Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
На наступны дзень трэба было прыбыць на сустрэчу з такімі ж змагарамі ў Крычаў, таму інспектарская праверка засакрэчаных складоў са зброяй і правіянтам адпала сама па сабе. Едучы далей па маршруце на лёгкай концы, з думак не выходзіла размова і з Нікадзімам, і з Мілдоўскім.
Чамусці чулася музыка з аперэткі, якую ён глядзеў і слухаў разам з дочкамі Назімава ў тэатры.
Недавер у яго нараджаўся ад таго, што ўсё ж быў вайскоўцам, афіцэрам, які ведаў, што ў ваеннай справе без нестыковак ніколі не абыходзіцца.
На сустрэчу ў Крычаў спазніўся амаль на гадзіну, але яго чакалі. Прадставіўся, назваў сябе Тапаром. Сказаў колькі слоў пра сваю паездку, пра свае ўражанні ад убачанага.
Да Людвіга падышоў сярэдняга росту чалавек с абвіслымі чорнымі вусамі, у шэрай кепцы, у цёмнажоўтым плашчы. Выгляд сур’ёзны, позірк праніклівы, розумам, відаць, не абдзелены.
– Мяне завуць Вітальд Баркоўскі… Хочацца даведацца, якое мы будзем мець становішча, калі рэвалюцыя пераможа? Ці не забудуць пра нас, калі пачнуць дзяліць і зямлю, і волю, і пасады?
Людвіг, зразумеўшы яго і ўсіх астатніх, адказаў жартам:
– Панове! Мы яшчэ не забілі расейскага мядзьведзя, а вы ўжо хочаце дзяліць яго футра? Ці з гэтага пачынаюць змагары за свабоду?
Маўчанне.
– Што я магу сказаць-адказаць вам, панове-змагары? Як будуць дзяліць зямлю, пытаецеся? Рэвалюцыйны камітэт вырашыў даваць зямлю тым сялянам, якія прымуць непасрэдны ўдзел у паўстанні, без усялякага выкупу. Інакш яны не ўвальюцца ў рады змагароў. Яны ж – ударная наша сіла…
Прысутныя незадаволена загулі. Пачуўся гучны і незадаволены голас:
– Ого! Мы чуем нешта новенькае! Зямлю сялянам без выкупу? Такога ніколі не было. Не, мы на гэта не даем згоду.
– Тады і ад вас я чую таксама нешта новенькае, – прамовіў Звяждоўскі, – вельмі новенькае. А дзе ж вашыя патрыятычныя пачуцці, дзе ваш шляхецкі гонар. Вы ж сабраліся на барацьбу з царызмам і давалі слова, прысягалі нават, што не будзеце для айчыны шкадаваць крыві, а зямлю, якой мы надзелім змагара-селяніна, вы адразу пашкадавалі? Ці не сорамна вам, панове? Адумайцеся, пра што вы гаворыце! Пра іншае трэба думаць сёння – як перамагчы, як скінуць цара з яго седайла!
Шэпт і незадаволенае гудзенне пачало пакрысе аціхаць, глухнуць, а потым і зусім наступіла цішыня.
– Ну, дык як, панове? – запытаўся магілёўскі ваенны начальнік. – Перамянілі сваю думку, ці будзеце стаяць на сваім?
– Падбухторшчыкі збілі нас зпанталыку, – як усё роўна паскардзіўся Звяждоўскаму Вітальд Баркоўскі. Мы гатовыя ахвяраваць усім дзеля паўстання, нават сваім жыццём.
Селі за стол. Хто не памясціўся, прынеслі крэслы з другіх пакояў.
– Колькі чалавек можа ўліцца ў атрады касіенераў? – спытаў Людвіг.
– Мы падлічылі, і аказалася, што больш чым пятнаццаць тысячаў, таварыш Тапор! Не хапае хіба ўсім штуцэраў, абутку і адзення, але паўстанцы настроены рашуча. Зброю, кажуць, здабудзем у баі.
Людвіг нахмурыў бровы, пераводзіў позірк з аднаго паўстанца на другога: «Жартуюць? Хочуць узвесці мяне ў зман? Для чаго? Лічба не паддавалася асэнсаванню. Калі гэта так, то губерня ў нашых руках! Божа, няўжо гэта магчыма?»
……………………………………………………………
У дзверы дырэктара інстытута Траутфэтара нехта пастукаў.
– Заходзьце! – напаўголаса прамовіў гаспадар кабінета.
На парозе ўзнікла постаць маладога афіцэра. Ён прыклаў руку да брыля, выцягнуўся быццам па камандзе “зважай” перад вялікім вайсковым начальнікам, з усмешкай прамовіў:
– Здравія жалаю, таварыш дырэктар!
– Дзень добры.
– Старшы ад’ютант штаба 1-га корпуса штабс-капітан Вялічка! Мне шмат добрага пра вас казаў віленскі губернатар Уладзімір Іванавіч Назімаў, і таму, знаходзячыся ў адпачынку і наведваючы родныя мясціны, рашыў асабіста пазнаёміцца з вамі і перадаць паклон і прывітанне ад паважанага Уладзіміра Іванавіча.
Моцны поціск рук змацаваў першую сустрэчу і знаёмства.
– Назімаў сам з’ехаў у Пецярбург, а мяне вызваліў на два тыдні ад маіх ад’ютанцкіх абавязкаў.
– Вы яго ад’ютант? – падзівіўся дырэктар.
– Так. А сюды я прыехаў, так бы мовіць, інкогніта. І тут я знаходжуся як Вялічка, хаця сапраўднае імя маё – Людвіг Звяждоўскі.
– Зразумеў, – кіўнуў галавой гаспадар кабінета.
З твару госця не сыходзіла даверлівая і добразычлівая усмешка, цёплы позірк штабс-капітана і яго голас сведчылі пра тое, што чалавек мае шырокую натуру, вольна і немусова адчувае сябе ў любых абставінах, умее знаходзіць “агульную мову” з людзьмі розных чыноў і саслоўяў…