Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Іншы шлях? – спытаў Фрода з сумневам, гледзячы на Глыкса пранізьліва й запытальна.
– Такс! Насамрэч, таксс! Быў іншшы шшляхх. Сьмеяголь знайшшоў яго. Пойдзем зірнем – мо ён яшшчэ ісснуе!
– Ты раней не казаў пра яго.
– Не. Бо гасспадар не пытаўся. Гаспадар ня кажа, шшто хоча рабіць. Ня кажа небараку Сьмеяголю. Загадаў яму прывесьсьці да брамы, а тады хацеў разьвітацца зь Сьмеяголем, таксс. Сьмеяголь зараз мог бегчы прэч ды радавацца. А восьсь спадар кажа: я пайду тут у Мордар. Сьмеяголь надта напалохаўсься, надта. Ён ня хоча страціць такога добрага пана. I ён жа абяцаў, пан прымусіў яго абяцаць, ахоўваць кашштоўнасьсьць. Але пан прынясьсе яе прама яму, проста ў ягоную чорную руку, калі пойдзе гэтым шляхам. Таму Сьмеяголь мусьсіць выратаваць іх абодвух і ўзгадвае на іншы шлях. Быў калісьці іншы шлях, даўным-даўна, Сьмеяголь яго ведае. Дапаможа добраму пану. Сьмеяголь вельмі добры, заўжды дапамагае.
Сэм нахмурыўся. Калі б позірк насамрэч сьвідраваў, дык, напэўна, працяў бы Глыкса наскрозь. Сэма перапаўнялі сумнеў і падозраньні. Вонкава Глыкс падаваўся найшчыра заклапочаным тым, каб дапамагчы Фрода. Але ж Сэм, памятаючы падслуханую спрэчку, ня надта верыў, што даўно патаптаны, загнаны ўглыб Сьмеяголь перамог у ёй. Сэм палічыў, што Сьмеяголь і Глыкс (ці Сьлімак і Сьмярдзяк – як ён называў у думках палавінкі гэтай пачварнай натуры) часова памірыліся й склалі зьвяз. Бо аніводны не хацеў, каб пярсьцёнак патрапіў да Ворага, не хацеў, каб Фрода захапілі ці каб ён сыходзіў прэч. А хацелі, каб Фрода як мага болей заставаўся побач – да таго, ва ўсялякім разе, пакуль Сьмярдзяк яшчэ мае шанец накласьці лапы на сваю "кашштоўнасьсьць". Ці існуе насамрэч іншы шлях у Мордар, Сэм сумняваўся.
"I добра ж, што аніякая палова пачвары ня ведае, што спадар насамрэч плянуе, – меркаваў ён. – Калі б даведаўся, што пан Фрода жадае скончыць з ягонай каштоўнасьцю раз і назаўсёды, то бяда не забавілася б, сумневу няма. Гэтак ці йнакш, Сьмярдзяк атрымаў нейкі загад ад Ворага, і так ім напалоханы, што хутчэй выдасьць нас, чым выдасьць нам пра гэны загад. А асабліва ён не дазволіць ягонай каштоўнасьці расплавіцца. Напэўна, так яно й будзе. Спадзяюся, гаспадар здагадаецца пра тое ды ўсё асьцярожна абмяркуе. Ён жа мудры, але ж у яго сэрца мяккае – вось у чым рэч. Аніякі Гэйхад не здагадаецца, што прыйдзе яму да галавы".
Фрода не адразу адказаў Глыксу. А пакуль сумневы мкнулі праз кемлівы, але нясьпешны Сэмаў розум, ён паглядаў на змрочныя скалы Кірыт Гаргар. Яміна, у якой хаваліся, была выкапаная ў схіле невысокага пагорку над дном доўгай, падобнай да канавы даліны, што цягнулася пад скаламі. Пасярод даліны тырчэла чорная скала – падмурак заходняй вартавой вежы. У ранішнім сьвятле ўжо выразна рысаваліся бальшакі, якія сыходзіліся да Брамы Мордару, пыльныя й утаптаныя. Адзін віўся на поўнач, другі зьнікаў на ўсходзе ў туманах, што чапляліся за падэшвы Эрэд Літуі, а трэці бег проста пад хобітамі. Крута агінаючы падмуркі вежы, гэтая дарога хавалася ў вузкай лагчавіне й праходзіла зусім побач зь ямінаю. А праваруч, на захадзе, паварочвала, абягаючы падэшву гор, і тады сьпяшала на поўдзень і хавалася ў глыбокім цені заходніх схілаў Эфэл Дуату. Далёка па-за межамі зроку бальшак цягнуўся па вузкай палосцы зямлі паміж гарамі й Вялікай ракою.
Як зразумеў Фрода, роўнядзь перад брамаю запоўненая ваярамі. Падавалася, велізарныя войскі рушаць да брамы, хоць разгледзець іх было цяжкавата з-за смуродных туманоў і дыму з пустэчаў-багнаў за сьпінамі. Але ж там і тут бліскаў шалом ці канчар дзіды, і па роўнай глебе побач з гасьцінцамі скакала мноства харугваў вершнікаў. Фрода згадаў, што пабачылася яму з Аман Эн колькі дзён таму, хоць цяпер падавалася – доўгіх гадоў. А тады зразумеў, што надзея, якая на адно шалёнае, неверагоднае імгненьне варухнулася ў ягоным сэрцы, дарэмная. Рогі завылі насустрач ваярам ня ў закліку да бойкі, а вітальна. Не, ня людзі Гондару сабраліся, узьняліся, нібы помсьлівыя прывіды з даўніх магілаў, каб напасьці на Чорнага Ўладара. Але ж тое людзі іншых плямёнаў, з шырокіх прастораў Усходу зьбіраліся на заклік свайго найвялікшага гаспадара. Войскі, якія ўночы стаялі лягерам перад брамаю, раніцою рушылі, каб дадаць моцы Мордару. Зьнянацку цалкам зразумеўшы небясьпеку свайго становішча – адкрытага варожым вачам пад зыркім сьвятлом дня й гэткага блізкага да жудаснай пагрозы, – Фрода хутка насунуў пацёрты шэры каптур на галаву й зьлез долу, у яміну. Тады павярнуўся да Глыкса.