Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
У рыгве цясьніны ад гары да гары Ўладар Мордару ўзьвёў мур. У ім зеўрала адзіная жалезная брама, над ёю па сьцяне няспынна крочылі вартаўнікі. А горы паабапал былі сьпярэшчаныя скляпеньнямі й дзіркамі. Там хавалася войска оркаў, гатовых на загад, бы чорныя мурашкі, кінуцца вонкі на вайну. Аніхто ня мог прабрацца паміж Ікламі Мордару, не адчуўшы, як кусаюць яны, – хіба толькі на заклік самога Саўрона альбо ведаючы таемныя словы, што адчынялі Маранан, Чорную Браму ягонай зямлі.
Хобіты ў адчаі пазіралі на вежы й муры. Нават з далечыні яны бачылі ў цьмяным сьвятле рухі чорных вартавых на сьцяне й вартаўнікоў перад брамай. Сябры выглядвалі з-за краю камяністай лагчавіны пад доўгім ценем паўночных адгор'яў Эфэл Дуату. Напрамкі, крумкачовым лётам, было ня болей за пару гоняў ад іхняга сховішча да вяршыні найбліжэйшай вежы. Лёгкі дымок віўся там, быццам тлелі нетры гары.
Надышоў дзень, і руда-жоўтае сонца зірнула на зьнежывелыя храбціны Эрэд Літуі. Раптам завылі медныя рогі, загулі з вартавых вежаў, адгукнуліся з далёкіх схаваных умацаваньняў і замчышчаў, і здаля, з глыбокай даліны, адбіліся моцныя, злавесныя, магутныя рогі й барабаны Барад-дуру. Яшчэ адзін жудасны дзень вусьцішы й зьнясільвальнай працы прыйшоў у Мордар. Начную варту паклікалі назад да яе скляпеньняў і пячораў, і дзённая варта, ліхавокая, лютая, шыхтавала да сваіх пастоў. На муры цьмяна бліскала сталь.
– Ну, дабраліся, – вымавіў Сэм. – Вось яна, брама, і падаецца мне, што далей нам – аніяк. Дзед мой тут ляпнуў бы слоўка-другое, калі б толькі мяне пабачыў. Часьцяком паўтараў: да благога дайду, калі не пасьцерагуся, і вось бач ты! Цяперачка, вядома, наўрад ці я калі шчэ старога пабачу. Ня буркне ён мне: "Казаў я табе, Сэме!" I да таго добра дадаў бы. I дадаваў бы, пакуль дыханьня хапіла б, каб толькі я пабачыў яго зноў. Адылі для таго давялося б вымыцца як сьлед, бо ён мяне не пазнаў бы... Мяркую, зараз і сэнсу няма пытацца, куды нам далей? Далей няма куды – вядома, калі не папрасіць оркаў правесьці.
– Не, не! – занепакоіўся Глыкс. – Бескарысссна. Далей нам нельга. Сьмеяголь менавіта так і казаў. Казаў: сягнем брамы, а там пабачым. Воссь і бачым, таксс. Бачым, мая кашштоўнасьсьць! Сьмеяголь ведаў, што хобітсы тут ня пройдуць. Таксс, Сьмеяголь ведаў.
– Тады якой халеры ты нас сюды прывёў? – бухнуў Сэм у раздражненьні, не падумаўшы.
– Бо пан зззагадаў. Пан каззаў: прывядзі насс да брамы. Добры Сьмеяголь прывёў. Пан ссказаў так, мудры пан.
– Так, я сказаў, – пацьвердзіў Фрода.
На ягоным твары быў адчай, але й рашучасьць. Фрода, хоць увесь у брудзе, схуднелы й абдрапаны, зьнясілены стомай, болей не хаваўся, і вочы ягоныя зьзялі ясна й пранізьліва.
– Я сказаў так, бо хачу патрапіць у Мордар і ня ведаю іншага шляху. Таму я пайду гэтым. I не прашу анікога ісьці з мною.
– Не, добры гаспадар, не! – залямантаваў Глыкс у адчаі, хапаючы Фрода за ногі, за вопратку. – Ня йдзіце гэтым шляхам! Бескарысна! Не аддавайцьце кашштоўнасьсьць яму! Ён усіх насс жжарэ, жжарэ ўвесьсь сьсьвет! Трымайце яе, добры пан, стаўцесься добра да Сьмеяголя! Не дазваляйце яму ссхапіць яе! Ці вяртайцесься, вяртайцесься да добрых мессцаў, дый вярніце яе маленькаму Сьмеяголю. Таксс, таксс, ссспадару, вярніце, га? Сьмеяголь захавае яе, Сьмеяголь абароніць яе, зробіць шшмат, шшмат добрага, ассабліва хобітссам. Няхай хобітссы ідуць дахаты. Ня йдзіце да брамы!
– Мне загадана йсьці ў Мордар, і я пайду туды, – вымавіў Фрода. – Калі існуе толькі адзіны шлях туды, я рушу па ім. Чаму наканавана здарыцца на тым шляху – тое й здарыцца.
Сэм не сказаў анічога. Позірку на Фродаў твар было дастаткова. Словы тут нічога не зьмянілі б. Урэшце, ён ад самага пачатку гэтай авантуры аніякай надзеі ня меў, аднак і адчаю не паддаваўся, жыў як жывецца й радаваўся, пакуль мог. А зараз сягнулі канцоўкі – горкай і жудаснай. Але ж ён не пакідаў спадара ўвесь шлях, дзеля таго й дабраўся дасюль, каб быць поруч, і ўжо не пакіне яго. Гаспадар ня пойдзе ў Мордар адзін. Сэм пойдзе разам. Адно добра: хоць ад Глыкса пазбавяцца.
Глыкс, аднак, зусім не хацеў, каб ад яго пазбаўляліся. Ён упаў наўколенцы ля Фродавых ног, ламаючы рукі й выючы.
– Толькі не туды, гаспадару, толькі не туды! Ёсьсьць іншы шшлях, таксс, іншшы! Зусім не такі, змрачнейшшы, цяжэйшшы, непрыкметны, сакрэтнейшшы! Сьмеяголь ведае яго. Дазвольце Сьмеяголю паказаць яго вам!