Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Затаіўся, захлынуўшыся вялікай, страшнай злосцю, Даўмонт, а пасля дайшлі чуткі да Новагародка, што, баючыся Міндоўга і таго, што той апярэдзіць яго ў забойстве, некуды знік муж Яксы, збег са свайго стольнага горада. Помніў ён, што зрабіў у свой час Міндоўг з Вішымунтам, былым мужам Марты.
Тады апошні раз бачылася Жывена з уладаром Новагародскай зямлі. Прыйшла да яго нязваная, ледзь не сілком прымусіўшы Яўлампію дапрасіцца сустрэчы. Міндоўг сустрэў яе непрыветна. Адчужанасць была ў ягоным хмурным позірку. Моўчкі глядзеў, як схілілася яна ў нізкім паклоне.
— У мяне хутка ваенная рада, — папярэдзіў гучна. — Дык кажы хутчэй, што табе трэба, унучка Агапія?
Яна, бадай упершыню за ўвесь час, зірнула на яго ўмольна і прашаптала:
— Адпраў адсюль сястру каралевы, і як хутчэй.
Тады стукнуў па стале Міндоўг з такой сілай, што ажно ўгнулася пад ягоным кулаком дубовая дошка:
— Юр цябе разбяры, ты што, вялікаму князю хочаш загадваць?
Ды дзяўчына не спалохалася, смела ўзняла галаву:
— Калі загінеш ты, могуць загінуць і храмы язычніцкія. А значыць, і мая гэта справа. Жрацы Перуновыя не ўсё табе гавораць. Усе гаданні гавораць аб жахлівым, што чакае цябе і ўсю тваю сям'ю. Змяя, якую прынеслі да ахвярнага слупа, здранцвела і ляжыць, як драўляная. А на тваім медальёне — знаку вярхоўнай улады — адпаяўся меч у конніка, залатых спраў майстру ўжо зроблены заказ выправіць тое, але, ледзь узяўся чалавек за справу, як цяжка захварэў і вярнуў медальён. Хочаш упэўніцца, загадай, каб прынеслі яго з тваёй казны.
Міндоўг як працяў яе позіркам. Крыкнуў на ўсю вежу:
— Гэй, варта!
Затупацелі боты, загрукаталі дзіды. Уварвалася варта.
Ён не спускаў з яе вачэй. Але яна глядзела на яго без страху. Тады загадаў ён прынесці свой вярхоўны знак. Калі ж убачыў, што на выяве конніка з узнятым мячом сапраўды адламаўся кавалак залатой напайкі, раптоўна палагоднеў. Сеў, задумаўся. Пасля сказаў упарта, але нешта жалобнае прагучала ў голасе:
— Калі не магу ўзяць жаданае, які я вялікі князь?
Памаўчаў, працяжна загаварыў, як узважваючы нешта:
— Даўно яна мяне запалоніла. Яшчэ з каранацыі. Ішоў тады паўз яе, і ўся радасць ад той каранацыі прапала. Бо вось і каралём стаў — а не магу ўзяць гэтую жанчыну! Марта побач ішла, дык нібыта нешта адчула, як пракалола мяне позіркам. Яшчэ тады хацеў захапіць Яксу, але ж атруцілі б яе тут, чарадзействам бы звялі са свету.
— А цяпер таго не баішся, кароль?
— Цяпер не баюся, бо жыццё ўніз коціцца, і калі не цяпер, дык ніколі.
Насмешліва-змучана зірнуў на дачку:
- І не хачу нічыіх парад, нават тваіх, мудрая дзяўчына. Хай табе дадуць багі такія хвіліны, якія я маю з Яксай! Зразумела?
Жывена выйшла ад яго засмучаная. Паспела заўважыць, як адскочыў ад дзвярэй нехта — мабыць, нейчы віж. Што ж, некалі вось так віжавала пад дзвярыма Міндоўга цётка Апфія, што памерла так раптоўна і такою маладою.
І нібыта вярнуўся час. А можа, ледзь адчувальны водар чагосьці знаёмага нагадаў ёй дзяцінства. Здаецца, то быў пах палыновай вады, якой мылі падлогу ў замку па першым часе Міндоўгавага жыцця на Новагародскім стале. Па-свойму пахлі і свежыя дубовыя дошкі, якія тут клалі, калі пабудавалі гэтую вежу. Цяпер дошкі пацямнелі, заільсніліся, а тады… Успомнілася, як па гэтым жа калідоры тупала ўслед за хутканогай Апфіяй, а тая залівалася смехам, бесперапынку сакочучы, поўная маладой, дзёрзкай сілы. Як даўно тое было!
Войшалк быў тады таксама малады, неўтаймаваны, шалёны. Кажуць, ён цяпер зусім іншы — гадзінамі моліцца, як просты інак, а пасля да паўночы перапісвае кнігі. Нібыта не сочыць за дзяржаўнымі справамі, цалкам заняты царкоўнымі… Але Жывена памятала ліхаманкавы бляск вачэй, калі гаварыў пра новагародскі стол, і не верыла таму спакою. Доўга, о як доўга чакаў Войшалк свае пары. Дачакаўся быў, але зноў перахітрыў яго бацька. Як рыцары на паядынку, сыходзіліся яны не раз і, як аглушыўшы адзін аднаго альбо і балюча ўдарыўшы, зноў разыходзіліся.
«Але, — думала Жывена, асцярожна ступаючы па вузкіх прыступках крутых замкавых лесвіц, дзе высока ўверсе трапяталі па сценах убітыя ў жалезныя зажымы смалякі, ужо з цяжкасцю знаходзячы дарогу да заходняй вежы з гэтага велічэзнага замка, — ідзе час, і, можа, прыйдзе Войшалкавы».
Яна раздумвала над тым, як непрыкметна перацяклі адзін у адзін месяцы, гады. Падрос старэйшы, Рукля, і таксама прымерваўся да вялікага Новагародскага стала. Са з'яўленнем Яксы зноў зашалясцелі па баярскіх ды пасольскіх дварах спрэчкі — а што, калі зацяжарыць ад Міндоўга сястра Марты? І ці дасць папа дазвол на шлюб з жанчынай, якая аказалася такой жаданай для караля? А без шлюбу ўсе, каго яна народзіць, будуць лічыцца крапіўнікамі, байструкамі. Аднак старыя людзі казалі, што і незаконныя дзеці не раз усчыналі смуту ў княствах, таму не чакалі нічога добрага ад захаплення вялікага князя, як па-ранейшаму называлі яго праваслаўныя…