Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Пракурорка [Журнальный вариант, be]
Пракурорка [Журнальный вариант, be] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пракурорка [Журнальный вариант, be]

Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:

Аповесць «Пракурока» («Prokurator Alicja Horn») напісана ў 1932 годзе і прысвечана бліскучаму сталічнаму жыццю міжваеннай Варшавы.
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 179
Перейти на страницу:

— Дык вось, нос нашага карыта трапіў у адну з падводных скал, якіх, чорт ведае чаму, там хапае, хоць усё ўзбярэжжа плоскае, як блюда. Карыта ўтульна ўселася сабе на пясок і не хацела рухацца. Нас было чатырнаццаць, і хоць кожны набіў сабе, дарэчы, добрага гуза, мы зразумелі, што чакаць на дне няма чаго…

— Відаць, ужо час вяртацца, — перарвала Аліцыя.

— І як жа вы ратаваліся? — пыталася Юлька, з задавальненнем канстатуючы, што пан Янэк не заўважыў, проста не заўважыў каментарыя Аліцыі.

— Ну, паднялі люк. А калі чалавек лёгка адштурхнецца ад палубы, то вылятае ўверх, як корак…

— Аж на паверхню мора?

— Калі б так, мая малышка! Выскоквае як мінімум на дзесяць футаў над паверхняй, быццам выстралены з гарматы. Дык вось, дно ў гэтым брыдкім заліве страшна глеістае, першая частка дарогі нагадвае сапраўдны суп, а потым ужо нічога не бачна, пакуль чалавек жыватом не ўпадзе на паверхню. Найгорш тое, што ў выніку розніцы ціску ледзь не траціш прытомнасць, калі душа ўвогуле не адлятае прама ў неба. Мы ўсе выскачылі, але не ўсім удалося…

— Вяртаемся, — рэзка перарвала Аліцыя, — скажыце мне, калі ласка, колькі часу?

— Што? — нібы апрытомнеў Друцкі. — Ага, дзесяць дваццаць.

— Ну, ужо час вяртацца. Як вы думаеце, мне пасля ўчарашняга не пашкодзіць плаванне?

Друцкі быў перакананы, што не, і прапанаваў Аліцыі сваю кампанію. Юлька заўважыла, што яго абразіла навязаная змена тэмы і што Аліцыя зрабіла гэта дэманстратыўна, бо ў самой на руцэ быў гадзіннік.

Таму, калі яны вярнуліся ў «Гадзіву», Юлька ў рэкордным тэмпе пераапранулася, дзякуючы чаму зноў выйграла некалькі хвілін сам-насам з панам Янкам.

— Я так рада, — сказала дзяўчына, — што сёння шторм.

— І мне падабаецца.

— О, я думаю пра другую палову дня… Пакатаемся на машыне, праўда, пан Янэк?

— Пакатаемся. Паедзем сёння аж на край Тухольскіх бароў[39]. Там, падаецца, вельмі прыгожа.

— Так, і ніхто не будзе перашкаджаць мне вас слухаць!

Друцкі кашлянуў і нічога не сказаў.

— Я не разумею Алю, — гаварыла нібыта сабе Юлька, — яна сёння так сябе паводзіла, нібыта… Чаму яна такая чэрствая?.. Яна выглядала так, быццам…

На лесвіцы загучалі крокі Аліцыі, і Юлька змоўкла.

Дзьмуў моцны паўночна-заходні вецер, расхінаючы іх купальныя халаты. На пляжы было яшчэ няшмат людзей. Мора грукатала. На ўсёй прасторы як кінуць вокам яно было нібы ўзаранае, у агромністых барознах, з пенай на грэбнях хваль, здавалася гнеўным, панурым, узбунтаваным.

Нягледзячы на гэта, Аліцыя вырашыла паспрабаваць плаваць, і яны з Друцкім даволі значна аддаліліся ад берага. Юлька, лежачы на пяску, то губляла іх з поля зроку, то знаходзіла сінюю шапачку Аліцыі і бронзавыя плечы пана Янка.

— Добры дзень, пані, — пачула дзяўчына за сабой голас доктара Лазіньскага. — Як жа справы ў вашай сястры?

— Дзякуй вам, вы маеце на ўвазе маю кузіну, якую ўчора ратавалі?

— Ах, гэта кузіна? Ну канечне, вы ж непадобныя адна да адной. Якая прыгожая жанчына!

— Вельмі прыемна, — пакрыўдзілася Юлька.

Доктар засмяяўся.

— Я гэтым хацеў сказаць, што вы належыце да розных тыпаў. Дык дзе ж ваша кузіна?

Юлька неахвотна носікам указала на мора.

— Я бачу, што страціў вашу ласку, — уздыхнуў доктар.

— Можна страціць толькі тое, што мелі, — адказала дзяўчына.

— А якім чынам яе можна займець?

— Трэба пастарацца.

— Думаю, вы памыляецеся. У мяне ёсць прыяцель, надзвычай прыстойны хлопец. Мы працуем у адной бальніцы. Ён на галаве стаяў, стараючыся заслужыць ласку адной жанчыны, якую кахае, як вар’ят. Са скуры лез — і нічога. Я не раз яму казаў: «Уладэк, супакойся ты!» А ён усё ўздыхаў, аднак, што было прадказальна, яму далі ад варот паварот. Так, шаноўная, старанні нічога не далі. Трэба, каб шанцавала.

— Вы, доктар, лічыце, — запыталася Юлька, — што наадварот, ніякія старанні не дапамогуць?

— Як гэта, наадварот?

— Ну, напрыклад, якая-небудзь жанчына хацела б выклікаць пачуцці ў мужчыны.

Юлька, гаворачы гэта, зачырванелася аж да бялкоў вачэй.

Доктар Лазіньскі ўсміхнуўся.

— Здагадваюся, што вы не пра сябе гаворыце.

— Вы брыдкі, — крыкнула дзяўчына, але тут жа дадала: — Я думаю якраз пра сябе і пра вас.

— Калі так, то ўсё ўжо ў парадку.

— Не, — зморшчыла яна носік, — гэта надта хутка. Я люблю адчуванне няпэўнасці.

— Згодны і на гэта. У мяне ў запасе столькі няпэўнасці! Адна большая за другую.

Жартаўлівы настрой доктара развесяліў і Юльку. Калі Аліцыя і Друцкі вярнуліся на бераг, яны засталі іх у гуморы.

Пасля абеду Юлька заявіла, што яна адступіць ад свайго распарадку дня і не застанецца ў сваім пакоі дзеля гадзіннай сіесты. Ёй хацелася прадоўжыць прагулку з панам Янкам, і як толькі яна ўпэўнілася, што Аліцыя згодная, то адразу пачала прыспешваць пана Янка.

вернуться

39

Тухольскія бары — буйны лясны масіў, цяпер нацыянальны парк, у раёне горада Тухоля на поўначы Польшчы ў міжрэччы Брды і Вды.

1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)