змены?! Вам не здаецца, што гэта варта ўладзіць хоць за пару дзён перад апошнім судом?.. Я гэта самае заўсёды паўтараю майму сыну, хоць ён хірург і гаворыць, што ніякай адказнасці за медыцыну ён на сябе браць не збіраецца. Кажа: «Я выражу вам, бацька, што захочаце, і ўстаўлю, што вам падабаецца і напэўна падыдзе». Нягоднік, праўда?
Сусед ударыў сябе па каленях і нахіліўся да Бруніцкага са здзіўленнем і абурэннем.
Прафесар Бруніцкі рассмяяўся:
— Мае рацыю. Хірургія ўжо шмат можа.
— А ваш сын, — указаў баварац на пустое месца, — таксама вывучае медыцыну?
— На жаль, не. Ён студэнт Марской акадэміі.
— Адважны хлопец, — з павагай кіўнуў галавой баварац. — З яго будзе першакласны марак. Рост, пастава… Адважны хлопец. Віншую вас з сынам.
— О, дзякуй, — прыкусваючы вусны, ціха адказаў Бруніцкі.
Баварац паглядзеў на яго з-пад калматых броваў і, прымаючы яго задумлівасць за жаль, што сын не захацеў стаць урачом, сказаў:
— Даруйце, але я значна старэйшы за вас. Чаго вы, чорт пабяры, хочаце ад гэтага хлопца? У ім жыццё аж кіпіць, перад ім раскрыты ўвесь свет, а вы б хацелі яго замарынаваць у карболцы, рыцыне ці ў якіх іншых вашых паскудствах! Я дык часам люблю пабурчэць на сваіх смаркачоў, гэта праўда, але хачу вам прызнацца, што я ганаруся імі, хоць яны і не могуць нічога прыдумаць супраць марской хваробы. Але, кладучы руку на сэрца, павінен вам сказаць, што я дзякаваў бы Богу, калі б у мяне быў трэці такі, як ваш. Я не перабольшваю. Я назіраю за ім ад Стакгольма. Хлопец, як малады дуб. І які свабодны, які вясёлы, відаць, што яго аж распірае, але пры гэтым спакойны, не крыклівы, чаго я не люблю, словам, будзе з яго сапраўдны мужчына. Ён, мабыць, і выдатны спартсмен?
— Так, у яго нават ёсць нейкія рэкорды.
— Ну, бачыце! І куды вы яго адпраўляеце: у ваенны ці гандлёвы флот?