Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Добра, мая малышка, скажу табе шчыра пра ўсё, пра што спытаеш.
Юлька паглядзела яму ў вочы. Яны былі сур’ёзныя і сумныя.
— Пра ўсё?
— Табе… табе пра ўсё, — запэўніў ён і раптам зразумеў, што гэтай юнай дзяўчыне, ёй адной ва ўсім свеце мог бы расказаць усё, зразумела!.. Хацеў бы!.. Ён не змог растлумачыць сабе прычыну гэтага поўнага даверу, аднак ведаў, што ні на момант бы не завагаўся.
Юлька, аднак, думала пра штосьці іншае:
— Тады добра, — гаварыла яна хуткім шэптам, — добра. Скажыце мне, Аліцыя — ваша каханка?
Дзяўчына чакала, затаіўшы дыханне.
— Так, — коратка і цвёрда адказаў Друцкі.
— А-а-а! — з Юлькі вырваўся жаласны крык. Яна была ўпэўнена ў такім адказе, але як жа яна прагнула адваротнага!
Усё было страчана…
— Скажыце мне яшчэ… ці, ці… вельмі вы яе кахаеце?
— Ці ж я ведаю, мая малышка? — задумаўся Друцкі. — Можа, і кахаю. Па меншай меры, раней мне здавалася, што кахаю…
Юлька вырвалася з яго рук і глядзела на яго шырока адкрытымі вачыма.
— Як гэта, здавалася?
— Ну, я так думаў. Гэта вельмі складаныя рэчы…
— Дзіўныя, — сказала Юлька.
— Ёсць шмат дзіўнага, настолькі, што калі б чалавек не махнуў рукой на здзіўленне гэтым дзівосам, то сам бы стаў дзіваком.
— Але ж яна кахае!
— Відаць, так.
— А вы, вы яе так не кахаеце, так моцна не кахаеце, як яна вас?
Друцкі паціснуў плячыма і маўчаў.
Юлька закусіла вусны. У яе галаве таўкліся думкі.
Яна старалася зразумець, аж нарэшце яе прарвала:
— Гэта немагчыма! Вы ўсё ж павінны ведаць, ці кахаеце яе! Вы, напэўна, ужо не раз кахалі, у вас ёсць з чым параўнаць. Я ведаю, вы хочаце мяне аберагчы ад непрыемнасці і таму вы са мной не шчырыя!
— Панна Юлька, — спакойна адказаў Друцкі, — я абсалютна шчыры. Вы сказалі, што я не раз кахаў. Гэта няпраўда… Я заўсёды любіў і заўсёды люблю, я люблю свет, люблю тое, што ён мне дае і што я ў ім магу атрымаць. Я не ўмею прыгожа гаварыць, мая малышка. Я ведаю некалькі моў, але ўсе яны разам не маюць такіх слоў, якімі заўсёды можна было б выказаць любое пачуццё і любую думку. Я, па меншай меры, не магу знайсці гэтых слоў. Я табе кажу, што люблю жыццё, што люблю свет — у гэта я веру, бо адчуваю гэта кожным нервам. Значыць, я, можа, і любіў жанчын, якія прайшлі праз гэты мой свет, а можа, любіў толькі свет, у якім былі і яны. Не ведаю.
Друцкі падпёр рукой галаву і засмяяўся:
— Зрэшты, ці ёсць дакладная назва, якой мы акрэсліваем тое, што адчуваем? Я бачыў людзей, якія, на гадзіну спазніўшыся на абед, казалі, што паміраюць ад голаду, і таксама такіх, якія, не маючы нічога ў роце тры дні, урэшце запэўнівалі, што з задавальненнем бы што-небудзь з’елі.
— Гэта праўда, — сказала Юлька, — аднак я ведаю без усялякіх сумненняў, што вас кахаю больш за ўсё і за ўсіх на свеце… І таксама ведаю, што я не вартая вашага кахання…
— Не нясі глупства, — раззлаваўся Друцкі.
— Так, — ціха прамовіла дзяўчына.
— Малышка мая! Думаю, ты не сумняваешся, што я цябе вельмі люблю? Шмат, вельмі шмат я гатовы зрабіць для цябе. Але не трэба надта радавацца. Я недзе прачытаў вельмі разумную фразу, што сённяшні дзень — гэта павелічальнае шкло, праз якое ўсё выглядае значна большым і важнейшым, чым на самай справе. Таму мудрыя людзі даюць ацэнку розным рэчам назаўтра або праз яшчэ даўжэйшы прамежак часу.
— Можа, яно і так, але я ў гэта не хачу верыць. Я павінна быць няшчаснай.
— Вельмі неразумна! — абурыўся Друцкі.
— А калі мне добра з гэтым няшчасцем. Не смейцеся з мяне. Сапраўды, добра. Я хачу толькі аднаго, каб вы дазволілі мне сябе кахаць, каб я магла вас бачыць… Гэта ж так нямнога… Гэта ж так нямнога, праўда?
Зноў у яе вачах былі слёзы.
— Хадзі сюды, малышка, — сказаў Друцкі.
Ён пасадзіў яе на калені і гладзіў па валасах, як малое дзіця. Юлька тулілася да яго і дрыжала ўсім целам.
— Усё добра, мая маленькая дзяўчынка, — гаварыў ён, — але памятай, што найперш мы сябры, добрыя сябры.
— Так, так, — шаптала Юлька.
— Ну, а цяпер час вяртацца! — неспадзявана ўскрыкнуў Друцкі, падкінуў Юльку ледзь не на метр уверх, злавіў у паветры і паставіў на зямлю.
— Ой! — крыкнула яна і рассмяялася.
Яны сышлі з пагорка, трымаючыся за рукі.
— Цяпер гэта сапраўды наша палянка, — сказала Юлька з пытальнікам у тоне.
— Наша, наша. Твая і мая, — пацвердзіў Друцкі.
Дзяўчына яшчэ раз закінула рукі яму на шыю і пацалавала ў вусны.
Машыну на працягу паўкіламетра трэба было весці заднім ходам, таму што на вузкай дарожцы пра разварот не было і размовы.