Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Але што сталася з Менцяззю?
— Калі палілі багоў і раскладвалі вогнішчы пад свяшчэннымі камянямі і сценамі храма, каб пасля паліваць іх халоднай вадой, у адну ноч прапала возера. Дый тое сказаць, цэлае войска новагародскае тапталася тут, ачапіўшы храм. Галасілі людзі, спрабавалі камянямі закідаць гвалтаўнікоў. Але пасля таго, як забілі шасцярых, адхлынуў натоўп. Ды і як можа просты чалавек змагацца з уладай?
Жывена адчула — Святазар нечага не дагаворвае. У словах ягоных было яшчэ нешта патаемнае, што тычылася яе, Жывены. І яна запыталася, злавіўшы яго погляд і стараючыся не ўпусціць яго:
— Дзе Відэвут?
Святазар усё ж адвёў позірк.
— Сам я ведаю, што няшчасці даюцца нам як выпрабаванні. Але табе, мая дзяўчынка, яны даюцца занадта часта…
— Ён памёр?!
— Не, ён жывы. Але пасля разбурэння храма Войшалк забраў яго ў войска. Там, падчас нападу татар на Новагародак, атрымаў ён раненне. Страла ўпілася яму ў чрэслы, і адняліся ў хлопца ногі і правая палова цела. Я спрабаваў яго вылечыць, але змог толькі прыпыніць разбурэнне цела. Цяжка гэта было. Душа ягоная як звяла пасля твайго знікнення. А калі плача душа, не можа чалавек ні сам лячыць, ні слухацца лекара.
— А дзе астатнія?
— Звяздар Вакула пайшоў у Храм Конскай Стаянкі. Ён хаця і не такі вялікі, як наш, але Войшалк да яго наўрад ці хутка дабярэцца. Істр стаў служыць пры двары каралевы Марты, гадае ёй па зорках і на вадзе, але патаемна. Усё ж яна мае пры двары рыцараў з Нямеччыны, яны не пацерпяць, каб каралеўская сям'я адкрыта спачувала нам, язычнікам. Істр спявае ёй балады, чытае кнігі. Цяпер жа, на шчасце, зноў на троне Міндоўг. Яшчэ перад тым, як вярнуўся ён з Рыма, прыйшлі ў Новагародак нямецкія рэйтары, і каралева прыняла іх прыязна, а Войшалк вярнуўся ў свой манастыр у Лаўрышаве.
— Яшчэ не прайшло і тыдня пасля вяртання Міндоўга, а ты ўсё ведаеш, Настаўнік. Як жа ты апынуўся тут адзін, без дапамогі?
— Багі далі мне знак, што тут чакае мяне радасць. І я пайшоў. Праўда, калі губляў прытомнасць, яшчэ паспеў падумаць, што, мабыць, зноў памыліўся я, зноў няправільна зразумеў іх знакі. Ажно не — прыехала ты, і, магчыма, дазволіць табе Міндоўг аднавіць наш храм.
Жывена спахмурнела. Коратка паведаміла яна Святазару аб размове ў Рыме.
— Міндоўг мне нічым і ніколі больш не дапаможа, — дадала ў канцы.
— Ніколі не кажы: «ніколі», — прашаптаў ён. — Жыццё людское настолькі зменлівае і непрадказальнае, што ўчарашні вораг можа стаць сябрам, і наадварот.
— Але куды падзецца нам, Настаўнік? — запыталася Жывена. — Фурман чакае мяне, і я прапаную ехаць абаім у Новагародак. — Якое-ніякое, але жытло там ёсць. Усё ж жонка дзедава не адмовілася ўзяць да сябе падчас маёй паездкі Святазара…
Яна запнулася.
— Так, я назвала свайго хлопчыка тваім імем, — пацвердзіла яна нявыказанае пытанне ў ягоных вачах. — І ты пабачыш: ён нават знешне падобны да цябе.
— Але там, дзе знайшлося месца аднаму Святазару, магчыма, не хопіць другому, — ціха прашаптаў стары жрэц.
Аднак ён з радасцю паклыпаў да фурманкі, і Жывена яшчэ раз пабачыла, што робіць з душою, а пасля і з нямоглым целам светлая вестка — Святазар трымаўся на нагах, толькі не мог сам ускараскацца на воз.
Яўлампія прыняла нечаканага госця не надта ахвотна, але ўсё ж неяк пагадзілася з яго прысутнасцю. Цяпер, калі Міндоўг зноўку сеў на Новагародскі стол, нібы акрыялі язычніцкія храмы. Стары храм Перуна, што месціўся пад замкам, праводзіў набажэнствы амаль кожны дзень, і зноў пацяклі ў яго таемныя сховішчы многія багацці, бо новагародскія купцы і нават баяры, стараючыся задобрыць караля, пасылалі туды сваіх слуг з дарамі. Бывала, што пад ноч і самі хадзілі туды, на што святары ўсіх храмаў — каталіцкіх і праваслаўных, што звычайна сапернічалі паміж сабой, аб'ядноўваліся ў страсных казанях супраць упартага, невыкараняльнага язычніцтва.
Міндоўг звычайна слухаў іх паблажліва, бывала, што і ўшчуваў каго з баяр. Аднак не было ў яго той сапраўднай гарачай непрыязнасці да старых багоў, якая ажно кіпела ў Войшалку. Таму і іншаземныя паслы не надта дакаралі караля за тое, ды ўсё ж у сваіх данясеннях усяляк падкрэслівалі, што хаця папа двойчы дараваў гэтаму неўтаймоўнаму каралю ягонае адступніцтва, невядома, ці не паспрабуе ён зноў ашукваць Рым. Верыць гэтаму каралю нельга… Невядома, куды панясе Міндоўга яго незыходная любоў да язычніцкіх багоў і ўсё яшчэ цесная сувязь з родзічамі — паганскімі князямі, з якімі ён то варагаваў, то, запрашаючы іх у Новагародак, прымаў як іншаземных уладароў — з пашанай і вялікім гонарам.