Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
У той жа вечар, адшукаўшы хату на самай ускраіне Новагародка, дзе жылі Відэвут і ягоная маці, стукалася Жывена ў старэнькія дзверы, абабітыя звярынай скурай.
…Лучына ў простым жалезным заціску… Драўлянае ложа ля сцяны, ля якога стаіць жанчына з пітвом. Сівыя валасы выбіваюцца з-пад лямцавай шапачкі, твар з цёмнымі кругамі вакол вачэй. І ён — Відэвут…
Высокі лоб стаў, здаецца, яшчэ большым, вузкія вочы робяцца агромністымі, калі ён пазнае дзяўчыну, бяскроўныя вусны не могуць вымавіць ніводнага слова, бо сцінае іх горкая, невыносная думка. І ён падае назад, на футра, і спрабуе адвярнуцца да сцяны, але цела не слухаецца яго — гэтае гнуткае, імклівае, паслухмянае цела не падуладнае яму, усё яшчэ такому маладому і, здавалася б, поўнаму сіл! А маці глядзіць чамусьці варожа, і словы ейныя поўныя горычы, якою, мабыць, поўняцца грудзі сына:
— Каб не ты… Мой сын быў бы з іншаю. Але Войшалк адпомсціў Відэвуту за тое, што ён пасмеў у цябе закахацца.
— Адкуль ён даведаўся?
— Гэты княжыч ведае ўсё. Паганае семя!
…Вось яно, родавае пакаранне, калі адказваеш не за сябе… Дарагі, блізкі, як брат, Відэвут ляжыць скарчанелай ад пакут гурбай і не хоча, баіцца зірнуць на яе! Не, ён хацеў бы, але ратуе яе ад шкадавання, ад некалі амаль выхапленага ейнага абяцання, ён мяжою абводзіць сваё скалечанае жыццё, не пускаючы ў яго нікога, а найперш — яе.
Яна спатыкнулася на тым, што вырвалася супраць волі — «Брат…» Чаму нешта ў ёй не сказала — «любы»? Чаму — «брат?»
— Гэта не так, маці.
— Я не маці табе. Ты скруціла галаву майму сыну. З-за цябе бурыў храм Войшалк. Адзінае, што ты зрабіла добрага, — знайшла майго Брутэна там, у Нямеччыне. Але ўсё роўна твая чорная сіла знішчыла і яго. Ён памёр, памёр, а гэты — гэты скалечаны!
— Маці, замаўчы! — закрычаў Відэвут.
Але яна не слухала яго. Мармытала, як ахопленая шаленствам, нібы на яе ўссеўся Лядашчык:
— Брутэн памёр добра — знішчаючы тэўтонаў. Я памятаю — яны звалілі Патолса, Патрымпса і Пяркунса. Усіх багоў звалілі яны і, знёсшы ў кучу, падпалілі. І рагаталі, гледзячы на полымя. Мы, мабыць, мала маліліся сваім багам. Мы не абаранілі іх, а яны — нас.
Жанчына расчырванелася, упалыя шчокі яе палалі, вусны ліхаманкава прагаворвалі словы, як выплёўвалі іх.
Жывена разумела — яе трэба сцішыць. Разгайданая гневам душа можа сарвацца, як дзверы зрывае з петляў моцная навальніца.
Яна загаварыла, спрабуючы ўгаварыць старую, пераламаць той выбух, які наспяваў.
Але ейныя словы патаналі ў бураломным, нястрымным гневе.
— Лепей бы Відэвут таксама памёр!
— Хіба не радасць, што ён — жывы?! Хіба жыццё — не найвялікшы дар?
Не, позна, позна! Якія звужаныя, нібы ў рысі, гатовай да скачка, гэтыя старэчыя вочы, такія ясныя і такія бязлітасныя!
— Ты думаеш, што гэты дар мне патрэбны? Мне, маці, якая пабачыла свайго згубленага сына, каб назаўтра страціць яго зноў?!
— Застаўся Відэвут.
— Для мяне ён ужо не апора. Хто падтрымае мяне?
— Я падтрымаю. Я змагу.
— Ты славянка. І хаця мы прыйшлі да вас па помач, мяне тут напаткала тое ж няшчасце, што і на радзіме. Дык дзе мне хавацца ад бедаў? І не хачу, не хачу я, каб ты, славянка, даўшы мне столькі гора, цяпер дапамагала мне.
— Свет дзеліцца не на немцаў, прусаў альбо славян, а на тых, хто служыць Святлу альбо Цемры. Не давай сваёй душы быць схопленай у цянёты Зла…
— Я буду цяпер пытацца ў сваіх багоў і не слухаць цябе, якая прыносіць няшчасці…
Цемра павялічылася ў хаце, задушліва заклубілася вакол іх, гаркотай мазнуўшы па вуснах.
Відэвут маўчаў, хаваў вочы. Жывена з болем бачыла, што ясны і чысты іхні бляск затуманены няшчасцем. Дух яго пацьмянеў, як апаў. І няздольны ён быў цяпер на тое, каб узняцца.
Колькі разоў марыла яна аб гэтай сустрэчы, але ніколі не ўяўляла яе такой…
— Я прайшла столькі дарог, нібыта паўстала з дна марскога… Але ж ты ніколі не бачыла мора, маці. Можа, тады зразумела б, што чалавечае жыццё гэта ўсяго толькі маленькая трэска, і ўсе мы памром…
Гайдалася ў беднай хаце хісткае святло, пераломваліся на сцяне цені. Як топячыся ў палонцы, хапала дзяўчына хрумсткія ільдзіны-краёчкі, а пальцы саслізгвалі, і яна зноў акуналася ў халоднае зеўра непаразумення. Было адчуванне, што яна ніколі не выберацца на паверхню. О, якія бездапаможныя словы! Нібы на каменне падаюць яны!
Толькі позна ўночы, як бы пераламаўшы супраціўленне Відэвута і ягонай маці, здолела Жывена адчуць сябе па-ранейшаму жаданай і дарагой. Але наадрэз адмовіўся Відэвут ад таго, што прапанавала Жывена. А прапанавала яна — сябе. Каб стаць жонкай Відэвуту. Тою, хто не пакіне яго ніколі.