Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Месцічы зачыніліся ў хатах, а некаторыя і зусім пакінулі іх.
Пачуўшы трывожны звон і ўбачыўшы зарыва над гарадком, з горацкіх прадмесцяў Слабады і Зарэчча рушылі ў горад сяляне, – пачалі шукаць спажыву ў пустых дамах. Ад рабавання яны перакінуліся нечакана на паўстанцкі патруль – у імгненне вока разагналі яго.
Сяляне схапілі студэнта Раймунда Чарвінскага, але той пачаў тлумачыць, што паўстанцы адно хочуць вызваліць юнакоў ад рэкрутчыны, калі яны не вераць, няхай сходзяць у мястэчка і паслухаюць прамовы круля, у якога грошай вазамі грузі, і што ён абяцае зрабіць Горкі багатым і прыгожым горадам у свеце. Сяляне звязалі яго і адвялі ў турму…
П’яны мужык, ледзьве стоячы на нагах, размахнуўся даўбнёй і апусціў яе на галаву шляхціца Казіміра Пжыбалтоўскага. Забіў насмерць. А студэнтаў – Фелікса Скурына і Георгія Гіжыца збілі на горкі яблык.
Раніцай я сабраў касінераў на мясцовым майдане. Прыехаў да іх на кані. Апрануў для такога выпадку афіцэрскі мундзір. Людзі, перажыўшы начныя страхі, прыйшлі на пляц зусім не дзеля таго, каб падтрымаць нас.
Сталага веку чалавек, сівы, як лунь, калі я саскочыў з каня, падышоў да мяне, дакрануўся да мундзіра:
– Дык, значыць, Тапор – гэта ты?
– Выходзіць, што так.
– Казалі во людзі, што Тапор высокі і шырокаплечы, чорны, як смоль. А ты звычайны. Што хочаш ты нам сказаць? Чаму вы нарабілі столькі шкоды мясцовым жыхарам? Тапор то тапор, але і сякерай трэба умець махаць. На каго замахнуўся? На сваіх жа і замахнуўся…
Я зноў ускочыў на каня. Мне так было зручней звяртацца да людзей. Не памятаю, што казаў ім, што абяцаў, тлумачыў.
Яны, здавалася мне, былі безуважныя да маіх слоў. Больш таго, не жадалі мяне слухаць.
З другога боку каня стаяў праваслаўны святар.
– Святы айцец, а вы чаго тут? – звярнуўся я да яго. – І вы ў радах паўстанцаў?
– Як бачыце, я без зброі. Мая зброя – слова Божае. Таму місія ў мяне самая мірная.
– Якая? У які бок?
– Я нясу ў народ толькі слова Божае.
– Але і Божае слова можна выказаць па-рознаму. Вы ў храмах чытаеце царскія заклікі супраць паўстанцаў, а ксяндзы амаль усе падтрымліваюць наша рушанне.
– То клопат ксяндзоў, уніятаў, у нас жа іншае прызначэнне.
– Тлумачыць неадукаванаму і цёмнаму селяніну, што наша паўстанне – гэта просты мяцеж, бунт толькі польскіх паноў супраць цара.
– На тое загад зымных уладаў і воля Божая.
Святар схіліў галаву. І я ці не зразумеў, чаму ў нас усё ідзе так насуперак нашай волі.
Перад тым, як пакінуць Горкі, завітаў ў інстытут, зайшоў да дырэктара Траутфэтара. Ён не выказаў ні радасці ад сустрэчы, ні нянавісці да мяне.
– Як толькі вы ў свой час пераступілі парог майго кабінета, я зразумеў, што вы – Тапор. Сякера – па мясцоваму. Я на вашым баку, але чаму вы так бязглузда, непрыгожа і жорстка абышліся з мірнымі месцічамі? Калі ў вашай рэвалюцыі такое аблічча, то я магу стаць яе ворагам… Чаму загінулі мае студэнты?
– Выйшла ўсё не так, як мы планавалі. Мы думалі, што абыдземся без ніводнага стрэла.
– Думалі, думалі… Не думаць трэба было, таварыш Тапор, а абдумаць усё да драбніц. Пра дзеянні вашага атрада я далажу Вікенцію Канстанціну Сямёнавічу…
Я шырока акругліў акругліў вочы:
– Вы яго ведаеце?
– Як і ведаю Назімава, Мураўёва, Беклямішава… Мне ж з усімі трэба жыць і ўжывацца, але ж і ведаць, з кім мне па дарозе.
Я ўжо зусім нічога не разумеў.
– Чаму вы мне адразу тады не сказалі пра тое?
– Бо вы мне падаліся нявопытным і маладым, стракатым вертапрахам. Хацеў прапанаваць вам свой план уваходу ў Горкі. Але адчуў, што вы не пачуеце мяне… Тапор… Сякера…
Я быў разбіты і зняважаны шчырасцю дырэктара.
– Я магу ўзяць з інстытуцкіх стайняў коней і вазоў? – адно толькі што асмеліўся спытаць у яго.
– А, рабіце, што хочаце. Увесь гарадок у вашых ног… Куды цяпер?
– Пакуль улады не спахапіліся, накіруюся ў Крычаў – на дапамогу Жукоўскаму.
– І колькі ж у вас паўстанцаў?
– Дзвесце пяцьдзесят. У атрад яшчэ ўвальюцца вашыя студэнты – каля сарака чалавек, дзевяць вучняў вучылішча і восем хлопцаў з таксатарскіх класаў…
– Не густа. Яны ж зялёныя яшчэ, а вы іх пад кулі…
– У баі навучацца, спадар дырэктар.
– У баі гінуць, а не вучацца, вялікі стратэг, таварыш Тапор. Яны галовы кладуць на плаху, каб іх паадсякаў царскі Тапор.
– Жорстка так гаварыць з вашага боку.
– А ці не больш жорстка ўцягваць іх, непадрыхтаваных, у крывавую бойню? Вы пра тое думалі? Я за кожнага ў адказе, я ім – і бацька, і маці. Што мне скажуць бацькі? А я ім што скажу? Што загінулі іх дзеці дзеля вялікіх ідэалаў рэвалюцыі?