Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 150
Перейти на страницу:

А калі Арагорн паўстаў, усе замёрлі, прыціхшы, бо падалося, што пабачылі яго ўперш. Высокі, як каралі даўніны, ён узвышаўся над усімі, хто стаяў побач. Падаваўся старым зямнымі гадамі, але ў самым росквіце мужнасьці. Адвага ляжала на ягоным чале, сіла й ацаленьне жылі ў руках, і сьвятло зіхацела над ім. I Фарамір выклікнуў:

– Жыве кароль!

I ў гэты момант затрубілі ўсе трубы й горны, і крочыў наперад кароль Элесар, падышоў да бар'еру, і Хурын Ахоўнік Ключоў прыбраў перашкоду, і пад музыку арфаў, віёлаў ды флейтаў, пад чыстыя сьпевы прайшоў кароль засыпанымі квеценьню вуліцамі, і сягнуў Цытадэлі, і крочыў у яе. Сьцяг з Дрэвам і Зорамі залунаў на найвышэйшай вежы, і так пачалося праўленьне караля Элесара, пра якое распавядаецца ў мностве песьняў.

У часы ягоныя горад стаў найпрыгажэйшым, чым калі, прыгажэйшым нават, чым у дні першай сваёй славы, напоўніўся дрэвамі й вадаграямі, брамы ягоныя выкавалі зь міфрылю й сталі, вуліцы забрукавалі белым мармурам. У горадзе працаваў горны народ, і народ лесу з радасьцю наведваў яго, усё загаілася й выправілася, і будынкі напоўніліся жанчынамі й мужчынамі, і дзіцячым сьмехам, і ані сьляпога вакна не засталося, ані пустога двара, і пасьля сканчэньня Трэцяй эпохі сусьвету, у новым часе горад захаваў памяць і славу мінуўшчыны.

Днямі пасьля каранацыі кароль чыніў правасудзьдзе з свайго стальца ў Каралеўскай залі дый абвяшчаў выракі. Зьявіліся пасольствы ад шматлікіх народаў і земляў, ад Усходу й Поўдня, ад памежжаў Ліхалесься, з Дунлянду на захадзе. Кароль дараваў усходнікам, якія падпарадкаваліся яму дый адпусьціў дахаты вольнымі, замірыўся зь людзьмі Хараду. Вызваліў рабоў Мордару й аддаў ім у валоданьне землі вакол возера Нурнен. Шмат хто паўстаў перад каралём, каб атрымаць ушанаваньне ды ўзнагароду за адвагу. Апошнім жа на суд выклікалі ачольцу Варты Бэрэганда. I кароль прамовіў:

– Бэрэганд, твой меч праліў кроў у сьвятым месцы, ты зьдзейсьніў забароненае. Пакінуў пост без дазволу намесьніка альбо ачольцы. За тое здаўна пакараньнем – сьмерць. I вось я абвяшчаю вырак: твая віна даруецца за адвагу ў бітве й яшчэ болей за тое, што цябе вяла любоў да гаспадара Фараміра. Аднак ты мусіш пакінуць Варту Цытадэлі й сысьці прэч з гораду Мінас Тырыту.

Зьбялеў Бэрэганд, бо ў самае сэрца працяла яго, і апусьціў галаву. Але ж кароль дадаў:

– Так і мусіць адбыцца, бо ты прызначаны ў Белую харугву, ахову Фараміра, князя Ітыльёну, яе гетманам будзеш ды жыцьмеш у Эмін Арнене ў пашане й спакоі, служачы таму, дзеля чыйго жыцьця рызыкаваў усім.

Тады Бэрэганд, уразумеўшы каралеўскую ласку й справядлівасьць, задаволіўся і, схіліўшы калена, пацалаваў каралю руку дый сышоў у радасьці й спакоі. А Арагорн аддаў Фараміру Ітыльён у княжаньне й запрасіў яго жыць на пагор'і Эмін Арнен, адкуль відаць Мінас Тырыт.

– Бо, – патлумачыў кароль, – Мінас Моргул у Моргульскай даліне належыць зруйнаваць цалкам, і хоць, мажліва, з часам тое месца ачысьціцца, аніводны чалавек ня здолее жыць там цягам доўгіх гадоў.

А апошнім з усіх Арагорн павітаў Эямэра Роханскага. Яны абняліся, і Арагорн вымавіў:

– Паміж намі ня будзе гаворкі пра дарункі й сплаты ці пра ўзнагароду, бо мы браты. Шчасьлівай парою прымчаў Эёрл з Поўначы, і аніколі зьвяз людзкіх плямёнаў ня быў добраславёнейшым, бо аніколі плямёны нашы ня здраджвалі адно другому і аніколі ня здрадзяць. Цяпер, як ведаеш, Тэядэн Славуты ляжыць у скляпеньні на Рат Дынене, і там, калі пажадаеш, назаўжды застанецца сярод каралёў Гондару. Альбо, калі схочаш, мы прыедзем у Рохан і прывязем яго, каб спачыў ён сярод свайго народу.

I адказаў Эямэр:

– З дня, калі паўстаў ты перад мною зь зялёнай травы пагор'я, палюбіў я цябе, і любоў тая ня згіне. Але цяпер мушу выправіцца да свайго каралеўства, дзе шмат чаго трэба ацаліць і выправіць. Што ж тычыцца Загінулага, калі падрыхтуем усё, то вернемся па яго, а пакуль няхай спачывае спакойна.

А Эявін сказала Фараміру:

– Цяпер мушу вярнуцца да сваёй зямлі, і зірнуць на яе зноў, і дапамагчы брату ў ягонай працы. Калі пакладзем мы на вечны сон таго, каго я любіла як бацьку, я вярнуся.

Так міналі сьвяточныя дні. Восьмага траўня вершнікі Рохану скончылі зборы й выправіліся на Поўнач, а зь імі ад'ехалі й сыны Эльранда. Уздоўж шляху стоўпіліся людзі, ад брамы гораду да Пеленару, каб ухваліць дый ушанаваць іх. Тады тыя, што прыйшлі з далёкіх закрайнаў, вярнуліся дахаты, несучы з сабою радасьць, а ў горадзе шмат працоўных рук узяліся адстройваць і аднаўляць, гоячы шнары вайны й памяць цемры.

Хобіты яшчэ заставаліся ў Мінас Тырыце зь Ляголасам і Гімлі, бо Арагорн хацеў, каб Зьвяз пакуль не разыходзіўся.

1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)