Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 121 122 123 124 125 126 127 128 129 ... 140
Перейти на страницу:

І кароль то загараўся, перастаўляючы, як у варцобах, фігуркі туды-сюды, то астываў і днямі гойсаў па ваколіцах, палюючы на зуброў і кабаноў.

Непралазныя, магутныя лясы амаль ушчыльную падступалі да Новагародка. Забраўшыся на цвержу, любіў уладар княства доўга аглядаць агромністую прастору, што гублялася ў лілова-лазуровай смузе, зліваючыся з небам.

Гэтая вежа — таўшчынёй у тры метры, складзеная з бутавага каменю і бітай цэглы, замацаванай рошчынай, ужо атрымала ў народзе назву Шчытоўкі. Яна і сапраўды выглядала на шчыт, які захіляў грудзі Новагародка — звужаная зверху, нібыта сягала ў вышыню, лунала над наваколлем. Нізкімі і малымі перад ёю, ужо і цяпер маўкліва-непрыступнай, злавеснай, выглядалі масіўныя дубовыя сцены вакол замчышча. Але драўляныя збудаванні — гэта пакуль. Пасля, можа, ужо і ягонымі сынамі, дабудуецца тое, што задумаў ён, Міндоўг — яшчэ тры вежы: адна ва ўсходнім кутку, другая, з брамай, насупраць Шчытоўкі, а трэцяя — насупраць рамеснага пасада. Мудрэц-муралей гаворыць, што трэба было б пабудаваць яшчэ адну вежу — там, на ўсходнім схіле, дзе струменяцца крыніцы, каб пры асадзе не змаглі ворагі пазбавіць замак вады. Магчыма, так і станецца. А сцены абавязкова стануць мураванымі, хаця б дзеля гэтага і прыйшлося звесці сюды, у стольны горад, усё каменне з княства. Але хапае таго камення, магутныя валуны, як застыглыя волаты, часта сустракаюцца нават пры дарогах. Паданні кажуць пра вялетаў-волатаў, што жылі тут нашмат раней за сённяшніх жыхароў княства і ўмелі многае, што дасюль неспасцігальна для слабога чалавечага розуму. Думаў вялікі князь пра тых, што будуць тут хадзіць і смяяцца праз многія вякі пасля яго. Ці ўспомняць хаця словам? Можа, забудуць яго, але ж тое, што будуецца зараз, застанецца для нашчадкаў, і не можа быць, каб прапала ўсё, што з такімі неймавернымі высілкамі творыцца сёння…

Гудзеў у байніцах вецер, пругка тоўхаючыся ў грудзі, калі Міндоўг выглядаў з вузкага акна і ўзіраўся ў мураваныя дамы пасада, саламяныя стрэхі селішчаў вакол стольнага горада. Кожная хата — дым, і кожны дым прыносіць штогод у княжую казну сярэбраныя грыўны, куны і мыслі — вавёрак па-літоўску. А на іх можна заказваць зброю, поўніць княжую — ён паправіў сам сябе ў думках на «каралеўскую» — казну. У Новагародка ўжо шмат багаццяў. Болей, чым было, калі ён упершыню прыйшоў сюды са сваімі выгнаннікамі-баярамі, нават не прыйшоў, а прыбег, каб уратавацца ад родзічаў-ваўкоў. Што ж — ён аказаўся найлюцейшым, многія гады то варагаваў з імі, то затойваўся, то рабіўся саюзнікам. І здавалася, не будзе яму зносу — так лёгка неслі па далёкіх і блізкіх дарогах ногі, так моцна трымалі меч, дзіду ці кінжал рукі. А вось жанчыны… Заўсёды любіў іх, але не надта пускаў у сваё мужчынскае жыццё. Кахаў, але пасля, адарыўшы, забываўся на многіх і многіх. Як забыўся на маці сваёй дачкі… Затое цяпер, пад старасць, як прыліп да маладой яшчэ, салодкай, як позняя сакавітая груша, Яксы. І сам не чакаў ад сябе такой пажадлівасці, таму, стоячы ў ранішнія гадзіны ля байніц, пытаўся сам у сябе, ці не старэе ён сапраўды, ці не час аддаваць княства сынам? І рашуча адказваў сам сабе: «Не!»

Часта, на адзіноце, як узнесены на галавакружную вышыню над наваколлем, уяўляў Міндоўг і сваю непрызнаную дачку. Параўноўваў з ёю сыноў. Бадай што толькі Войшалка можна параўнаць з ёю па ўпартасці і сіле духу. Двое ж малодшых, дзеці Марты, былі абодва нейкімі вялымі, распешчанымі. Абодва любілі раскошу і ўжо касавурыліся адзін на аднаго, прадчуваючы непазбежнае саперніцтва. Малодшы, Рэпенья, быў дужа зацятым, не саступаў брату ні ў чым, і калі той настойваў на сваім, бег скардзіцца да бацькі, як спачатку бегаў да маці. Міндоўг шкадаваў, што не змог пераламаць дачку, прымусіць яе згадзіцца на шлюб, які б спатрэбіўся яму ў вечнай, нястомнай барацьбе за ўладу. Яна магла б быць яму памочніцай, ды па сваёй ахвоце выбрала іншае. І гэта трывожыла караля. Не мог ён паверыць, што можна адрынуць уладу, таму і не давяраў да канца Жывене. Недзе заставалася макавінка перасцярогі.

Улада! Якое ж гэта бурліва-радаснае, гарачае пачуццё, калі нізка схіляюцца перад табою сотні і тысячы людзей і ў вачах іх рабская пакора і захапленне кожным словам уладара. Гнаны і слабы, ты нікому не патрэбны, тваё слова тоне ў варожым маўчанні навакольных, але варта толькі ўзысці на прыступкі трона, як цябе нібы ахутвае залатое воблака, усё цудоўна мяняецца. Людзей, якія апантана служаць любой уладзе, абы толькі быць пры ёй, больш чым трэба, яны штурхаюць адзін аднаго і лісліва лезуць і лезуць пад твой позірк…

1 ... 121 122 123 124 125 126 127 128 129 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)