Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Амяцежаныя тымі думкамі былі новагародцы. Аб усім гэтым ішлі адсюль, з княжага, альбо, як казалі каталікі, каралеўскага двара ўсе звесткі да насцярожана-чуйнага княжыча-манаха, але хто перадаваў іх, не маглі злавіць каралеўскія віжы, хаця моцна стараўся палацін — галоўная асоба ў палацы і намеснік князя ў судзе. Ён нават загадаў сцяць горлам* аднаго са слуг, праўда, абвінаваціў яго ў тым, што нібыта ўкраў той у Яксы сярэбраную бяліленку — сасуд для бяліл.
* Забіць.
З тым доўгім роздумам ішла дзяўчына па калідорах, па галерэі, дзе стаялі воі ў жалезных даспехах і кальчугах, якія праводзілі яе насцярожанымі позіркамі, а каля брамы аддала скураны шмат з выявай конніка, па якім варта вызначала, колькі людзей увайшло ў замак і колькі выйшла з яго. Успомнілася зноў дзяцінства — тады яна была тут не чужой, тады, падбягаючы разам з юнай сваёй цёткай да драўлянай брамы, сустракала ласкавыя позіркі маладых вояў, якія жартавалі з Апфіяй. Ды і брама была тады драўлянаю, а вежы толькі пачыналі будавацца, і вялікі князь жыў у крыле, якое дабудоўвалася проста на вачах. Так, замак за гэтыя гады стаў ужо суровым, непрыветным, непадступным, але гараджане ганарыліся ім, і месца на пасадзе ля замка стала каштаваць невымерна дорага, бо кожны імяніты баярын прагнуў быць бліжэй да ўлады, да велічы і славы.
Яна доўга стаяла, ледзь адышоўшы ад брамы, і глядзела на замкавыя цвержы*. Няўдалая размова з Міндоўгам толькі абвастрыла цяжар на душы.
* Вартавыя вежы.
Будучае існуе, яно зазірае нам у вочы, а мы бяссільна адводзім позіркі, каб не бачыць яго — мы, малыя дзеці ў вялізным свеце, якія спалохана туляцца да сценкі свайго гняздзечка…
Асенні вецер закружыў над ёю, сыпануў счарнелае лісце пад ногі, дажджавымі кроплямі, як венікам, ударыў па твары. Замак, такі любімы з дзяцінства, зараз зачыняўся для яе, і на весну яна назаўжды — так, ужо назаўжды — з'едзе з Новагародка — горада, выпакутаванага ў марах там, на далёкіх дарогах.
Доўга, як везучы па замеценых дарогах цяжкія сані, не праходзіла ў тым годзе зіма.
Новагародак віраваў чуткамі — Даўмонт збег у Пскоў, не вытрымаўшы ганьбы і баючыся Міндоўга. Таўцівіл і Транята пасылалі паслоў — не тое каб ушчуваць новагародскага князя, але папярэдзіць аб небяспецы. Не лічылася ў язычнікаў ганьбай выкрасці чужую жонку — наадварот, захапляліся б жамойцкі і літоўскі князь смеласцю магутнага караля, калі б не ягонае вяртанне да хрысціянства. Хрышчоны ж Полацак ставіўся да паездкі ў Рым таксама непрыязна, да таго ж захопніцтва чужой жонкі выглядала там іначай, чымся на новаахрышчаных землях. Адным словам, усюды былі непярэліўкі. Але Міндоўг рабіў выгляд, што не зразумеў папярэджання, і паступова ўсе замоўклі. Спадзяваўся гаспадар Новагародскай зямлі, што, як бывала не раз, вынесе яго лёс і што ўлада прымусіць сагнуцца нязгодных. Ды і людзі, як яно павялося здаўна, сёння забываюцца на тое, што хвалявала іх учора…
Істр, які быў спеваком пры двары, не страціў гэтай пасады і пры Яксе. Наадварот — яна гарнулася да яго болей, чым да хрышчаных баяр, якія часам не маглі схаваць ад яе сваёй варожасці. Сама ахрышчаная ў сталым узросце, гэтая былая нальшчанская княгіня зрабіла адступніка-жраца сваім пастаянным прадказальнікам, і хаця Істр, ратуючыся ад магчымага гневу, не казаў ёй злавесных прыкмет, яна як здагадвалася пра іх і часам трывожна пыталася, чаму згасла свечка пры ахвярапрынашэннях ці чаму хмурны ў яго твар, калі глядзіць на пячонку ахвярнага ягняці?
Нягледзячы на тое, што Істр наадрэз адмовіўся вяртацца ў язычніцкі храм, ён паабяцаў Жывене і Святазару дабіцца дазволу на ягонае аднаўленне.
— Я пакаштаваў салодкага жыцця і ўлады, калі простая чадзь схіляецца перад табою і цалуе край адзення, — сказаў ён Жывене, не тоячы задавальнення ад залататканага карзна і шаўковай кашулі, у якія быў апрануты. — Мне тут надзвычай добра. Я не хачу пасціцца тыднямі, каб пасля пачуць нешта няпэўнае і часта незразумелае. А будучае мяне не цікавіць — абы пражыць дзень, напоўнены жаночымі ўцехамі і ласкай уладаркі!
— Самая вялікая ўлада — улада духу, — ціха нагадала яму Жывена.
Але Істр не пагадзіўся:
— Ты чыстая і прыгожая, але схіляешся перада мною, спеваком пры каралеве. Ты моцна нечым прагневала Міндоўга, ён не хоча бачыць цябе тут, таму я паспрабую праз каралеву ўгаварыць яго. Храм ваш будзе адноўлены, але ж ты сама бачыш — хрысціянства пашыраецца.